Гурт на чале са Светай Бень прадставіў свой новы альбом "Laterna Magica" двума сольнымі канцэртамі ў мінскім Палацы культуры, вядомым калісьці пад назвай "ДК Сукно". Абодва разы музыкі сабралі поўную залу.
ДК "Сукно" – для беларускіх музыкаў зала забытая. Калісьці тут раз-пораз праходзілі канцэрты. Даўным-даўно тут выступалі N.R.M. у залатым складзе, тая ж "Серебряная свадьба". Праз недахоп адпаведных канцэртных пляцовак у Мінску сёлета дырэктар гурта Аляксандр Багданаў згадаў пра гэтае месца, каб зладзіць тут двайны канцэрт з прэзентацыяй альбома "Laterna Magica". Усіх, хто дабраўся да месца прызначэння, у фае ДК сустракала расцяжка "Са святам, паважаныя сябры". Невядома, з якім менавіта святам віншавалі, але тое, што гэты вечар атрымаўся яркім і запамінальным, гэта дакладна. Важна, што прэзентацыя прыпала на вясну. На думку музыкаў, менавіта ў гэтую пару года "камунікацыя наладжваецца найлепш".
Света Бень запрасіла ўсіх у чароўны свет, які складаецца з самых розных карцінак, як "свет навокал". Свет гэты і завецца "чырвоны ліхтар" – Laterna Magica, па назве даўняга дыяпраектара. СС зладзіла цэлае тэатралізаванае шоу з пераапрананнямі ды відэаінсталяцыяй, трымаючы ўвагу гледачоў ад першай да апошняй секунды.
На канцэрце гучалі песні не толькі з "Laterna Magica" і папярэдняга альбома каманды "Сердечная мускулатура", але і зусім даўнія і новыя, нявыдадзеныя. Асаблівае захапленне ў залы выклікала песня "Школа жизни" і замалёвачка, якую можна назваць маніфестам баязлівага беларуса, што хацеў прайсці па праспекце, а яму не дазволілі. І ён заклікае: "На Плошчу, на Плошчу, довольно молчания", а потым дадае: "Впрочем, не сейчас".
"А цяпер спецыяльная песня! Ёй можна давесці да мяжы такі стан, як туга", – урачыста абвясціла Бенька, прадстаўляючы твор "Грусть до предела", што ўвайшоў у "Laterna Magica". Сумных і лірычных песняў у рэпертуары "Серебряной свадьбы" нібыта стала болей. Следам быў найпяшчотнейшы нумар "Пакетики танцуют". На франкамоўнай кампазіцыі "L’amour putain" выйшаў Ілля Чарапко ў гальштуку, прадстаўлены публіцы як "майстар цудоўнага спеву". "Яе назва перакладаецца, як "Сука-любоў" і далейшага перакладу не вымагае, бо нічога інфармацыйна новага ў куплетна-прыпеўнай частцы няма", – патлумачыла Света. Зрэшты, часам яна расказвала і зусім іншыя па настроі гісторыі, як, напрыклад, у песні "Я вам устрою" ці "Я так не люблю тебя". "Самы выдатны стан любові – да самога сябе" ды стан самашкадавання быў праілюстраваны яшчэ адной "спецыяльнай песняй" – "Я – луна".
Прадстаўляючы песню "Черная речка", Света Бень зазначыла, што прысвячае яе не толькі А. С. Пушкіну. "Яна пра тое, што можна паспрабаваць папярэдзіць сыход чалавека", – заявіла спявачка і запрасіла ўсіх ахвочых далучыцца да "вялікай сям’і", якая хорам выконвае гэтую песню. Праз хвіліну сцэна напоўнілася людзьмі, які з вялікімі імпэтам падпявалі.
На самім альбоме гэты трэк значыцца апошнім, але музыкі і не думалі заканчваць выступ. "Вы не ў Палацы Рэспублікі, так што можна паводзіцца больш разняволена і танчыць у праходах", – заявіла Света. Яе парадай скарысталіся адразу ж, а праз пару песняў на вушах стаяла ўжо ўся зала. За такую гарачую падтрымку ўсе атрымалі ад спявачкі яе фірмовае "гран мерсі" ды "Пилотаў" пры канцы.
Тэкст: Мікалай Дубавіцкі, Budzma.org
Фота: Аляксандр Ждановіч