Піт Паўлаў распавёў сайту "Тузін Гітоў" пра творчую актыўнасьць музыкі, ягоную навязьлівасьць у Facebook, новы альбом N.R.M. ды стасункі зь Лявонам Вольскім. "Калі ён так абыходзіцца зь людзьмі, якія цягам 20 гадоў аддавалі яму сваё жыцьцё, то хай сябруе з новымі-харошымі", – адказаў Піт Паўлаў на пытаньне пра ўзнаўленьне кантактаў з экс-лідэрам гурта.
– Апошнім часам у вашым творчым жыцьці назіраецца ажыўленьне: канцэртуеце з N.R.M., рэанімавалі Pete-Paff. З чым гэта зьвязана?
– Гэта зьвязана з рэгулярнай працай, якая раней не магла адбывацца па вядомых прычынах.
– Гэта якіх?
– Праца галоўнага гурта застапарылася і нічога не магчыма было зрабіць. Усё, што плянавалася і выдумлялася – адмаўлялася і блякавалася. Цяпер за вясну і лета мы зайгралі 15 канцэртаў N.R.M. За апошні месяц было 6 канцэртаў Pete-Paff. Падставы да такой актыўнасьці былі і летась, і пазалетась. То бок былі прапановы, былі пляны. Але гэта не рабілася, таму што не магло быць зроблена фізычна. Бо гэта не ад нас залежыла.
– А якім чынам Лявон Вольскі мог перашкаджаць працы Pete-Paff?
– Некаторыя ўдзельнікі Pete-Paff занятыя таксама і ў N.R.M. І часам было так, што ўсе сядзяць дэмаралізаваныя і чакаюць: "А раптам мы паедзем на фэстываль, бо прапанова ёсьць, а можа яшчэ на адзін". Цяпер расстаўленыя кропкі над "і".
– А навошта вам гурт Pete-Paff, калі ёсьць N.R.M.?
– Pete-Paff – гэта праект творчы, этнаграфічны. Я бы не хацеў казаць, што ён не галоўны, бо там задзейнічаныя сур’ёзныя музыкі. У суботу ў нас канцэрт у Тэатры беларускай драматургіі – прыходзьце, самі пабачыце.
– Вам падабаецца рэакцыя публікі на канцэртах новага N.R.M і Pete-Paff?
– Мне падаецца, што публіка проста шчасьлівая нас бачыць. Людзі сумавалі бяз нас, бяз нашых песень і энэргіі. Тая насьцярожанасьць, якая прысутнічае ў Менску зьвязаная толькі з тым, што людзі бачылі, як мы выглядалі раней. А ў так званай правінцыі, у абласных цэнтрах, дзе мы выступалі – там публіка за час нашай адсутнасьці цалкам аднавілася, мы бачым новыя маладыя твары. Яны з захапленьнем прымаюць N.R.M., уважліва слухаюць новыя песьні.
– То бок новы N.R.M. не прымаюць толькі ў Менску?
– Новы N.R.M. у Менску не выступаў шырока. Мы гралі на "Рок-Каранацыі" і нас там цудоўна прынялі – можаце паглядзець відэа. Людзі ўважліва слухалі новыя песьні і з захапленьнем успрынялі старыя. Памятаю калісьці даўно, яшчэ старым складам, мы першы раз гралі "Тры чарапахі" і ў залі павісла ціша неразуменьня. Калі мы запісалі трэк "Палітыка-паралітыка" і выклалі ў вас на "Тузіне Гітоў", то ў абмеркаваньнях людзі пісалі, што гэта лухта, папса і гэтак далей. Усё новае заўжды ўспрымаецца менавіта так. Тым болей, што на "Рок-Каранацыі" быў першы канцэрт адноўленага складу, таму нас прынялі з насьцярожанасьцю. Цяпер інфармацыя пра N.R.M. у мэдыях грунтуецца толькі на песьні "Аўтарадыё". Таксама на некаторых сайтах зьяўляюцца часам артыкулы, якія інсьпіраваныя рознымі людзьмі.
– Акрамя таго, што вы граеце, дык яшчэ і прамоцыяй займаецеся. Не падаецца, што робіце гэта досыць навязьліва. У тым жа Facebook, напрыклад.
