"Чароўны трус" нашумеў на ўвесь Інтэрнэт, The Toobes разагрэлі Franz Ferdinand, "Кассиопея" стала адкрыццём года ў Расіі, Ялфімаў выявіў цуды дзёрзкасці, а "Без Билета" знайшлі кампраміс паміж indie і папсой... Пры канцы снежня мы падводзім беларускія музычныя вынікі 2009 года.
Пачнем з "Кліпа года". Кліпы, якія ў 2009 годзе здымалі беларускія артысты, былі падобныя адзін на адзін. Ніхто не скокнуў вышэй за галаву, не зрабіў нічога нечаканага. Па сутнасці, і кліп "Америка" гурта Rockerjoker, які з’явіўся апошнімі днямі снежня – даволі прадказальнае відэа ад такіх персанажаў, як Міхей Насарогаў і Макс Сіры. Алегарычная відэавыснова цяжкага, поўнага недарэчнасцяў 2009 года...
"Америка" – кранальны трэш-постмадэрн, эксперымент над вантробамі гледачоў. Ён цікавы яшчэ і тым, што зняты адным планам, без мантажных стыкаў. "Кліп года" павінен быць вельмі адрозным, каб іншым не было зайздросна, – падумалі мы і аддалі перамогу ў гэтай намінацыі гурту Rockerjoker.
У намінацыі "Развод года" перамагае фірма Neopolis, якая 20 красавіка ладзіла ў мінскім Лядовым палацы канцэрт гурта Cradle of Filth. Канцэрт не адбыўся, бо музыкаў гурта затрымалі на мяжы Беларусі. Але грошы за квіткі прамоўтэры вяртаць не спяшаліся. Фанаты Cradle of Filth адсудзілі ў Neopolis 100 мільёнаў рублёў, але дырэктара фірмы Міхаіла Крукоўскага знайсці не здолелі.
"Мы атрымалі судовае рашэнне на рукі, – кажа адзін з фанатаў Віктар Кавальчук. – Але гэтая справа перадавалася ўжо ў некалькі судоў. З суду Ленінскага раёна перадавалася ў суд Савецкага раёна, бо Міхаіл пакінуў адрас для карэспандэнцыі свой у Савецкім раёне. Але фізічнае месцазнаходжанне яго знайсці не могуць".
Увосень 2009 года Міхаіл Крукоўскі задумаў прывезці ў Мінск гурт Scooter. Але давер да прамоўтэра ў людзей скончыўся, і на канцэрт нямецкай легенды было прададзена ўсяго толькі каля 300 квіткоў.
Падзею года ў Беларускім шоў-бізе можна акрэсліць адным словам: "Еўрабачанне". Спачатку ў гэтую цацку граліся дарослыя, і граліся вельмі сур’ёзна. Пётр Ялфімаў не прайшоў у фінал конкурса, а віну за гэта ўсклаў на рэжысёра Януша Юзэфовіча, які займаўся пастаноўкай яго нумару:
Пётр Ялфімаў: "Калі Януш Юзэфовіч хацеў праверыць на мне свой дэбют з праекцыяй, то ў яго, на жаль, не атрымалася. Я-то гэта перажыву, а вось ці перажыве Януш Юзэфовіч... Дай бог яму здароўя".
Атрымаў ад спевака на арэхі і кіраўнік беларускай дэлегацыі на "Еўрабачанні 2009" Аляксандр Ціхановіч, якога Пётр Ялфімаў абвінаваціў у немэтазгодных выдатках. Аляксандр Рыгоравіч апраўдваўся, як мог:
Аляксандр Ціхановіч: "Гэтая заява пра тое, куды пайшлі грошы... Сродкі пайшлі на падрыхтоўку артыста! Куды яны маглі пайсці?"
