На наступным тыдні мінскае інды-трыа Vegetables выдае трэці альбом пад назвай "Now And Then". Музыкі смяюцца, што цяпер у іх будзе больш пласцінак, чым канцэртаў, якіх яны за сваю 3-гадовую гісторыю сыгралі ўсяго два. "Будуць англамоўныя песні, і мне падаецца, што яны будуць добрыя, – як заўсёды", – сціпла распавядае ўдзельнік гурта Зміцер Чарняўскі.
"І мне падаецца, што мы тут не надта адхіляемся ад раней абранага напрамку – песні ізноў разнастайныя. Але хочацца думаць, што мы рухаемся ўверх", – дадае ён.
Альбом "Now and then" складуць 9 трэкаў з жаночым вакалам. У падтрымку альбома Vegetables рыхтуюць кліп, у якім галоўным героям зноў стане мядзведзь у інвалідным вазку.
"Харызматычны мядзведзь-інвалід – гэта такі наш герой. Да таго ж, мы акцёры не ахці якія, а за мядзведзем гэтага не відаць. Калі адзін стаміўся, то іншы ўдзельнік гурта можа быць мядзведзем. Гэта зручна", – распавядае Дзіма пра рацыянальны падыход да здымкаў.
Альбом і новы кліп Vegetables будуць выпушчаныя на лэйбле "Пяршак" у адзін дзень. Нагадаем, пераможцы ў намінацыі “Найлепшае відэа” за кліп “Baloo” па выніках музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады-2012” Vegetables ужо маюць у сваёй дыскаграфіі дзве пласцінкі: "The Day Before Today" і “Добрый слон, будь здоров и живи долго”. Абедзве датуюцца 2012 годам.
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"