О проекте

Akute: "У нас усе песні пра ракавых прыгажуноў" (+фота)

 

Загадкавыя магілёўскія рокеры Akute завіталі ў студыю "Еўрарадыё", каб расказаць пра новую пласцінку "Не існуе", канцэртная прэзентацыя якой адбудзецца 21 красавіка ў клубе "Re:public", а таксама пра планы на будучыню, захапленні і асабістае жыццё.

– Яшчэ год таму, падчас канцэрта ў "Графіці", вы распавядалі, што рыхтуеце другі альбом і адразу папярэдзілі, што ў ім вы збіраецеся спусціцца ў самае пекла. Што вас падштурхнула да такой змрачнаватай тэматыкі? Ці нейкая адна песня дала настрой будучай пласцінцы?

Раман Жыгараў: Мы ніколі не спыняем працу, і ўжо тады мы бачылі, які настрой будзе ва ўсім будучым альбоме. Насамрэч, "Кроў бы вада" была не зусім першай песняй гэтага альбома. "Яны пад снегам", напрыклад, была напісаная значна раней.

– Што з вамі адбывалася цягам апошняга году?

Стас Мытнік: Насамрэч, нічога такога не здарылася і не змянілася. Проста, з цягам часу нейкія такія песні нараджаліся.

Раман Жыгараў: Мы сталі лепш апранацца (смяюцца)

– Хто піша тэксты? Па-ранейшаму Рома ці ты, Стас, таксама спрабаваў сябе ў ролі аўтара?

Стас Мытнік: Не, я ніколі не пішу тэксты, ніколі. У нас часцей за ўсё першай з’яўляецца музыка. Нехта прыносіць кавалачак мелодыі, наігрывае яго, а астатнія дапаўняюць.

– Рома распавядаў, што тэксты часцей за ўсё піша ўначы.

Стас Мытнік: Я магу некалькі разоў на дзень сядаць з гітарай і нешта наігрываць. Але ў асноўным уся мая музыка нараджаецца таксама ўвечары (смяюцца).

Раман Жыгараў: Напісанне тэкстаў я, як і раней, не кантралюю. Гэта ўсё само сабой прыходзіць там аднекуль.Ну, і напэўна, раз такія тэксты пішуцца зараз, то нешта такое трансліруецца праз мяне. Я б не сказаў, што гэта негатыў. Гэта проста танцы на касцях. "Пір падчас чумы". І нічога такога сумнага ў гэтым няма. Усё добра. Зрэшты, усе рана ці позна памруць. Пра што яшчэ спяваць у гэтым жыцці, як не пра смерць?

– Вашы песні – гэта асабістыя перажыванні, ці ўсё ж фантазіі?

Стас Мытнік: Для мяне гэта сваё нешта.

Раман Жыгараў: Добрае пытанне! (смяецца)


Стас Мытнік

Стас Мытнік: Я ніколі не пытаюся ў Рамана, пра што ён піша. А калі спяваю песні – тады думаю пра нешта сваё. І ў розны час перажываю гэта па-рознаму.

– Альбом-катарсіс у вас атрымаўся.

Стас Мытнік: Так, праз гэтыя перажыванні мне робіцца лепш. Нават калі песня здаецца вельмі сумнай ці безнадзейнай – робіцца лягчэй.

Раман Жыгараў: Гэта на першы погляд толькі так падаецца.

Стас Мытнік: Так, калі табе сумна – гэта не азначае, што табе дрэнна.

Раман Жыгараў: Я ўвесь гэты час думаў, як адказаць на гэтае пытанне. І я не хачу на яго адказваць. Насамрэч, я магу сказаць усё, што заўгодна. Магу сказаць: так, гэта пра мяне. Магу сказаць: не, гэта не пра мяне. Давайце пакінем гэта на потым. Гэта было вельмі добрае пытанне.


Раман Жыгараў

– Давай падыдзем з іншага боку: вы зараз вельмі папулярны гурт. У Akute шмат фанатаў і, што хаваць, прыхільніц (смяюцца). А героі вашых песень – як мінімум, хлопцы з разбітым сэрцам. Ці не думалі напісаць драйвовую песню ад імя "ракавога прыгажуна", якога дзяўчаты гатовыя насіць на руках?

Раман Жыгараў: Гэта ўсё такая супярэчнасць. То бок можна пабудаваць творчасць на сутыкненні настолькі кардынальна рознага. Ты кажаш, што гэта чалавек з разбітым сэрцам, а насамрэч, гэта можа азначаць наадварот іншае. У нас усе песні пра ракавых прыгажуноў.

Стас Мытнік: Нават мы не ведаем, якой атрымаецца наступная песня і альбом, і наколькі яны будуць драйвовымі ці сумнымі.

– Вам патрэбныя нейкія адмысловыя ўмовы для напісання песень?

Раман Жыгараў: Наркотыкі?

