Як стала вядома "Тузіну Гітоў", гурт "Разьбітае Сэрца Пацана" вырашыў запісаць цалкам беларускамоўны альбом. "У пэўны момант мы адчулі, што свае думкі на трасянцы выказваць ня можам. Асабліва цяжка, калі хочаш данесьці нешта сур’ёзнае", – прызнаўся "Тузіну Гітоў" адзін з заснавальнікаў гурта Павал Гарадніцкі.
За працу над першай у гісторыі гурта беларускамоўнай кампазыцыяй музыкі мяркуюць сесьці 31 кастрычніка, як толькі вярнуцца з гастроляў па Італіі. Песьня мае назву "Калі я п’яны, я – культавы". Яна ўвойдзе ў максі-сынгл гурта, які будзе прадстаўлены пры канцы 2011 году. Акрамя гэтага твору ў дыск пад працоўнай назвай "Вэнэсуэла" ўвойдуць чатары кампазыцыі на звыклай для прыхільнікаў каманды трасянцы. Але, як кажа Павал Гарадніцкі, у будучым новым поўнафарматным альбоме песень на трасянцы ня будзе зусім.
"Нам трэба разьвівацца далей, нам хочацца ня толькі весяліць публіку, але і змушаць яе задумацца над істотнымі рэчамі. У пэўны момант мы адчулі, што свае думкі на трасянцы выказваць ня можам. Асабліва цяжка, калі хочаш данесьці нешта сур’ёзнае. Найлепш тут пасуе беларуская мова, на якой мы размаўляем у сваіх сем’ях", – кажа Павал Гарадніцкі. Паша мяркуе, што цяпер асабліва абвострылася пытаньне беларускай мовы: "Фактычна так склалася, што калі ты абіраеш для стасункаў сваю мову, то яшчэ і выказваеш пэўную грамадзянскую пазыцыю, няхай ты нават і не бярэш актыўнага ўдзелу ў палітыцы. І мы хочам сказаць, што мы на баку праўды, справядлівасьці і шчырасьці. Зрэшты, мы ніколі не хавалі сваіх поглядаў. Зараз жа мы будзем выказваць свае думкі больш ясна".
У тым, каб зьмяніць назву разам са зьменай канцэпцыі, удзельнікі "Разьбітага Сэрца Пацана" сэнсу ня бачаць: "Гэта наша дзіця, якому мы далі імя. І гэтага ўжо ня зьменіш. "Ляпісы" ж таксама назвы не зьмянялі, хоць і перагледзілі свой падыход да творчасьці", – кажуць музыкі і заўважаюць, што зусім ня супраць, калі нехта будзе расшыфроўваць іх абрэвіятуру РСП неяк па-іншаму: "Можаце нас зваць "Рэспублікай Свабодных Паганцаў", калі хочаце", – сьмяецца Павал. Застанецца і танцавальны дуэт ЭВМ, дзяўчыны хіба толькі ўвядуць новыя касьцюмы і развучаць іншыя танцы.
Зьменіцца РСП і з музычнага гледзішча. Музыкі хочуць зрабіць сваю гучаньне больш электронным, а таксама зьбіраюцца перабрацца ў другую студыю, каб атрымаць у гуку "больш прасторы і сьвятла".
Новы альбом гурт прэзэнтуе ўжо ў наступным годзе. А вось прэм’еру песьні "Калі я п’яны, я – культавы" РСП плянуе зладзіць на "Тузіне Гітоў" да калядных сьвятаў.
Тэкст: Іван Бяспалы, "Тузін Гітоў"
Фота: Tarantino
Комментарии
А якія ў іх яшчэ ёсць
А якія ў іх яшчэ ёсць альбомы?
Два альбомы
Два альбомы на трасянцы.