У вялікім інтэрв'ю "Еўрарадыё" мастацкі кіраўнік "Аканы" Ірэна Катвіцкая распавяла пра супольны праект з швейцарскім гуртом Albin Brun Alpin Ensemble, навошта існуе мноства "Акан", і якія песні беларускага календара павінен ведаць сапраўдны беларус.
ПРА KAZALPIN: ШТО БЫЛО І ШТО БУДЗЕ
– Нядаўна ў Беларусі быў прадстаўлены выдатны супольны праект Akana і швейцарцаў Albin Brun Alpin Ensemble пад назвай Kazalpin. У якім стане ён знаходзіцца на дадзены момант?
– Мы запісалі альбом ў Швейцарыі, ён зараз рыхтуецца да выхаду. Вось мы чакаем апошніх этапаў, калі будзе мастэрынг. Вядуцца перамовы, каб яшчэ раз правезці тур па Беларусі з хлопцамі са Швейцарыі. Зноўку будуць Віцебск, Гродна, Брэст, Мінск. Тур плануецца на верасень.

Kazalpin
– Дыск будзе выдадзены ў Беларусі ці Швейцарыі? А можа ўвогуле выкладзены ў Сеціве?
– Пакуль гэта яшчэ пытанне, але, я спадзяюся, нашы слухачы будуць мець магчымасць паслухаць альбом. Напэўна, частка нейкая будзе выдавацца ў Беларусі. Не выключаем, што дыск з’явіцца і ў Інтэрнэце.
– Ці мае працяг праект? Ці ён завершыцца пасля альбома і гастроляў?
– Я думаю, што праект будзе працягвацца, бо мы пачалі працаваць над новымі кампазіцыямі. Так склаліся абставіны, што нам вельмі падабаецца працаваць разам, і ні ў якім разе не хочацца разыходзіцца ў розныя бакі.
– Тым не менш, праект атрымаўся дзякуючы еўрапейскім фінансаванням. У яго працяг вы будзеце ўкладаць свае ўласныя сродкі ці шукаць дадатковыя гранты?
– Я разумею, што праект будзе падтрымлівацца дзякуючы швейцарскім структурам. Праўда, гэта будзе невялікая частка. Зараз праект арыентаваны на тое, каб пачаць канцэртную і фестывальную дзейнасць, каб ён мог жыць самастойна.
– Многія заўважылі, што Akana і ансамбль Альбіна Бруна дасягнулі ў сваім саюзе ідэальнага гучання. Ці дазволяць швейцарскія музыкі карыстацца іх апрацоўкамі пасля завяршэння праекта?
– Нашы апрацоўкі на 80 адсоткаў – сумесная справа. Напалову – мае, напалову – Альбіна.
– То бок, вакальныя – твае, а інструментальныя – Альбіна?
– Не, мае і інструментальныя, і ў плане кампазіцыі і формы, матэрыялу, музыкі. Таму мы маем права выкарыстоўваць гэтыя апрацоўкі.

