О проекте

Цімафей Яравікоў ("Сердце дурака"): "Я не магу маўчаць" (+відэа)

 

З нагоды выхаду новага відэа на песьню "Январь" дырэктар і рэжысэр гурта "Сердце дурака" Аляксандар Мельнікаў ды лідэр каманды Цімафей Яравікоў паразважалі ў інтэрвію "Тузіну Гітоў" над тым, навошта цяпер здымаць кліпы, прызналіся ў любові да Akute ды распавялі пра лёс "Маці": "Неяк сталася, што ў мяне больш няма нагоды адчуваць сябе чужым для гэтага народу. Тое, што тут адбываецца, я перажываю з болем. І адчуваю, што мае слухачы таксама, у якой бы краіне я ні граў".

– Толькі што вы прадставілі ў сеціве кліп на песьню "Январь". Дзеля чаго ў прынцыпе цяпер здымаць відэа?

Цімафей: Калі шчыра, гэтае пытаньне вось так упершыню агучана, а таму застала зьнянацку. Сапраўды, зусім нядаўна ў шмат якіх камандаў наогул не было кліпаў, і гэта не зьдзіўляла. А сёньня гэта неяк нават натуральна, што выканаўцы здымаюць кліпы. Настолькі натуральна, што ў мяне нават не паўстае пытаньня: дзеля чаго. Ня дзіва, бо гэта цікавы сучасны жанр, у якім хочацца сябе паспрабаваць. Можна ж зьняць пад песьню караценькі фільм – і гэта будзе нешта зусім новае. Канечне, ніхто не застрахаваны ад таго, што добры тэкст можа быць забіты кепскім выкананьнем ці няякасным відэа. Але паспрабаваць жа цікава. Таму маё тлумачэньне – гэта проста вельмі цікава. А пра камэрцыю мы па шчырасьці не асабліва думалі. Хацелася шчыра зрабіць справу і максымальна добра, каб атрымаўся цэльны твор, які можна было б назваць мастацкім.

Аляксандар: Добрае відэа папросту неабходна гурту. Гэта як візытоўка. І лепей, каб такіх картак была цэлая ўпакоўка. Сёньня мы нясем кліп на мясцовы канал, яго бяруць у ратацыю. Спадзяемся, што ён патрапіць і на сталічныя каналы, а таксама расейскія ды ўкраінскія.

– Якую ідэю вы ўкладалі ў гэтую працу?

Цімафей: Не хацелася бы разжоўваць, пагатоў з майго аўтарскага гледзішча ня ўсё там так складана. Дадзенай песьні нямала год і я заўважаў шматкроць, што яе ўспрымалі як нейкую вострасацыяльную рэч і толькі. Так, такія ноткі ў ёй ёсьць, але я нават крыўдую за аднабокасьць такога ўспрыманьня. Таму ў кліпе хацелася падкрэсьліць інтымны сэнс, больш агульначалавечы. Хацелася распавесьці гісторыю, якая будзе зразумелай ва ўсе часы. Спадзяюся, што ў гледачоў атрымаецца прачытаць усе падтэксты, якія ёсьць у кліпе, бо мы карысталіся самымі простымі выяўленчымі сродкамі.

Аляксандар: Калі ў якасьці тызэра, то я бы распавёў так: тут паказана адна з сытуацыяў, якая можа моцна зьмяніць чалавек знутры. Але толькі сам чалавек вольны вырашаць – ці скарацца гэтай сытуацыі альбо быць мацнейшым за яе. Шмат хто забывае, што чалавек можа зьмяніць усё. Галоўная загадка, якую я бачу ў роліку – хто гэты стары, якога сыграў Цімафей. Наогул жа мы дамовіліся не распавядаць, пра што канкрэтна ролік, дакладней наша бачаньне таго, што там адбываецца. Таму што сюжэт можна зразумець па-рознаму, мы якраз прагнулі такога эфэкту. Даволі часта слухачы песьні Цімы ўспрымаюць зусім ня так, як ён іх пісаў, і бачаць у тым жа відэа тое, пра што мы ня думалі зусім. Таму досыць цікава зьбіраць розныя меркаваньні.

– Ад часу выхаду дэбютніка "Децтво" мінула ўжо амаль тры гады. Калі чакаць новы альбом і як ён будзе звацца?

Цімафей: Якраз цяпер шчыльна працуем у студыі, так што да лета вырашылі нават канцэрты не даваць. Працоўнай назвы пакуль няма ў новага дыску, хоць музыкі ды сябры ціснуць, каб я хутчэй вызначыўся, а я маруджу з уласьцівым мне занудзтвам. Даць імя – крок вельмі сур’ёзны. Мне трэба быць унутрана да гэтага гатовым, а я такой гатоўнасьці яшчэ не адчуваю.

– Ці ўжо бачна, чутна і зразумела, чым ён будзе адрозьнівацца ад папярэдняга?

