Гурт "Троіца" мае дамоўленасьць наконт запісу новага альбома з польскай TR-studios і гукарэжысэрам Томашам Рагулам, двойчы намінаваным на "Грэмі" за свае працы. Свой папярэдні альбом "Зімачка" этна-трыё "Троіца" запісвала якраз на гэтай студыі і засталася вельмі задаволенай вынікам.
"На самым пачатку працы Томаш зусім не разумеў, што адбываецца, бо ў нас нестандартныя інструмэнты, адсутнічае бас-гітара. Як запісваліся, дык ён доўгі час не разумеў, што з гэтага выйдзе. А як сабралася ўсё разам ды вельмі запаліўся", – кажа бубнач этна-трыё Юры Паўлоўскі. Музыкі вырашылі працягнуць працу з гэтай студыяй і цяпер займаюцца пошукам сродкаў на запіс будучага альбому. Паводле прыблізных падлікаў, уся праца над дыскам ацэньваецца ў 12 тысячаў даляраў.
Лідар этна-трыё "Троіца" Іван Кірчук кажа, што матэрыялу на новы альбом ужо сабралося. На канцэрце з нагоды 15-годзьдзя, што прайшоў у беларускай дзяржаўнай філярмоніі 23 красавіка, музыкі сыгралі тры кампазыцыі, што ўвойдуць у будучы дыск – "Брат зь сястрою", "Цар-агонь" і "Мядзьведзь". Адметнасьць новай праграмы будзе ў тым, што кампазыцыі будуць працяглыя і па часе і складаныя паводле пабудовы. "Нам стала цікава зь цягам часу з маленькіх песень рабіць фольк-опэры", – кажа Кірчук.
Тэкст: Tuzin.fm
Відэа: Яўген Шапчыц