– Умовы, Рома, не сродкі. (смяемся)

Раман Жыгараў: Натуральна! Гэта можа быць усё, што заўгодна. Каб выклікаць нейкую творчую хвалю ці парыў… Каб проста ўзяць дыктафон і адразу надыктаваць цэльную песню хапае дробязей. Напрыклад, забыты ўспамін. Ці рэха, адгалосак якой-небудзь размовы. Хапае маленькіх рэчаў: гэта некія думкі, сны, успаміны. І з гэтага можа выліцца вялікая гісторыя.

– Якія ў вас адносіны ўнутры каманды? Як вам працуецца з вашым бубначом?

Стас Мытнік: Наш бубнач, Павел Філатаў, вельмі добры хлопец, бесканфліктны. Разумее, што трэба ад яго.

Раман Жыгараў: І робіць тое, што трэба. Не паліць.

Стас Мытнік: Да нас амаль што не піў (смяюцца).

– Вы часта сустракаецеся па-за студыяй?

Стас Мытнік: Так, трэба сустракацца па-за студыяй. Сумесная праца – гэта не толькі праца ў студыі, але і некія сяброўскія адносіны. Без гэтага ніяк не можа быць.

Раман Жыгараў: У нас не спыняюцца рэпетыцыі. Таму мы часта сустракаемся.

– Вы задаволеныя эксперыментамі, на якія пайшоў Жэня Сухавей падчас звядзення альбома?

Стас Мытнік: Вельмі задаволеныя.

Раман Жыгараў: У нас была такая думка, ідэя – нічога не тлумачыць Жэні. Проста аддаць яму матэрыял, каб ён рабіў, што ён хоча. Гэта была сапраўдная саўнд-прадзюсарская праца з яго боку. Вядома, калі б нам не спадабалася, мы б сказалі, што не, дзякуй. Але атрымалася наадварот – ён неяк сам адчуў нашу музыку. І зрабіў усё выдатна.

– Якая-небудзь песня вас асабліва здзівіла ў выніку? Пазналі свой альбом?

Стас Мытнік: Не тое, каб здзівіла, а прыемна парадавала. У мяне не было такой думкі, што ў некаторых песнях можна было зрабіць тое, што ён зрабіў. І гэта было прыемнай нечаканасцю.

Раман Жыгараў: Ён прыўнёс свае своеасаблівыя эфекты і зрабіў нешта цалкам новае. Мы так не граем! (смяецца)

– Апошняя песня альбома – "Зорка" – вельмі выдзяляецца з агульнага настрою пласцінкі. Такое ўражанне, што яна засталася ад часоў "Дзевачак і Космасу".

Стас Мытнік: Гэта як хвост ад каметы, ведаеш… З таго альбому і засталася. Хоць яна сама, у прынцыпе, новая…

Раман Жыгараў: Ну чаму? Яна даволі старая, проста была забытая. А зараз "Зорка" пераасэнсаваная і зробленая нанова. Яна чакала свайго часу.

– Трохкутнік на вокладцы – гэткі семіатычны сімвал "народзінаў-жыцця-смерці", пра якія вы спяваеце?

Раман Жыгараў: Мы ўжо думалі сёння, што вось на ЕР "Кроў" на вокладцы быў кружочак. Зараз – трохкутнічак. Потым будзе – квадрацік, крыжык і атрымаецца джойсцік ад плэй-стэйшн!

– Далёка хадзіць не трэба – дзе хлопчыкі, там і камп’ютарныя гульні (смяемся).

Раман Жыгараў: У гэтай вокладцы ёсць наш асабісты сэнс. Акрамя таго, што трохкутнік – гэта асноўная фігура ў геаметрыі, з якой утвараюцца астатнія фігуры. Гэта яшчэ і найстаражытнейшы культурны сімвал, які можа азначаць абсалютна ўсё, што заўгодна. І, дарэчы, тое, пра што мы ўжо гаварылі – нараджэнне, жыццё, смерць – таксама тлумачыцца ў выглядзе трохкутніка.

– Ці плануеце нарэшце зняць кліп?

Раман Жыгараў: Насамрэч, можна, напэўна, ужо сказаць, што ў нас ёсць кліп. Гатовы! Але пакуль ён не выйшаў за межы студыі, дзе яго змантавалі. Вось чакаем. Магу сказаць, што ён ёсць і неўзабаве з’явіцца. І гэта кліп акурат на песню "Зорка".

– Хто здымаў відэа?

Раман Жыгараў: Лёша Карнееў. Таксама нам дапамагаў Андрэй Курэйчык. І Дзіма Марынін. Пра што ён – даведаецеся ўжо пасля прэм’еры.

– Што вы рыхтуеце да прэзентацыі?

Раман Жыгараў: Мы сыграем нашу найвялікшую праграму. Такую мы яшчэ ніколі не гралі.

Стас Мытнік: Амаль што ўсе песні, якія ў нас ёсць. Ці нават усе?

Раман Жыгараў: Так, усе песні. Плюс, мы рыхтуем такія невялікія лірычныя адступленні – сольныя акустычныя выступы. Будзе, на што паглядзець! Прыходзьце, калі ласка, 21-га красавіка ў клуб Re:Public!

– Якія яшчэ гарады, акрамя Мінску і Магілёва, наведаеце з прэзентацыяй "Не існуе"?