Akana
– Які досвед вы вынеслі са швейцарскімі музыкамі, праехаўшыся па гарадах Беларусі? Што запомнілася больш за ўсё?
– Запомнілася тое, што публіка вельмі шчыра гэта ўспрыняла: адразу гэта былі адкрытыя вушы, адкрытыя вочы і сэрцы. Гэта было цудоўна і прыемна!
– А як рэагавалі швейцарцы на нашае жыццё?
– Было цікава назіраць, як яны ўвогуле ўспрымаюць краіну. Некаторыя з музыкаў упершыню былі ў Беларусі і ім падабалася ўсё – і наш уклад жыцця, і адносіны паміж людзьмі, і людзі, якія на канцэрце, і людзі, якія ў рэстаране і на вуліцы. Яны выдатна тут сябе адчувалі. Цікавы момант – яны былі свабоднымі. Ім спадабалася.
– А прыкольныя гісторыі здараліся з вамі падчас гастрольных вандровак?
– Прыкольна было тое, што ўсе швейцарцы – вельмі сур’ёзныя людзі ў сябе на радзіме, нават іх фотаздымкі вісяць у музеях. А тут яны ў момант сталі падлеткамі-тынэйджэрамі! Падчас нашых вандровак здараліся цікавыя гісторыі. Напрыклад, на форуме мы знайшлі такі пост, кшталту, чалавек, якому гадоў 40, усё жыццё марыў не піць. Пасля нашага канцэрта ў Брэсце ён напісаў: "У маім жыцці гэта адбылося. Усё. Я больш не п’ю!" Адна дзяўчына падышла пасля канцэрта і сказала, што адгэтуль яна будзе размаўляць толькі на беларускай мове!
ПРА "ПАДРАЗДЗЯЛЕННІ" AKANA, NHS, РУСЮ І НАСТУ НЯКРАСАВУ
– Ходзяць чуткі, што Akana мае некалькі складаў для розных жыццёвых сітуацый. Ёсць тры дзеўкі, якія спяваюць бабуліны песні, ёсць "электронная" Akana, "прыджазаваная" і г.д. Навошта патрэбна так шмат "Акан"?
– Гэта арганічна склалася. Калі мы спяваем утрох аўтэнтычную музыку, максімальна набліжаную да таго аўтэнтычнага гучання, якое мы гэта чуем на пласцінках, у экспедыцыйных матэрыялах, - гэта асаблівы від дзейнасці. І калі мы разважалі, як гэта вылучыць з Akana, якая ўжо асацыюецца з этна-джазам, то гэта – Akana-NHS – народна-харавыя спевы – тры дзеўкі, якія спяваюць максімальна набліжаныя да традыцыі беларускія песні. Усё астатняе – нашы эксперыменты з электроннай музыкай, этна-джазавы накірунак – гэта Akana.

– То бок, Акана-NHS – гэта тры вакалісткі, а Akana – гурт, які аброс музыкамі?
– Akana – гэта тры дзеўкі, якія супрацоўнічаюць з рознымі музыкамі, – так больш дакладна.
– Ці засталося ў Akana нешта ад былога NHS?
– Калі я стварала NHS, па-першае, гурт называўся NHS і гэта быў вучэбны калектыў пры музычнай вучэльні, мэта якога – вывучэнне традыцыі. Гэтыя ж дзяўчаты разам са мной потым сталі называцца NHS-Etna і ўжо займацца эксперыментамі з джазам. Тут усё як дрэва – нельга яго разсякаць на дзве часткі.
– Пасля сыходу Насты Някрасавай існаванне NHS было пад пытаннем. Многія лічаць, што калі б у свой час на месца Насты не прыйшла Руся, то ніякай Akana не было б. Ці так гэта?
– Я не ведаю. Я вельмі рада, што Руся прыйшла, і што мы разам.

– Ці маеш ты нейкія стасункі з Настай Някрасавай і ці падабаецца табе яе мастацтва?
– У нас амаль не засталося ніякіх стасункаў. Апошні раз мы сустракаліся год таму падчас паседжання джазавай секцыі, якую планаваў адкрыць спадар Падбярэзскі пры саюзе Музычных дзеячаў. Мы размаўлялі з Настай наконт яе вучобы ў Варшаве. Часам я чую яе творы з Інтэрнэта. Ну, цікава.
ПРА КІРАЎНІЦТВА І МЭТЫ
– У Akana ты выступаеш у якасці музычнага кіраўніка і вакалісткі. Наколькі вынік вашай працы залежыць ад твайго бачання і слова?
– Думаю, залежыць (смяецца).
– А што трэба рабіць, каб усе астатнія ўдзельнікі гурта пагадзіліся з табой?
– Трэба размаўляць, распавядаць пра свае задумы, накірункі густу. Гэта адносіны ў гурце, і ўсё.
– А ўвогуле, для чаго існуе Akana? Якая мэта існавання гурта? Што вы хочаце сказаць сучаснікам?
– Першае, што мы хочам сказаць, што традыцыя – яна жывая, і, як жывая рэч, яна будзе развівацца, пераходзіць у іншыя параметры нашага жыцця, цывілізацыі, набываць тэхнагенныя характарыстыкі, таму што, падкрэслю яшчэ раз, яна жывая, не мёртвая, гэта не музей. Гэта наша асноўная думка. Таму можна ў адным канцэрце спяваць музыку, блізкую да аўтэнтыкі і яе апрацоўкі.