– Я нядаўна адкрыў для сябе Facebook і, як навічок, напэўна троху перагінаю палку. Дарэчы, там няма N.R.M. Я выкладаю кліпы гурта GARADzKIJA, якія большасьць маіх знаёмых ніколі ня бачыла. Калі я і навязьлівы, то, хутчэй, ня як прадстаўнік N.R.M., а прыватна, як Піт Паўлаў. Пагаджуся: я навязьлівы ў Facebook.
– А які лёс у гурта GARADzKIJA?
– Зараз гэты праект тупа зачынены на нейкі час. Уся ўвага цяпер надаецца толькі N.R.M. Напісаныя новыя песьні, на цэлы альбом. Іх трэба адрэпэтаваць ды запісаць. А потым выпрамаваць праз той жа Facebook ці нейкі іншы рэсурс, які захоча гэтым займацца. Бо акрамя інтэрнэту цяпер ня так шмат магчымасьцяў.
–А не баіцеся, што новы N.R.M. напаткае лёс вашых старых праектаў?
– Не, не напаткае. Мае старыя праекты зробленыя вельмі якасна, але яны заўсёды знаходзіліся ў ценю N.R.M. А ў N.R.M. цень даволі сур’ёзны. Бо гэты гурт значна мацнейшы за любы іншы праект. Цяпер гэтага ценю няма. Я ўпэўнены ў тых песьнях, якія ўжо напісаныя. Гук мне падбаецца. Мы знаходзімся ў добрай форме, рэпэтуем часта – ніколі столькі не рэпэтавалі за ўсю гісторыю існаваньня гурта. Адзіная праблема, якая існуе – гэта цяжкасьць з публічнай рэпрэзэнтацыяй. Мы плянавалі калі-небудзь зайграць у Палацы спорту, на плэнэрах, буйных фэстах. Як ні дзіўна, па-за Менскам гэта атрымоўваецца, а ў Менску – не. Я б не хацеў вельмі мусіраваць гэтую тэму, бо ў нашым выпадку лепей маўчаць і граць, чым крычаць пра сваю адну прыўкрасную забарону і раз на год выступаць па завугольлях. Усё ж такі ў нас атрымліваецца выступаць на фэстывалях. Ужо ёсьць даты восеньскай трасы N.R.M. Заплянаваныя тыя ж самыя гарады, у якіх мы ўжо гралі, але будуць больш вялікія пляцоўкі.
– Пасьля рэанімацыі N.R.M. удалося пачаць зноў зарабляць на музыцы?
– Пакуль не атрымліваецца зарабляць, як раней. Да таго ўзроўню, які быў калісьці мы яшчэ не вярнуліся. Па-першае, нашае ўзнаўленьне супала з эканамічным крызісам у краіне. Па-другое, і ў слухачоў, і ў арганізатараў канцэртаў да нас пакуль ёсьць недавер. Для таго, каб добра зарабляць патрэбныя вялікія пляцоўкі: клюбы памерам з "Рэактар", вялікія фэсты. Пакуль на гэты ўзровень мы ня выйшлі. Але гэта зьвязана з адсутнасьцю рэгулярнай працы цягам амаль пяці гадоў. Цягам гэтага тэрміну не рабілася ніякай прамоўтэрскай працы. Зараз яна робіцца не так актыўна, як хацелася б – толькі праз мой навязьлівы Facebook. Але, дзякуй Богу, цяпер аднавілася праца гурта. А гэта заўсёды лепей за ўсялякае прома.
– Пасьля разыходу зь Лявонам Вольскім прайшоў нейкі час, эмоцыі згасьлі. Ці ўзнавіліся вашыя стасункі?
– Не, стасункі не ўзнавіліся. Скажу болей: напэўна яны ўжо і ня ўзновяцца. Мы паспрабавалі падыйсьці да Лявона падчас прыёму ў амэрыканскай амбасадзе. У яго была дзіўная рэакцыя. Ці то ён спалохаўся, ці то зьдзівіўся. Гэта вельмі не прыемна. Калі яму здаецца, што людзі, якія цягам дваццаці гадоў (а ў выпадку Алезіса – нават трыццаці) аддавалі яму сваё жыцьцё, заслугоўваюць такога абыходжаньня, то калі ласка. Тады хай сябруе з новымі-харошымі. Мне такія стасункі зусім не патрэбныя, яны мяне дэмаралізуюць. Я не перакрэсьліваю таго, што было. Хутчэй, я ганаруся гэтым.
Тэкст: Аляксей Мінчонак, "Тузін Гітоў"