У падарунак прыхільнікам творчасці легендарнага этна-трыа і напярэдадні будучага юбілею гурта лідэр "Троіцы" Іван Кірчук выпусціў кнігу "Аўтабаны і менестрэлі", прэзентацыя якой прайшла ў мінскім рэстаране "Камяніца".
Першапачаткова гэта былі проста прыватныя нататкі, якія ён і не думаў збіраць у асобную кнігу, распавядае Кірчук. "Гэта былі запісы для сябе, якія я рабіў спачатку ў сшытках, нататніках – на ўсім, на чым было можна пісаць. Праходзіць час, многае забываецца, а многае змяняецца, ў тым ліку, і ў маім уласным светапоглядзе. Таму мне таксама было цікава зазірнуць у гэтую кнігу".
Аўтар распавёў, што ў аснову выдання ляглі запісы яго асабістых дзённікаў, сабраныя падчас паездак па розных краінах і кантынентах. "Да таго ж, – прызнаецца Кірчук, – "Троіца" наведвае такую колькасць фестываляў, што хутка назапасіцца дастаткова матэрыялаў для напісання другой часткі да гэтай кнігі. А пакуль, у "Аўтабаны і менестрэлі" увайшлі самыя цікавыя моманты, звязаныя з паездкамі на фестывалі, экспедыцыямі, сустрэчамі, набываннем інструментаў".
А каб зрабіць манеру аповеду больш цікавай, Іван Кірчук перыядычна звяртаўся да вершаванай формы, народных мудрасцей і нават казак! "Бо проста рабіць апісанне паездак і фестываляў было б сумна", – працягвае аўтар.
Назва кнігі – "Аўтабаны і менестрэлі" – не выпадковая. "У нас былі моманты, калі за два-тры дні прыходзілася пераляцець усю Еўропу – умоўна кажучы, з Босніі на Паўночнае мора, – распавядае Іван Кірчук. – Нават сёлета: за тры месяцы ў нас было восем канцэртаў. Аднак для ўдзелу ў іх мы праехалі 10000 кіламетраў. Таму мы бачылі шмат дарог: расійскіх, украінскіх, еўрапейскіх – розных".
Усё пачалося 10 гадоў таму з галандскага тура "Троіцы" – тады гурт упершыню сабраўся ў сучасным складзе. Пасля гэтага ў жыцці трыа было каля 80-ці еўрапейскіх фестываляў.
15 лістапада на канцэрце ў Мінску музыкі збіраюцца прадставіць частку сваёй унікальнай калекцыі інструментаў, а таксама сыграць песні з альбомаў розных часоў. "Толькі вось кампазіцыі з апошняга альбома "Жар-Жар" калі і прагучаць, то, хутчэй за ўсё, толькі ў акустычнай версіі, бо інакш іх будзе вельмі цяжка выканаць тэхнічна", – кажуць музыкі. "Разагрэву" на канцэрце "Троіцы" таксама не плануецца:
"Уся сцэна будзе загружаная інструментамі, так што месца на ёй знойдзецца толькі для нас траіх, – смяецца Кірчук. – Мы збіраемся паказаць і варганы з розных краін свету, і нямецкую цытру, тыбецкі чан, афрыканскія інструменты і многія іншыя, якія мы прывозілі з экспедыцый".
З выхадам кнігі аўтар спадзяецца павялічыць кола прыхільнікаў гурта "Троіца", а таксама пашырыць веды чытачоў пра этнакультуру.
Тэкст: Міра Шульц
Фота: Tarantino
"Еўрарадыё"
Комментарии
Обязательно
Обязательно куплю книгу. Кирчук писал на русском?