ПРА ЭКСПЕРЫМЕНТЫ З БАБУЛІНАЙ ПЕСНЯЙ
– У Беларусі даволі шмат гуртоў, творчасць якіх базуецца на аскетычный аўтэнтыцы, і якія не прызнаюць эксперыментаў у дачыненні да народных песень…
– Насамрэч, я не ведаю аніводнага калектыву, які б прытрымліваўся аўтэнтыкі і ніколі не рабіў эксперыментаў! Напрыклад, цудоўная Гуда. Яны ж таксама рабілі эксперыменты! Апошні раз мы сустракаліся ў мінулым верасні на "Камяніцы" і шмат размаўлялі наконт гэтых спраў. Я не пабачыла нейкай там агрэсіі кшталту "Не, не чапайце!". Не. Наадварот, адмоўнае стаўленне да эксперыментаў мне сустракалася на навуковых канферэнцыях, дзе тэарэтыкі-музыказнаўцы вельмі жорстка ўспрымалі вольную інтэрпрэтацыю бабуліных песень, маўляў, "нельга чапаць гэта рукамі, гэта наш скарб, наша спадчына, ніякіх трансфармацый". Так што ёсць адзінкі, якія выступаюць супраць, але ў асноўным, фалькларысты падтрымліваюць нашу дзейнасць. Я шмат размаўляю з Тамарай Варфаламеевай. Разам з Зінаідай Мажэйка – гэта два фалькларысты, якія дзесяцігоддзі працавалі на захаванне традыцыі, якія аберагалі яе ад самадзейнасці, калі выцягваюць бабуль спяваць пад гармонік. Мне было вельмі цікава, як яны адрэагуюць на нашу творчасць. Прыйшоўшы ў госці да Тамары Варфаламеевай, я паказала ёй усе нашы эксперыменты, уключаючы праект са швейцарцамі. Яна сказала, што вельмі рада, што ёсць такая з’ява, яна бачыць у гэтым існасць, таму што нельга кансерваваць жывыя рэчы.
– На твой погляд, Akana – інтэлектуальнае, элітарнае, незалежнае ці альтэрнатыўнае мастацтва?
– Я думаю, дамінанта Akana – эмацыйнасць, гэта эмацыйнае мастацтва ў першую чаргу. А таму, што яна эмацыйная, яна ўваходзіць ва ўсе пералічаныя табою сферы.
ПРА "КНЯЗЯ МЫШКІНА", "НОВУЮ" AKANA З АНДРЭЕМ ЖУКАВЫМ І АЛЯКСЕЕМ ВАРСОБАМ
– Ірэна, апроч Akana ты супрацоўнічаеш з гуртом "Князь Мышкін"… Чым цябе прывабілі Лёня Нарушэвіч і Віця Сямашка?
– Гэта выключна сяброўскія ўзаемасувязі. Гэта як сустрэча паміж сябрамі: ты выйшаў на сцэну, і такім чынам з імі размаўляеш. Такі ўзаемаабмен эмоцыямі.
– Ці няма жадання стварыць свой сольны праект?
– Я пакуль займаюся крыху іншым. У маіх планах – праект з Андрэем Жукавым, Аляксеем Варсобам з гурта Port Mone. Там будуць дзяўчаты спяваць…

– То бок, гэта не будзе Akana?
– Гэта будзе Akana. Мы ставім перад сабой задачу спалучыць этніку з усімі тэндэнцыямі нью-класік, сучаснымі формамі джазу і рознымі кірункамі электроннай музыкі. Павінен атрымацца букет, дзе беларуская этніка ўсё роўна застанецца дамінантай.
– Дзе і як будзе прэзентаваны праект?
– Зараз ідуць перамовы наконт нашага выступу ў Мірскім замку ў чэрвені падчас канцэрта Іны Жаланнай.
ПРА МАНЕРУ СПЕВАЎ І ЭКСПЕДЫЦЫІ
– Ты валодаеш незвычайнай манерай спеваў. Гэта манера паходзіць з нейкага канкрэтнага рэгіёну ці гэта кампіляцыя манер плюс ты сама?
– Напэўна, кожны спявак цягнецца да нейкага канкрэтнага рэгіёну. Вось мой рэгіён – гэта Гомельшчына, хоць я мінчанка, і мае бацькі – гарадскія.
– Ці варта ездзіць па экспедыцыях, ці будзе попыт на бабуліны песні, ці будзе іх нехта слухаць праз 40 гадоў?
– У Акадэміі музыкі існуе факультэт этнамузыказнаўства, дзе ёсць база экспедыцыйных матэрыялаў. Я буду свае матэрыялы аддаваць ім, яны будуць пераводзіць гэта ў лічбу і такім чынам захоўваць. Заўсёды будуць студэнты, якія будуць гэта слухаць. Няхай гэта будзе адзін студэнт ці два! Няхай яны зробяць толькі адзін артыкул ці аўдыёатлас! У экспедыцыі варта ездзіць!

