Мінскі гурт Teleport стаў пераможцам конкурса маладых гуртоў на фестывалі "Басовішча 2017". Разам з імі ў фінале выступалі гурты BarRokka, Leibonik і SnopSnoǔ, якія былі вызначаныя журы на адмысловым адборы з Мінску.
Teleport грае амаль пяць гадоў. У 2015 годзе каманда выпусціла дэбютны альбом "Маўкліва". Сяргей Будкін тады адзначыў: "Музыкі моцна замарочыліся ідэяй запісаць такі альбом, якога яшчэ ніколі не было ў беларускай музыцы – сьмелы, экспэрымэнтальны, наватарскі. Ну, хто ж таго з маладых ня хоча, але могуць адзінкі. Звычайна, каб таго дасягнуць, не стае ўпартасьці, уменьня і шырыні мысьленьня. Teleport гэтую задачу з посьпехам адужаў. Фактычна, хлопцы займаюцца хутчэй ня музыкай, а жывапісам. Толькі што замест пэндзля ў іх інструмэнты, а замест фарбаў – рознага кшталту гукавыя эфэкты".
У актыве гурта узнагарода "Дэбют году" па версіі прэміі "Даём рады 2016" ад "Еўрарадыё", а таксама намінацыі на "Лепшы дэбютны альбом" у межах прэміі Experty.by 2016 і на "Дэбют года" паводле прэміі Rock Profi 2016. Акрамя таго каманда ўдзельнічала ў шоукейс-фестывалях Tallinn Music Week 2016 (Эстонія), Vilnius Music Week 2016 (Літва), Reepebahn Festival 2016 (Нямеччына).
Тэкст: Experty.by
Фота: "Радыё Рацыя"