О проекте

У краіне журавін з'явіліся новыя рок-каралі (+фота/+відэа)

 

Мінула чарговая "Рок-каранацыя": 14-я па ліку, "рэактарска-інтэрактыўная" па духу і суб’ектыўна-безальтэрнатыўная па выніках. Падчас яе "Тубсы" загаварылі па-беларуску, Вайцюшкевіч нарэшце "стрэльнуў" нумар тэлефона дзеда-Кулінковіча, а за новымі рок-каралямі таемна назіраў кіраўнік краіны.

Безвыходнае становішча "Ляпісаў", якія ў "каралеўскі" вечар з’язджалі за мяжу, прымусіла хэдлайнераў і акрабатаў распачаць цырымонію ўручэння рок-узнагарод. Дарэчы, песня "Ружовыя акуляры" з апошняга альбому гурта "Культпрасвет" стала Песняй году і перамагла (мабыць з вялікім адрывам) "Трыумф Волі" Пукста і "Афрыку" Без Білета. Праўда, публіка радасна спявала з кумірамі "Belarus Freedom", "Маніфест", "Болт", "Зорачкі", што нельга было сказаць пра "Ружовыя акуляры"…



На фота: Сяргей Міхалок

Запаветны канверт з назвай скандальна-абеларускага-нахабна-пафігістычнага "Дэбюту году" адкрыла Аксана Вечар:

Аксана Вечар: "Я думаю, што адзінае, чаго бракуе гэтым музыкам, гэта ведання беларускай мовы"...

Вельмі беларуская публіка ўзвыла: "Фу-у-у-у-у-у-у-у"…

Выратаваў хлопцаў вядучы ў афігенным капелюшы Алег Хаменка: "Яны яе любяць, але не ведаюць!"



На фота: "The Toobes"

Карацей, іншапланецяне беларускага музычнага соцыуму гурт The Toobes сціпла вымавіў ПА-БЕЛАРУСКУ: "Вельмі прыемна" і зусім не сціпла, а так па-еўрапейску, упэўнена і крута сыграў сэт з трох песень. Дарэчы, каб не дай Божа не вымавіць аніводнага рускага слова на "каралеўскай" сцэне "Рэактара", хлопцы злучылі свае песні рыфавымі мастамі, у выніку чаго атрымаўся твор складанай буйной формы кшталту АВСВА. О!


На фота: The Toobes

Намінанцыя "Традыцыя і сучаснасць" сёлета сюрпрызнула: у багатай на этна-музыку высокага гатунку Беларусі не апынулася аніводнага вартага "кароны" гурта. Таму арганізатары на чале з грамадска-культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі" палічылі "блюз-рок" – традыцыйнай музыкай беларусаў і ўручылі прыз гурту "Крама"!

Ігар Варашкевіч: "Атрымалі як заўсёды сваю старыкоўскую намінацыю пенсіённую. "Традыцыі і сучаснасць". Ну, дзякуй Богу, што нас не забываюць!"



На фота: Ігар Варашкевіч

Гурт Open Space таксама стаў безальтэрнатыўным пераможцам у намінацыі "Поп-рок праект" (па сакрэце? кажуць, адзін з арганізатараў "Рок-каранацыі" зараз займаецца гэтым гуртом, да таго ж, менавіта "Open Space" будзе прадстаўляць нашу краіну на летнім "Be2gether". Чаго толькі не пачуеш у кулуарах!).


На фота: "Open Space"

Наста Шпакоўская з гурта "Нака" атрымала сёлета тытул новай беларускай "рок-князёўны": вялікая цяжарная Наста выканала знакамітую "песню Ані Шаркуновай і J_Морс". А паэт Леанід Дранько-Майсюк старанна падрыхтаваўся да ўручэння ўзнагароды "князёўне" і прысвяціў Насце вершы.

Леанід Дранько-Майсюк: "На зло музычнаму баласту мы карануем сёння Насту! На зло ўсёй папсе маскоўскай квітней, спадарыня Шпакоўская!"



На фота: Наста Шпакоўская

Прагнозы Еўрарадыё наконт перамогі ў намінацыі "Праект году" спраўдзіліся: перамог праект "Тузін Гітоў. Перазагрузка". "Падзеяй году" стаў электрычны канцэрт гурта N.R.M., прысвечаны яго15-годдзю. "Рок-карону" за "Рэп-праект году" прадказальна атрымаў "Нестандартный вариант".


На фота: Вецер Механічны. Тузін Гітоў.


На фота: Прадзюсер канцэрту N.R.M. Уладзімір Шаблінскі


На фота: Нестандартный вариант

Невядома адкуль і куды "Вяртаннем году" з’явіліся на "рэактарскай" сцэне хлопцы з гурта "Жнюв" у асляпляльна белых кашулях як мінімум ад "Версачэ", фрызурамі ад лепшых цырульнікаў Мінска і недапрацаванымі ў плане іміджу непадкачанымі біцэпсамі (вазьміце на ўвагу!). "Мы снова вместе", - крычалі дзівакі, якія яшчэ на апошніх "Басах" абяцалі за год стаць найлепшым гуртом Беларусі, а публіка ніяк не магла зразумець "хто гэта?"



На фота: Гурт "Жнюв"

Падчас "Каранацыі" можна было прыйсці да высновы, што "Рэактар" сабраў у асноўным фэнаў гурта "Нейра Дзюбель". Нават калі Хаменка аб’яўляў "Вяртанне году" публіка чамусьці крычала "Нейра Дзюбель".


