Журналистка и радиоведущая Надежда Кудрейко о фолк-музыке и фолк-китче в авторской колонке для сайта "Белорусские новости": "Калі вы бачылі па тэлебачанні жывое выступленне "Троіцы"? Ці бачылі "Джамбібум", "Акану-NHS", "Ліцьвінаў", "Гуду", Машу Яр, Насцю Някрасаву?... І "Палац" можна не забыць, і "Юр’ю" прыпомніць, ды пашукаць іншых".
У Варшаве напрыканцы красавіка прайшоў фестываль сучаснага фальклору "Новая традыцыя". Ладзіць яго Польскае радыё. У конкурсе фестывалю Гран-пры і прыз імя Чэслава Нэмэна атрымалі беларускія артысты — Насця Някрасава з групай "FolkRoll". Выбітныя спевы і арыгінальная інтэрпрэтацыя народных песень не маглі прайсці неацэненымі. Але мне падалося, што і самое глыбіннае, карнявое беларускае гучанне моцна ўразіла журы і публіку. Бо ні на што непадобна. Знаўцы пацвердзяць, што беларуская фальклорная традыцыя — унікальная, старажытная, у ёй яшчэ можна адчуць містыку часоў паганства, яна багатая на розныя, нязвыклыя зараз вакальныя манеры. Таму такое ашаламляльнае ўражанне на іншаземцаў стварае Іван Кірчук і група "Троіца", таму ў Варшаве — ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з досыць вясёлымі і лёгкімі песнямі — перамагла складаная музыка, што выконвалі Насця Някрасава і група "FolkRoll". А вы чулі, як спявае Насця Някрасава? Вы ўвогуле чулі гэтае імя?
Адзін сур’ёзны беларускі кампазітар паслухаў потым запіс конкурснага выступлення нашых музыкантаў і ў сэрцах усклікнуў: "Ну дзе, дзе гэта на экранах? Чаму мы такога не бачым? Вось жа яно — сапраўднае!".
А на экранах мы бачым таксама "фестываль сучаснага фальклору" "Песні маёй краіны" на ОНТ — конкурс аматарскіх калектываў. І я мела няшчасце некалькі разоў на яго натрапіць. Здаецца, ужо нічым не можа здзівіць нашае тэлебачанне, але ўбачанае і пачутае мяне нават крыху шакіравала.
Патлумачу на прыкладзе вядомых артыстаў. Самае страшнае, што для мяне існуе, напрыклад, на расійскай эстраде — гэта Надзея Бабкіна і Надзея Кадышава. Галасы ў іх добрыя. Але яшчэ адсутнічае густ, з усіх шчылін лезе вульгарнасць, музыка танная і дапатопная. Самае месца ім ў катэгорыі "шансон" разам з Любай Успенскай. Канешне, такіх артыстаў многа. Але ж гэтыя прыкрываюцца чыстым імем фальклору, закутваюць свае фальшывыя песенькі ў флёр чагосьці сапраўднага і вечнага. І ім вераць, што вось такая яна, руская народная песня — пошлая і прымітыўная.
Па іх шляху ідуць і многія беларускія калектывы з праекта "Песні маёй краіны" — сінтэзатарныя умца-умца, фанера!!!!, псеўданародныя лялечныя адзенні, прыклееныя усмешкі, "гуляць дык гуляць"! Магчыма, гэта сапраўды люстэрка, адлюстраванне жахлівай сітуацыі з народнымі ансамблямі, з фальклорам у нашай краіне, як мне кажуць. Спрабую пагадзіцца з такой думкай. Але потым сама пачынаю ўзгадваць вядомыя мне цікавыя маладыя і не вельмі калектывы, што працуюць з народнай музыкай, пачынаю думаць — як Насця Някрасава калісьці ў дзяцінстве у кружке Дома культуры Ельска пачынала спяваць народныя песні, дык, мабыць, і зараз ёсць такія кружкі, такія настаўнікі, такія дзеці. У вучылішчах і інстытутах ёсць знаўцы. У вёсках ёсць яшчэ сапраўдныя бабулькі з дзядкамі, што спяваюць. Але мы гэтага не бачым, не чуем, не культывуем. Мы бачым кітч, які называецца фальклорам. Шырокая маса тэлегледачоў таксама думае, што беларуская народная песня — пошлая і прымітыўная. Што з этнічнымі матывамі зараз можна рабіць толькі танную папсу, а не сапраўднае мастацтва ў розных стылях.
Ад нашай няшчаснай, усё неяк недапечанай эстрады гэты жанр фольк-кітча не надта адрозніваецца. Гэта і ёсць папса з яе пагоняй за даступнасцю, за модай іншых краін, са спробамі паўтараць і быць такімі як усе. А даўно ўжо сказана, і не мною — адзінае, чым зараз могуць здзіўляць беларускія музыкі чужыя краіны — гэта тое, што мае нацыянальныя, этнічныя карані.
Уявіце сабе сцэну "Еўрабачання"(даруйце за нерэальную фантазію!). Ды Іван Кірчук проста б выйшаў, сеў і заспяваў — ва ўсіх валасы дуба паўсталі б! Вось яно — шоў у адных спевах! Канешне, наўрад ці "Троіцу" ўдалося б угаварыць паехаць на "Еўрабачанне". Тады тая ж Насця Някрасава — маладая і прыгожая, што цэніцца на гэтым конкурсе — проста выйшла б ды праспявала так, як у Варшаве на конкурсе "Новая традыцыя" — і ніхто б ніколі не змог сказаць, што яму сорамна за выступленне беларусаў!
Калі вы бачылі па тэлебачанні жывое выступленне "Троіцы"? Ці бачылі "Джамбібум", "Акану-NHS", "Ліцьвінаў", "Гуду", Машу Яр, Насцю Някрасаву?... І "Палац" можна не забыць, і "Юр’ю" прыпомніць, ды пашукаць іншых. Калі ўзяць нават вядомых артыстаў з Мінска, дык ужо на выдатны тэлевізійны фестываль сучаснага фальклору набіраецца. А колькі ж, спадзяюся, ёсць яшчэ людзей, якія ведаюць, што такое беларуская этнічная музыка і чым яна адрозніваецца ад нафарбаванага кітча!
Праз колькі пакаленняў беларусы забудуць сваю сапраўдную нацыянальную музыку, свой старажытны фальклор?
Оригинал публикации на сайте "Белорусские новости".
Об авторе:
Журналист, радиоведущая. Родилась и живет в Минске. Окончила Минский политехникум по специальности "прикладная математика" и филологический факультет БГУ. Работала в конструкторском бюро, рекламном агентстве, газете, а также на радиостанциях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". В результате на долгое время задержалась на "Первом канале" белорусского радио. В прошлом автор передач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд" и т.д. Много лет была автором передачи об автосркой песне "Моя музыка", также была организатором фестивалей "Травеньскія вечары аўтарскай песьні". Помимо этого была автором программы "Тры акорды", посвященной белорусской рок-музыке.
Комментарии
Цалкам згодны!
Бабкіна і Кадышава -- гэта, канешне, парнаграфія. А Наста -- ягадка! Упэўнены, зь яе вырасьце сапраўдная Артыстка. Такіх нельга паказваць па такому тэлебачаньню.