Стас Мытнік: Ёсць думкі, пабываць ва ўсіх гарадах. Не так даўно мы былі ў Брэсце. Хутка завітаем у Гомель і Віцебск.

Раман Жыгараў: Мы, напэўна, толькі ў Гродне не пабывалі яшчэ. У нас ёсць намер, аб’ехаць увогуле ўсе беларускія гарады. Замежжа – блізкае і далёкае – гэта як ужо атрымаецца. А беларускія гарады мы аб’едзем усе, стопудова!

Стас Мытнік: Яшчэ плануюцца канцэрты ва Украіне. 26-га красавіка ў нас канцэрт у Вільні.

Раман Жыгараў: Ёсць пэўны графік выступаў, якога мы прытрымліваемся. І ён распісаны ўжо па чэрвень.

– Вас ахвотна бяруць у эфір?

Раман Жыгараў: Памятаю, неяк было, ў Мінску (смяецца)

Стас Мытнік: Сказалі, што я кепска спяваю і не ўзялі.

Раман Жыгараў: Так, сказалі, што Стас не трапляе ў ноты і не ўзялі (смяюцца). У той жа Расіі ў нас усё нармальна з ратацыямі – слухаюць, ставяць на радыё. І ў Польшчы усё ок. Менавіта таму, што мы спяваем на мове, ім гэта цікава, падабаецца. Яны, натуральна, мала што разумеюць.

– То бок пісаць песні на іншых мовах для таго, каб пашырыць аўдыторыю, не збіраецеся?

Раман Жыгараў: Дакладна не.

– Як на вас за гэты год адбілася папулярнасць? Ці пазнаюць вас у родным Магілёве?

Раман Жыгараў: Стас набыў кватэру!

Стас Мытнік: Так, па знаёмству прадалі са зніжкай (смяецца).

Раман Жыгараў: За нашы велізарныя ганарары мы набылі сабе самалёт, каб лётаць у Мінск на канцэрты.

Стас Мытнік: Але яшчэ ніводнага разу не лёталі. Дрэннае надвор’е!

– Якія самыя нечаканыя падарункі робяць вам фанаты?

Раман Жыгараў: Нас часта малююць, напрыклад. Малюнкі дасылаюць ці прыносяць. Партрэты ў тым ліку.

Стас Мытнік: Вось гэта вельмі прыемна! І вельмі прыгожыя малюнкі, дзякуй за іх вялікі.

Раман Жыгараў: Пішуць у асабістыя паведамленні, так. Не без гэтага.

– Чым вы захапляецеся акрамя музыкі? Як бавіце вольны час?

Раман Жыгараў: Мы жывем амаль што звычайным жыццём. Ходзім у кіно…

Стас Мытнік: З дзяўчатамі! (смяюцца) Галоўнае захапленне, ўсё ж, – Akute. А ўсё астатняе дапаўняе тое, чым мы займаемся. Час ад часу нам проста нешта перашкаджае займацца Akute, а, як высветлілася, гэта ўсё астатняе жыццё.

– Любіце адзіноту?

Стас Мытнік: Яна розная. Я, часцей за ўсё, не люблю. Але без яе таксама дрэнна.

Раман Жыгараў: Чалавек не можа ўвесь час адчуваць сябе адзінокім, адназначна. Можна сказаць, што гэта адбываецца нейкімі палоскамі ці хвалямі. Як і ўсё – па спіралі.

Стас Мытнік: Калі ты прысычаны людзьмі, якія вакол цябе, то, натуральна, потым хочацца пабыць у адзіноце.

– Што вы чытаеце? Любіце? Глядзіце?

Стас Мытнік: Рома чытае прыгожыя кнігі. А я – не прыгожыя. Злыя! (смяюцца)

Раман Жыгараў: Стас чытае ў асноўным гістарычную літаратуру пра вайну і пасляваенны перыяд.

Стас Мытнік: А Раман больш чытае фэнтэзі. Пра Хобіта ў яго любімая кніжка. І "Уладар пярсцёнкаў". Кіно таксама мы любім прыкладна такое ж, як і кнігі. Я не ведаю, адкуль гэта ў мяне, але вельмі цікава глядзець нейкія дакументальныя хронікі. Гэта жывыя, сапраўдныя людзі. Не выдумка, а тое, што было насамрэч. Як сябе паводзяць людзі ў розныя экстрэмальныя моманты. Таму гэта вельмі ўражвае.

– Прыадкрыйце таямніцу: матэрыялу засталося і на тое, каб задумацца над трэцім альбомам? Што ў ім будзе?

Стас Мытнік: Не, амаль што ўсе песні ўвайшлі ў альбом "Не існуе".

Раман Жыгараў: Сакрэт! Але, ладна (смяецца). Мы ўжо ведаем, што будзе ў трэцім альбоме. Ужо нават пачалі нешта там граць. Але давайце пачакаем яшчэ крышачку. Ведаем толькі, што ён будзе зусім іншым.

Тэкст: "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё", Budzma.org, minsk.topdj.by, Вольга Качура ды з уласнага архіва гурта

Akute

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net