На фота:Аляксандр Кулінкович

Можна сабе ўявіць, што пачалося, калі "Дзюбеля" выйшлі на сцэну за ўзнагародай у ганаровай і пачэснай намінацыі "За вялікі ўклад у развіццё беларускага року". Ды як выйшлі! Кулінковіч у выглядзе сівабародага старца з карэ, Паскуда з барадою ў афрыканскай кашулі (нагадваў Дзіму Лук’янчыка), ды зайгралі яшчэ новую песню, падчас якой можна было плакаць! "Годы берут своё", - патлумачыў Кулінковіч новы імідж.

Прарывам альтэрнатывы, авангарду і іншадумства на "Рок-каранацыі" стаў выступ гурта "Князь Мышкин", які атрымаў "карону" "За адданасць жанру". Магчыма, падчас сэту гурта арганізатары пашкадавалі, што так легкадумна запусцілі "ворага" у групіроўку: публіка ўпадала ў транс, які нараджаў Улад Бубен на чале з Нарушэвічам і Сямашкам, ёй падавалася, што "Князі Мышкины" завалодалі светам і ніколі не пакінуць сцэну "Рэактара". Затое радаваўся адзін з двух сапраўдных беларускіх прадзюсераў Папа Бо (другі – Калмыкоў): хоць нейкая альтэрнатыва прадказальнасці і правінцыйнасці…


На фота: Князь Мышкин

"Выканаўцу году" чакалі доўга. Хвілін 20. А Вайцюшкевіч гэтак павольна ў грымёрцы браў нумар тэлефону ў Кулінковіча, апранаў цішотку і выйшаў на сцэну з гітарай са зламаным "джэкам". У нахабна-разняволеным стылі, забываючы словы песень, выкарыстоўваючы маладую дзяўчыну ў якасці пюпітра для тэкстаў Вайцюшкевіч сцвярджаў, што беларускі мужчына – чысты аб’ект кахання. І публіка чамусьці прыходзіла ў экстаз ад гэтай навіны! "Вы такія маладыя! У-у-у!" – рабіў пасылы са сцэны Вайцюшкевіч.


На фота: Зміцер Вайцюшкевіч

Імпрэза набліжалася да свайго лагічнага заканчэння, а на сцэну пачалі прабірацца музыкі гурта "Без Білета". З галоўнай інтрыгай было скончана: тры апошнія ўзнагароды нарэшце апынуцца ў "Без Білета". Гурт, які за сваё 10-гадовае жыццё выдаў не адзін паспяховы альбом, стварыў выдатныя мастацкія кліпы, сыйграў аншлагавыя канцэрты. Адзін з самых вартых беларускіх гуртоў, прадстаўленых на "каранацыі". Так яно і апынулася.

Пра "Кліп году" разважаў знакаміты "віздьмаўшчык" Сяргей Філімонаў. Дарэчы, густы Філімонава яўна адрозніваліся ад прапанаваных відэа:

Сяргей Філімонаў: "А кажуць няма беларускіх спеваў і кліпаў. Ёсць яны! Напрыклад, знакаміты кліп гурта "РСП", абсалютна спадабаўся кпіп гурта RokerJoker. Яны не былі намінаваныя. Але. У намінацыі за "Лепшы кліп" узнагароду атрымлівае "Без Білета" і Мацвей Сабураў за "Афрыку"!"


На фота: "Без Билета"

У адной з самых высакародных намінацый "Альбом году" зноў перамагла "безбілетаўская" "Афрыка". Уручальнік узнагароды музычны крытык Зміцер Падбярэзскі недвухсэнсоўна намянкуў на "недахоп на "каранацыі" маладых кадраў:

Зміцер Падбярэзскі: "Такое ўражанне, што ў арганізатараў вялікія праблемы з маладымі кадрамі. Такім чынам, альбом году – "Афрыка" Без білета".


На фота: "Без Билета"

Віталь Артыст выглядаў спакойным, шчаслівым і верным сабе:

Віталь Артыст: "Рабяты, дзякуй. Гэта, па-мойму, добрая навіна, нягледзячы на тое, што Беларусь – краіна палескіх балотаў і ўсе мы на журавінах жывем і на ўвесь свет знакамітыя беларускай журбой і дэпрэсіяй. І калі па тры месяцы неба зацягнутае хмарамі, і сонца няма, дык няхай яно свеціць знутры. "Афрыка" у душы!"


На фота: "Без Билета"

У выніку "Без Білета" атрымаў ганаровы тытул "Гурт году" і галоўную вялікую "рок-карону", якую ўручыў "самы знакаміты капітан" Алесь Мухін, наліўшы ў карону шампанскага. Віталік чарговы раз зрабіў запіс прыпеву да песні "Мая краіна – Беларусь" з дапамогай гледачоў "Рок-каранацыі", і паабяцаў, што галасы прыхільнікаў беларускай музыкі назаўсёды трапяць у гісторыю разам з новай версіяй некалі каранаванай песні.

14-я "Рок-каранацыя" чарговы раз увойдзе ў гісторыю адсутнасцю яскравай канцэпцыі, недасведчанасцю арганізатараў у агульным кантэксце беларускай музыкі, танным святлом (Tarantino застаўся незадаволены). А таксама добрай ідэяй пераносу імпрэзы ў клуб, інтэрактыўнай атмасферай, сюрпрызамі (нават нечаканыя сюрпрызы - таксама сюрпрызы) і прафесіяналізмам беларускіх гуртоў. Як ні круці – гэтага ў нашых музыкаў не адабраць!


На фота: партрэт.

Праз прыадчыненыя дзверы кабінета дырэктара клуба за канцэртам назіраў і кіраўнік краіны.

Тэкст: Маша Лагодзіч
Фота, відэа: Tarantino
"Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

 
 
Developed by Lynxlab.net