Гурт Tanin Jazz перазапісвае свой дэбютны альбом "Feel This Time". Песні на альбоме будуць тымі ж, але, кажа лідар і вакалістка праекту Таня Гарошка, нарэшце яны здабудуць патрэбнае гучанне і новы настрой. Да таго ж, тлумачыць Таня, гэта ўжо сур’ёзная справа, за якой стаяць сур’ёзныя музыканты.
"А не проста аранжыроўкі, напісаныя Таняй на кухні, – смяецца спявачка. – Усе інструменты былі перапісаныя. Палову кампазіцый сыграў Косця Гарачы, ды і ўвогуле хлопцы пастараліся і атрымалася настолькі здорава, што захацелася гэта захаваць для гісторыі. Па-першае, у альбоме ўсё жывое. Па-другое, там гучаць такія старадаўнія інструменты як Hammond, Rhodes, Moog. Таму альбом атрымліваецца такім дзіўным і олдскульным".
Рашэнне наконт перазапісу пласцінкі музыканты "Танінага Джазу" прынялі, калі з цягам часу песні былі перааранжыраваныя і атрымалі новы настрой і новае гучанне. У перавыдадзены альбом не ўвойдуць толькі рэміксы, якія былі на першым выданні. Паслухаць альбом "Feel This Time" у новым гучанні можна будзе ўжо зусім хутка: 15-га снежня Tanin Jazz дасць канцэрт у малой зале к/з "Мінск".
Акрамя песень з пласцінкі, на канцэрце прагучаць і новыя кампазіцыі, якія ўвойдуць у другі студыйны альбом каманды. Як кажа спявачка, менавіта па гэтых творах можна будзе зразумець, што музыканты ўжо сфарміравалі лінію, якая ў будучым будзе называцца "Таніным Джазам". А песні да новага альбому Таня Гарошка плануе пісаць у сааўтарстве з Косцем Гарачым.
"Новыя песні будуць больш інтэлігентнымі, інтэлектуальнымі, мінімалістычнымі і як заўжды стыльнымі і мілымі, – раскрывае сакрэты будучага дыску Таня. – Я хачу, каб адбывалася развіццё ў нашай музыцы, як яно адбываецца зараз само сабой. Пачатак ужо пакладзены, і канцэпцыя вымалявалася".
Да запісу новага альбома музыкі прыступяць адразу пасля заканчэння працы над "Feel This Time". Перавыдадзены альбом Tanin Jazz плануе выпусціць да канца гэтага году.
Тэкст: Міра Шульц, "Еўрарадыё"
Комментарии
А фронтвумэн?
Таааак... Серьеозные музыкаааанты, - гваряат... Эт храашо! А фронтвумэн-та будет петь па-новмуу или как раньше? Хаателсь ба, чтоб па новмуу...