Цімафей: О, адрозьнівацца будзе, канечне. Нават запісаныя і паказаныя пасьля першага альбома песьні відавочна розьняцца ад першага студыйніка. У нас цяпер ёсьць агульнае адчуваньне, што новы паўнафарматны альбом мусіць быць даволі драйвовым і, быць можа, нават цяжкім. Але не магу абяцаць нічога дакладна, бо запіс – працэс непрадказальны. Ведаеце, як у літаратуры: ня толькі аўтар, кажа слова, але і слова часам кажа праз аўтара. І добры аўтар, як бы не любіў свайго галоўнага героя, абавязкова заб’е яго пры канцы кнігі, калі герой павінен памерці. Таму што гэта будзе кепскі твор і кепскі аўтар, калі герой застанецца жыць насуперак мастацкай праўдзе расповеду. І гэты момант цяжка пралічыць – ён усё адно прадыктуе сваю волю. Як кажуць, хочаш расьсьмяшыць Бога – распавядзі яму пра свае пляны. Мяркую, Ён і так нямала ўсьміхаецца, калі глядзіць на нас.

– А вы цікавіцеся тым, што адбываецца ў беларускай музыцы? Ці ёсьць для вас асабістыя адкрыцьці на нашай сцэне?

Цімафей: Не магу сказаць, што вельмі цікаўлюся тым, што адбываецца на нашай сцэне. Я даволі лянівы, а да ўсяго ня маю ані плэера, ані радыё, ані тэлевізара, ані нармальнага кампутара. Але ж мы ня ў цёмным лесе жывем, нешта да нашых вушэй дабіраецца. Наогул магу сказаць, што беларуская ракенрольная сцэна вельмі цікавая. Нават у параўнаньні з расейскай ды ўкраінскай. Ня ўгледзьце пагарды ў маіх словах, бо я папросту ня ведаю, што адбываецца ў дальнім замежжы, а ў Расеі ды Ўкраіне часам бываю. Мне падабаецца, што ўсё больш выканаўцаў у нас пішуць і сьпяваюць па-беларуску. У мяне на самой справе ўстойлівае адчуваньне, што беларуская – гэта стыльна. Канечне, Магілёў дае нямала адкрыцьцяў. Akute люблю, новага альбома "Обаяния невовлеченности" не магу дачакацца. Зь вялікай увагай сачу за посьпехамі Волі Ганаковай, цікавага аўтара з фантастычным голасам і вялікім рэпэртуарам, дзе напалову беларускамоўных і расейскамоўных песень. Да жалю, яна больш запатрабавана ва Ўкраіне, чым у нас, і я лічу гэта несправядлівасьцю. З сталічных гуртоў з задавальненьнем адзначаю рост папулярнасьці "Серебряной свадьбы", яе ведаюць за межамі краіны і гэта здорава. І наогул узровень маладых гуртоў на маё адчуваньне вырас за апошнія годы. А вось зьяўленьне чорнага сьпісу ды апальнае становішча ў краіне некаторых вядомых музыкаў выклікаюць у мяне злосьць ды нянавісьць.

Аляксандар: Сёньня вельмі шмат цікавага адбываецца на беларускай сцэне, у прыватнасьці на магілёўскай. Сапраўды вельмі добрыя Akute, якія на днях прэзэнтуюць новы альбом. "Петля пристрастия" яшчэ. Моцнае ўражаньне зрабіў кліп менскага гурта Ili-ili на песьню "v.v". Ды і наогул адчуваецца агульны ўздым.

– Як склаўся лёс вашай адзінай беларускамоўнай песьні "Маці", запісанай для праекту "Тузін. Перазагрузка"?

Цімафей: У "Маці" цікавы лёс. Яна была запісана для праекту, але так і не набыла канцэртнага гучаньня, але я рэгулярна граю яе на акустычных канцэртах. Часьцей на гастролях у Расеі ды Ўкраіне. Паколькі тэкст у ёй ня вельмі складаны, суседзі яе разумеюць. І нават праблематыку адчуваюць. Для мяне самога яна набыла ў пэўны момант другі сэнс. Яна пісалася як адказ на некаторыя радыкальныя нацыяналістычныя ідэі ў Беларусі, але ў апошні год для мяне яна гучыць вельмі асабіста. Зьвязана гэта з усталяваным у нас парадкам рэчаў. Неяк сталася, што ў мяне больш няма нагоды адчуваць сябе чужым для гэтага народу. Тое, што тут адбываецца, я перажываю з болем. І адчуваю, што мае слухачы таксама, у якой бы краіне я ні граў.

– Сёлета вашаму гурту 10 гадоў. Ці можаш адказаць, якая ідэя трымае вас разам увесь гэты час?

Цімафей: Не скажу, што склад "Сердце дурака" ніколі не зьмяняўся. У нас пэрманэнтна назіраецца цякучка кадраў, але каманда пад такой назвай працягвае існаваць. У мяне адно тлумачэньне гэтаму: гурт жыве і рухаецца, бо да гэтага абавязваюць песьні. А па-другое, ёсьць людзі, якія гэтыя песьні любяць. Большай жа ідэі, чым песьні, я прыдумаць не магу.

Тэкст: Іван Бяспалы, "Тузін Гітоў"

Сердце дурака

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net