– Экспедыцыя звычайна – эмацыйны ўсплёск, рамантыка, стрэс у нейкім сэнсе. Што ты перажываеш падчас экспедыцыі?
– Рамантыка – гэта пакуль ты туды едзеш. Потым, калі ты туды ўжо прыехаў, гэта ніякая не рамантыка, гэта цяжкая праца! Таму што ты кожны дзень з раніцы да вечара павінен збіраць як мага больш матэрыялу, як мага больш хат абыйсці, як мага больш бабуль разгаварыць! Бабуся павінна табе раскрыцца, не будзеце ж вы камень насупраць каменя! Гэта эмацыйнае напружанне і цяжкая праца. А эйфарыя з’яўляецца на зваротным шляху, калі ты вяртаешся дадому. Усё-такі нават не матэрыял, не песні на першым месцы, а людзі – ты сутыкнуўся з існасцю.
КАБ БЕЛАРУСУ НЕ БЫЛО СОРАМНА!
– Якія песні беларускага календара павінен ведаць кожны нармальны беларус?
– Па-першае, хоць адну калядку, кшталту "Ішла Каляда калядуючы" ці "Гогого Каза" – гэта класіка. Вядома, хоць адну вяснянку, напрыклад "Вясна-красна, што нам прынясла". Пра русальныя, духаўскія, траецкія пакуль не буду казаць, бо гэта нюансы. Купальскую – "У нас сягодня Купалачка", жніўную – "Жыто половее".
– А восеньскую якую параім? Можа знакамітую "Лосю"?
– Так. Гэта класіка. У 80-х гадах нашы фалькларысты склалі анталогію беларускіх песень, і вельмі добра расклалі ўсё па жанрах – яны выбіралі тыповыя матывы, дзякуючы якім можна было лёгка індэтыфікаваць песню. Гучыць песня, і ты адразу разумееш – гэта калядка. А яшчэ класікай у навуковых працах называюць наша жніво і хрэсьбіны. Вось гэта тыя напевы, асабліва хрэсьбіны, не захаваліся нідзе ў славян, акрамя беларусаў.

– Ты выкладаеш у музычнай школе. Якім чынам адбываюцца твае заняткі з дзеткамі?
– Я з дзеткамі працую так, як мы працуем з дзяўчатамі ў Akana. Я стаўлю ім пласцінку, яны слухаюць, мы разам запісваем і расшыфроўваем словы. Старэйшыя класы могуць самі расшыфраваць і запісаць мелодыю – яны ж пішуць дыктанты на сальфеджыа, гэта для іх не праблема. А потым яны становяцца разам і спяваюць. Яны не ўдаюцца ў пытанні кшталту "што гэта" ці "навошта гэта". Яны ўспрымаюць свайго выкладчыка. Выкладчык – аўтарытэт і ўсё! У працэсе я магу распавесці ім пра абрад. Калі дзяўчатам, якім 12-13 год, дазваляеш да песні падабраць акампанемент, гучыць адзін акорд – і гэта ўжо эмбіент, а калі яны яшчэ паказваюць свае тэмбральныя фарбы – гэта іх заварожвае!
– Ходзяць яны на канцэрты Akana?
– Так, разам з бацькамі.
– Мараць быць такімі ж добрымі спявачкамі, як іх настаўніца?
– Думаю, што так!
– Ці ёсць нейкі рэгіён у Беларусі, у якім ты яшчэ не была, але які б хацела даследаваць?
– Брэстчына. Гэта для мяне пакуль "тэра інкогніта".
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: Яўген Ерчак, Generation.by, Budzma.org, а таксама з facebook Ірэны і Русі