А ўвосень на тэме "Еўрабачання" – але дзіцячага – звар’яцела ўся Беларусь. Да што там! 13-гадовы Юра Дземідовіч хітом "Чароўны трус" падняў на вушы ўвесь кірылічны сегмент інтэрнэта. Упершыню Беларусь, абіраючы ўдзельніка на "Еўрабачанне", прагаласавала не за фарматную кампазіцыю, а за нестандартны нумар, напісаны паводле матываў "Алісы ў краіне цудаў":
Юра Дземідовіч: "Я ўзгадаў яе. Люблю прыходзіць дадому і іграць на фартэпіяна. Найграў мелодыю, яна мне спадабалася, я яе паказаў. І адразу думкі: якія могуць быць да яе словы. Вось я чытаў гэтую казку, ўзгадаў, як я чытаў гэтую "Алісу ў краіне цудаў", і вось…"
У Еўропе "Чароўнага труса" не прынялі: Дземідовіч на "Еўрабачанні" набраў усяго 48 ачкоў, а перамог салодкі хлопчык з Нідэрландаў. Але песня "Чароўны трус" стала адкрыццём і, безумоўна, галоўнай песняй 2009 года.
Галоўны канцэрт 2009 года – гэта фэст Ultra music з удзелам гурта Prodigy. На арганізацыю шоў на стадыёне "Дынама" агенцтва "Ультразвук" выдаткавала $1 млн. А каб "выйсці ў плюс", прамоўтэр спадзяваліся прадаць 35-40 тысяч квіткоў. Распавядае дырэктар агенцтва "Ультразвук" Павел Калачоў:
Павел Калачоў: "Мы выйдзем у плюс. У нас няма сумневаў. Гэта першае такое маштабнае мерапрыемства ў Беларусі, ну мы не ўлічваем "Славянскі базар" і інш. Гэта фэст з зоркай сусветнага маштабу. Prodigy узрывала сэрцы яшчэ ў 90-х. Таму ў нас зараз на танцпол расхоплівае білеты моладзь, а на сектары на стадыёне актыўна выкупаюць людзі, якім ужо за 30".
Толькі на рэкламную кампанію арганізатары патрацілі 140 тысяч долараў. Але, па сведчаннях відавочцаў, на Prodigy сабралася ўсяго каля 15 тысяч гледачоў. Таму фэст Ultra music прэтэндуе таксама на намінацыі "pr-кампанія года" і "папандос года".
Адна з галоўных, і перадапошняя намінацыя – "Альбом года". "Генералы беларускага рока" сёлета адмаўчаліся. "Ляпис Трубецкой" выдаў "Культпросвет", які лагічна працягвае "Капитал" і "Маніфест". Але трэці год збіраць тытулы і прызы на адной і той жа тэме...
Карацей, 2009 год прайшоў пад знакам дэбютантаў. Вартымі альбомамі адзначыліся Yellow Brick Road, "Петля пристрастия", "Кассиопея", дэбютанты-ветэраны Band_A, Дзмітрый Калдун, Litvintroll, The Toobes... Асноўную канкурэнцыю ім склалі "Без Билета" з альбомам "Африка" і "J:морс" з плыткай "Аквамарин". Менавіта "Афрыку", падчас якой гурт Віталіка Артыста, здаецца, знайшоў доўгачаканы кампраміс паміж indie-мінулым і pop-сучаснасцю, мы і вырашылі назваць лепшым у 2009 годзе.
І, нарэшце, "Гурт года". Гэтую намінацыю мы вырашылі падзяліць паміж двума гуртамі, якія цягам 2009-га зрабіліся візітоўкамі беларускай музыкі за мяжой. Найперш, гэта гурт The Toobes: сёлета хлопцы падралі ў шматкі з сотню канцэртных пляцовак у Беларусі і ў бліжэйшым замежжы. "Тубсы" выступалі на разагрэве ў шатландскіх індзі-рокераў Franz Ferdinand. Акрамя таго – за год паспелі выпусціць сінгл "Indie Who Indie" і альбом "Hello", знялі кліп... Карацей, жылі актыўна і прыгожа – так, як і варта жыць сапраўдным зоркам.
Другі пераможца – гэта гурт "Кассиопея". Шлях гурта да гучных тытулаў расцягнуўся на дзесяцігоддзе – на тое, каб зразумець і прыняць "квазітрэш-мадэрн", непадобны ні на што з таго, што робіцца сёння ў Беларусі, спатрэбіўся час... І вось, расійская прэса з лета 2009-га называе "Кассиопею" адкрыццём года, а прамоўтэр Аляксандр Багданаў, які працуе з гуртом, стаў лаўрэатам музычнай прэміі Арцемія Троіцкага "Степной волк".
Зміцер Глінскі, "Еўрарадыё"