На днях у малой зале к/з Мінск адбылася доўгачаканая прэзентацыя дэбютнага альбома Тані Кушнер "Mannequin". У анонсе свайго канцэрту, Таня паабяцала, што нават калі пакуль у Мінску і няма падыходзячай для яе прэзентацыі залі, музыканты здолеюць стварыць патрэбную атмасферу. Так і атрымалася – Таня Кушнер сустрэла сваіх гледачоў мяккім святлом, двума вялікімі экранамі, крэсламі на сцэне і медытатыўнай музыкай напачатку імпрэзы.
Было ўсё, каб адразу настроіцца на "вечар адпачынку" і татальны рэлакс. Таня падтрымала маю здагадку.
Таня Кушнер: "Калі нехта з вас раптам засне – нічога страшнага. Такі трансавы стан вельмі супадае з тым, што мы хацелі б сёння прадставіць. Лічыце, што вы на сеансе ў псіхатэрапеўта".


Відэаінсталяцыі, якія Таня Кушнер прадставіла ў якасці дадатковых сродкаў сваёй прэзентацыі, бадай, адныя з самых лепшых і цікавых, што мне даводзілася бачыць. Сюрэалістычныя карцінкі змяняліся ўрыўкамі з кіно, прыгожымі краявідамі і казачнымі вобразамі. Прычым на абодвух экранах – рознымі! За відэа ўжо традыцыйна для тандэма "Таня Кушнер-Віталь Артыст" адказваў Саша Дутлаў.
Медытатыўныя спевы Тані, электронныя рытмы і бэк-вакал загадкавага Мацвея Сабурава разам з відэашэрагам як нельга лепш давалі магчымасць не проста расслабіцца, а нават пагрузіцца ў пэўную рэфлексію.


Пачаўшы з кампазіцый на рускай мове, Таня перайшла да сваіх англамоўных песень, якія і складаюць большасць яе дэбютнага альбома "Mannequin". Часам спявачка тлумачыла значэнне некаторых з іх:
Таня Кушнер: "Мая мама сёння таксама прысутнічае ў зале, а яна не можа да канца атрымаць асалоду ад песні, калі не разумее, пра што гаворка.Песня, якую мы зараз прадставім –"Bystander", пра тое, што некаторыя рэчы ў жыцці ніколечкі ад нас не залежаць. Bystander перакладаецца як "назіраць". Чалавек, які назірае з боку, якія рэчы з ім адбываюцца. І пра каханне, вядома".


Падчас канцэрту музыканты прадставілі дзве новыя кампазіцыі, якія ўвойдуць у другі нумарны дыск Тані Кушнер, над якім зараз ідзе праца. Як кажа сама спявачка, новы альбом музыканты думаюць зрабіць у стылі трып-хоп, а кампазіцыі, якія ўвойдуць у яго, будуць яшчэ больш павольнымі.
Таня Кушнер: "Але тыя новыя песні, якія вы зараз пачуеце, больш бадзёрыя, чым мы чакалі. Таму і з альбомам яшчэ ўсё можа быць па-другому. Першая з іх называецца "Headlights". Дарэчы, музыканты заснялі сваю рэпетыцыю на песню "Headlights" і выклалі відэа ў інтэрнэт.


На гэтым эксперыменты не скончыліся – некаторыя з кампазіцый плыты "Mannequin" Таня таксама прадставіла ў новым, незвычайным, гучанні. Напрыклад, новая версія "After The Rain" прадстала дынамічнай і нават танцавальнай.
Таня Кушнер: "Не палохайцеся, калі камусьці лірычная версія "After The Rain" падабаецца больш. Але гэта, на наш погляд, таксама вельмі прыгожая". Яшчэ адну новую кампазіцыю музыканты напісалі за некалькі дзён да канцэрту і пакуль яна носіць працоўную назву "Звёзды упали".


Ведаючы спявачку, усе, хто прыйшоў у той вечар да Тані, канешне, чакалі, што на імпрэзе адбудзецца нейкае своеасаблівае дзейства. І сапраўды, у малой залі к/з Мінск панавала не толькі музыка, але і свайго роду блізкі да гіпнозу стан, пасля якога гледачы нібыта зноўку вынырнулі на паверхню і паглядзелі на свет вачыма нованароджанага дзіцяці. Да прыкладу, са мной так адбылося падчас песні "Surprise".
На развітанне прагучала песня "Без нас". Таня падзякавала гледачам і прадставіла сваіх музыкантаў – Віталя Артыста і Мацвея Сабурава. Дарэчы, Мацвей Сабураў так разняволена і так арганічна глядзеўся на сцэне разам з Таняй, і так аддана выконваў свае партыі, што я нават прадставіла сабе будучы дуэт, які ён мог бы запісаць разам з Таняй для будучай плыткі.


"А што – усё можа быць. Скажам так, верагоднасць гэтага 50%, то бок ці так, ці не. – кажа Мацвей Сабураў. – А ўвогуле мне вельмі спадабалася, я люблю такім займацца – гэта маё хобі. І гэтым усё сказана – калі чалавеку падабаецца, то ён аддаецца гэтаму працэсу. Так заўжды ў жыцці. Калі з ахвотай і без прэтэнзій на матэрыяльныя даброты, якія прынясе гэты занятак, – тады і справа робіцца. Ды я яшчэ і чалавек такі – спакойна паглыбляюся ў рэчы, якія мяне цікавяць".


Сама ж "віноўніца свята" палічыла за лепшае пакуль застацца ў баку.
Таня Кушнер: "Я пакуль яшчэ нават не зразумела таго, што адбылося. Але ўвогуле, мне спадабалася".
Затое Віталь Артыст зразумеў, як кажуць, за дваіх – усё атрымалася!
Віталік Артіст: "Мне падаецца, што гэта поспех, які варта прызнаць і зняць капялюш. Паважаная публіка, ад вас ужо мала што залежыць – з’явіўся новы клёвы праект. Не думайце паўгады перш чым прызнаць нешта новае – тым самым вы больш кайфу атрымаеце. Адкрываем свае сэрцы і далучаемся да гэтай музыкі!Падаўжаем сваё жыццё і ўпускаем шчасце ў свой лёс!"

Са свайго боку музыканты паабяцалі не чакаць год да наступнага канцэрту.
"Гэты канцэрт дасць штуршок ва ўсіх накірунках – і новы альбом будзе, і новыя канцэрты. – працягвае Віталь Артыст – Вось, напрыклад, толькі падчас падрыхтоўкі да канцэрту Таня напісала 2 новыя песні".
Што ж, чакаем!
Тэкст: "Еўрарадыё"
Фота: Яўген Ерчак, "Еўрарадыё"