О проекте

N.R.M. адзначыў сваё 15-годзьдзе калядным акустычным канцэртам (+фота)

 

Ужо за два тыдні да прызначанай даты квіткі на N.R.M. набыць было фактычна немагчыма. Крыху збалаваныя незвычайна вялікай колькасьцю імпрэзаў у гэтым сэзоне менчукі тым ня менш задоўга разабралі квіткі ў адну з найбольшых канцэртных заляў сталіцы.

"Сьвяточненька тут у нас", – распачаў канцэрт нястомны лідэр N.R.M. Лявон Вольскі. Атмасфэру першай партыі хуткіх калядных сьвяткаваньняў дапаўняў шалёны мароз на менскіх вуліцах і поўная канцэртная заля "Мінск". На сцэне красаваліся некалькі выбеленых дрэўцаў, чорны раяль, ненадзейна схаваны ў гэтых самых дрэўцах, і гурт N.R.M. на белых крэслах.

Нягледзячы на вельмі рэдкія цяпер выступы N.R.M. у Менску (ужо цэлы год ня бачылі ў сталіцы Лявона Вольскага, Піта Паўлава, Юрася Ляўкова і Алезіса Дземідовіча на адной пляцоўцы), музыкі спадзяваліся правесьці канцэрт ва "утульнай і хатняй атмасфэры". Але N.R.M. акустычны ўжо само па сабе вялікая "не будзённасьць". Хутчэй, выключэньне.

Сярод іншых выключэньняў – Піт Паўлаў, які наважыўся ўзяць у рукі інструмэнт пад гаворачай за сябе назвай "бразготкі", а таксама нешта нагадваючае балалайку – "дрылі". Ён жа, дарэчы, у выніку ня вытрымаў, і сыграў песьню-другую на ўлюблёнай электрычнай гітары.

Акустыка ад N.R.M. у калядным антуражы – гэта мяшанка з усяго назапашанага за дваццаць гадоў афіцыйнага існаваньня ў іпастасях "Мроі" – N.R.M., гэта Лявон Вольскі за раялем зь песьнямі той самай "Мроі", якія музыкам "па новай прыйшлося развучваць" перад сёлетнім "Басовішчам".

А яшчэ гэта клясычны сьцёб музыкаў паміж песьнямі, заўвагі аб "працоўнай дысцыпліне" Піта Паўлава і падарункі з каляднага мяшэчка: поўны набор беларускіх культурных дасягненьняў мінулага году, ад каляндара "Партызану" да каўбойскай шляпы Лявона, якую паводле легенды прыдбаў у часе апошняга адпачынку ў Чарнагорыі. І нават калядны падарунак, канешне ж акустычны, у Каліфорнію, тамтэйшаму беларускаму эмігранту ў выглядзе простай тэлефоннай трансьляцыі кампазыцыі "Лёгкія-лёгкія".

Аднойчы напісаўшы "Рок-н-рол не ўратуе", Лявон Вольскі склаў сюжэт канцэртаў N.R.M. на гады наперад: "А заўтра клеркамі ў банку/ Стануць былыя панкі / І скончыцца маладосьць". Аматары прайсьціся настальгіяй акордамі яшчэ "мроеўскіх" "Зямлі" і "Краіны", абцяжараныя сіваватымі валасамі і гадзіньнікамі Bvlgari, сядзелі побач са школьнікамі, для якіх, магчыма, некаторыя песьні з пачатку 90-ых, як жартавалі музыкі, маглі стаць прэм’ерамі.

Напэўна з-за такога ўзроставага разнабою музыкі ўвесь час імкнуліся праэкзамэнаваць публіку: "а зь якога альбому вось гэта песенька?", "а-а-а, яшчэ з 2000 году! Ня памятаеце, так?" – не стамляліся яны сьцябацца са сваёй даўняй музычнай гісторыі.

Недзе ўсярэдзіне канцэрту публіка ня вытрымала і, зруйнаваўшы апошнія аскепкі хатняй атмасфэры і ўтульнай расслабленасьці, устала з крэслаў. Моладзь пасыпала да сцэны, музыкі зайгралі кампазыцыі з больш сацыяльнымі тэкстамі. Еднасьць паміж гледачамі, ужо панаваўшая ў залі ад пачатку, яшчэ больш ўмацавалася. Напэўна, гэта галоўнае ў канцэртах N.R.M., якія ёсьць нешта большае, чым проста гук і тэксты, нават завучаныя да апошняй коскі. Менавіта з-за гэтай еднасьці і нейкай сьветлай лагоднасьці іх канцэрты ніколі ня стануць шэраговымі.

Фотарэпертаж цалкам.

P.S. 10 лютага N.R.M. зайграе электрычны канцэрт у клюбе "Рэактар". Квіткі ўжо прадаюцца, але ўсе толькі на танцпол. З набліжэньнем даты канцэрту яны будуць даражэць.

Да 31 сьнежня 2009 – 30 тыс. руб.
З 1 студзеня 2010 да 15 студзеня 2010 – 35 тыс. руб.
З 16 студзеня па 31 студзеня – 40 тыс. руб.
З 1 лютага па 9 лютага – 45 тыс. руб.
У дзень канцэрту – 50 тыс. руб.

Дадатковая інфармацыя і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадзкі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by.

Тэкст: Алесь Bezuher
Фота: Юра Сідун
Generation.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net