26 лютага Mauzer даў у Мінску акустычны канцэрт. Але запланаванай прэзентацыі альбома "Porna", праўда, не адбылося. Канцэрт у клубе "Рэактар" сабраў пару соцень чалавек. Было відавочна, што яны прыйшлі паслухаць не Akute, які выйшаў на сцэну першым, а іншую магілёўскую каманду – Mauzer. Хаця прысутнічала цікавасць і да гурту, які паўстаў на рэштках "Глюкаў".
Інтрыга з выступам Mauzer была ў тым, што на мінулым тыдні каманду пакінулі адразу два музыкі. А яшчэ лідэр гурту Янка на рэпетыцыі зламаў нагу. І таму трэба было адмяняць канцэрт ці рабіць акустыку. Апошняга варыянту, безумоўна, не чакалі. Моладзь хацела паслэміцца, паскакаць, як тое любіць і сам Янка Маўзер.
Але гурт ніхто не асвістаў. Наадварот, падтрымлівалі воклічамі, пляскалі ў далоні.
Музыка патлумачыў сыход бубнача і басіста тым, што яны вырашылі "працягнуць кар’еру ў Піцеры, бо там музыка цікавейшая і плацяць больш. Таму мы сёння граем удвух. Такая лажа атрымліваецца крутая. Затое я нарэшце займуся тым, што люблю акрамя сэксу – пачытаю вершы".
Вершы Янка і сапраўды чытаў. І спяваў. Толькі выступ быў непрацяглым. Адыграць цалкам у акустыцы новы альбом немагчыма, хаця некалькі песень прагучалі.
Калі музыкі пакідалі сцэну, фанаты пачалі крычаць: "Пакажы пералом!" І так настойліва, што Янка не змог праігнараваць. "Хто хоча ўбачыць пералом – таму трэба на БТ". Маўляў, там патрэбны людзі, якія займаюцца выкрыццём.
Што мусіў зрабіць Mauzer, зрабіла "Сцяна". Тыя, хто пасля папярэдняга выступу адышоў ці сабраўся сыходзіць зусім, прымусілі вярнуцца берасцейскія музыкі. Гурт запаліў. Канцэрт ператварыўся ў прэзентацыю іх новага альбома "Кропка вяртання".
А што Mauzer? Янка паабяцаў у хуткім часе прыехаць у Мінск з электрычным канцэртам. А пакуль трэба шукаць новых музыкаў. І залечваць раны.
ЯНКА МАЎЗЕР: "МАІХ ЛАЖАЎ БЫЛО БОЛЬШ"
Пасля скандальнага канцэрта Mauzer ў мінскім клубе "Рэактар" на пытанні "НН" адказвае вакаліст гурту Янка Маўзер.
"Наша Ніва": Чаму гурт так нечакана пакінулі адразу два музыкі?
Янка Маўзер: Сыход басіста мы прадбачылі. Ён планаваў яшчэ ў жніўні пераехаць у Піцер. Але ж тады ў яго не выйшла. І ён сказаў, што застаецца з намі. Але мы чакалі, што ён некалі з’едзе. Наконт бубнача мы нічога не ведалі. Такі таямнічы чалавек аказаўся. Яны разам з’ехалі ў гурт "I.O.W.A." Басіст у ім граў да Mauzer. Затым гурт знаходзіўся ў незразумелым стане. І ў сувязі з перспектывамі, што з'явіліся, дзейнасць гурту аднавілася. Там плацяць больш.
"НН": Гэта звязана толькі з жаданнем зарабіць грошай, ці былі ўнутраныя канфлікты?
ЯМ: Супярэчнасці, як і ў любой камандзе, заўсёды існавалі. А як па-іншаму, калі гэта чатыры творчыя чалавекі? Але гэта нармальна.
"НН": У Інтэрнэце ўжо з’явілася інфармацыя, што і ты можаш пакінуць Магілёў, каб працягнуць кар’еру ў Расіі.
ЯМ: Такі варыянт не разглядаецца.
"НН": Падчас выступу ў "Рэактары" ты сказаў, што хутка Mauzer прыедзе ў Мінск з электрычным канцэртам. Але толькі сышлі музыкі. Ужо паспелі знайсці замену?
ЯМ: Пытанне з музыкамі вырашаецца. Ёсць добрыя варыянты. Мы таму і не спяшаліся абвяшчаць пра сыход басіста і бучнача, хацелі спачатку вырашыць пытанне з новымі музыкамі. Яно амаль вырашылася.
"НН": Янка, нагу насамрэч зламаў, ці гэта проста піяр такі?
ЯМ: Я не ведаю, чаму гэта ўспрынялі як піяр. Чаму цяжка зразумець, што калі спатрэбілася б нешта выдумаць, каб адтрындзецца, я прыдумаў бы нешта прасцейшае. Я на рэпетыцыі падскочыў і няўдала прызямліўся. Нага забалела. Думаў, боль пройдзе. Але ён не праходзіў. І я пайшоў да лекара. Здымак паказаў пералом плюсневай косткі. Прапанавалі гіпс накласці, але я адмовіўся. Доктар сказала, што абломак косткі знаходзіцца побач з суставам. І калі ён трапіць у сустаў, то неабходная будзе аперацыя. Пагадзіліся на эластычны бінт.
"НН": Якія ўражанні ад акустычнага выступу?
ЯМ: Не ведаю, ці правільнае рашэнне мы прынялі, калі надумалі граць акустычны канцэрт. Мы ж не акустычны гурт. Я — не гітарыст. І маіх лажаў было больш. Але нам спадабалася, як усё прайшло. Раней мы такога не рабілі. Усё было душэўна. Народ падтрымліваў нас.
У Інтэрнэце знайшліся тыя, хто крытычна ацаніў канцэрт. Назвалі нават яго самым горшым выступам Mauzer. Я ж сам прысутнічаў на канцэрце. І я бачыў, што людзям спадабалася. І станоўчых водгукаў было больш.
Тэкст і фота: Кастусь Матушыч, "Наша Ніва"