Удзельнікі яркіх беларускіх альтэрнатыўных камандаў 90-х і 00-х распавялі "Тузіну Гітоў" пра лёс сваіх праектаў, якія зусім зьніклі з далягляду цягам апошніх гадоў. Слава Корань чакае басіста з Канады, каб пачаць працу над новым дыскам, Скрыпа ўжо запісаў чатыры новыя альбомы, удзельнікі Rasta засяродзіліся на новым праекце, але пра сьмерць свайго гурта казаць ня хочуць, Лявон Вольскі таксама ня мае жаданьня хаваць свой праект Zet.
ULIS
Сайт гурта Ulis (www.ulis.by) пяць гадоў як не абнаўляецца. Апошняя навіна датуецца летам 2007 году, у ёй паведамляецца пра тое, што зьявілася ангельскамоўная вэрсія старонкі. Сам гурт на чале з Славам Коранем апошні альбом "Люстэрка" выдаў у 2003 годзе і выступіў ужывую за гэты час лічаныя разы. Лідэр каманды раз-пораз заўпэўніваў у сваіх інтэрвію, што мае нямала матэрыялу для новага альбома і чуткі пра распад гурта называў лухтой. Апошнія выступы каманды датуюцца 2009 годам. Тады Ulis даў сольны канцэрт у Полацку ў красавіку ды ў жніўні ўзяў удзел у фэсьце Be Free, што праводзіўся ў Чарнігаве.
Ulis "На маёй вуліцы" (live 2009)
На пытаньне "Тузіна Гітоў", ці можна лічыць жывым ягоны гурт, музыка адказаў з гумарам: "Не дачакаецеся!" "Ulis жывы гэтак жа сама, як і ўсе астатнія беларускія рок-гурты ў сучаснай сытуацыі ў нашай краіне. А сытуацыя тая ўсім добравядомая…" – распавядае Слава. Сам ён жыве доўгі час у Польшчы, а басіст гурта Віктар Самарукаў – у Канадзе. "Як толькі Віця вернецца, адразу бярэмся рабіць новую праграму", – абяцае лідэр Ulis.
ZYGIMONT VAZA
Гурт Zygimont Vaza сёлета будзе спраўляць 25-гадовы юбілей, калі весьці адлік ад 1987 году, калі лідэр каманды сабраў першы яе склад яшчэ пад назвай Bastinda (пад цяперашняй назвай музыкі выступаюць з 1989 году). На сайце каманды наогул нічога не паведамляецца пра яе дзейнасьць. Апошні па часе – дзясяты па ліку альбом каманды "Distortion" датуецца 2007 годам. Ён упершыню быў запісаны з жаночым вакалам, у склад гурта тады ўвайшла Вольга Самусік. Праз два гады лідэр Zygimont Vaza Сяргей "Скрыпа" Скрыпнічэнка яшчэ нагадаў пра сябе сольным інструмэнтальным альбомам, выдадзеным пад назвай "Rebe Skrypa". З таго часу ад Сяргея нічога новага не чуваць.
Zygimont Vaza "Лякарня" (2008)
Між тым, Скрыпа жывы і здаровы і музыку кідаць не зьбіраецца. "У стане 90-працэнтавай гатоўнасьці ажно чатыры альбомы за пэрыяд 2007-2011 гадоў, – кажа Сяргей. – Даводка ідзе са страшным скрыпам, прабачце за калямбур. Усе – людзі сямейныя зь дзецьмі, а асноўны час траціцца на зарабляньне грошаў. Карацей, як ва ўсіх, збольшага". Цяпер рыхтуецца да рэлізу чарговы альбом Zygimont Vaza, які будзе звацца "Agromegapolis". Да ўсяго, Скрыпа заснаваў гурт, які завецца The Blue Devils. Новая музычная фармацыя запісала ўжо ажно тры альбомы. "Пры адсутнасьці якой-кольвек выдавецкай сыстэмы на мяне ня ціснуць аніякія прадусары ці кантракты. Таму ўсё так расьцягнулася ў часе. Дэфіцыт кадраў зноў-такі", – тлумачыць сваё шматгадовае маўчаньне музыкант. Аніякіх тэрмінаў рэлізаў ён называць не бярэцца, а пра ўсе бягучыя справы абяцаецца паведамляць на сваім новым сайце.
RASTA
Група Rasta некалькі гадоў лічылася адным зь лідэраў беларускай цяжкай сцэны. Іх альбом "The Age of Movement" (2006) прадусаваў Б’ёрн Энгельман, заўважаны ў працы з In Flames і Rammstein. Рэдкі выпадак для каманды зь Беларусі, калі свой дыск музыкі прадстаўлялі ў шэрагу эўрапейскіх краінаў, прычым часам на велізарную аўдыторыю. У тым жа 2006 годзе Rasta выступіла на фэсьце "Przystanek Woodstock" перад аўдыторыяй у 300 000 чалавек. Да ўсяго іх альбом быў выдадзены для Эўропы, Азіі і Афрыкі пад маркай EMI Music.
У 2007 годзе Rasta атрымала перамогу ў трох намінацыях на цырымоніі "Рок-Каранацыя", у тым ліку і Вялікую карону, як лепшы гурт году. Далей гурт працягнуў езьдзіць па вялікіх фэстах ды засвойваць новыя тэрыторыі – іх дыск "The Age of Meridium" трапіў на музычны рынак Калюмбіі, а таксама быў выдадзены ў Новай Зэляндыі ды Аўстраліі. Але пасьля гэтай аптымістычнай навіны гурт сьціх. Летам 2009 году лідэр і гітарыст каманды Павал Паўліхін сказаў тое, пра што пачалі здагадвацца – гурт Rasta спыніў сваю дзейнасьць. Тым ня менш, музыкі сабраліся разам дзеля выступу на гомельскім Mass Medium Fest летам 2010 году. Гэта і ёсьць апошні па часе канцэрт каманды.
Rasta "Burning Black" (live 2006)
"Я бы не лічыў той выступ разьвітальным, – распавядае цяпер Павал Паўліхін "Тузіну Гітоў". – Пра сьмерць каманды дагэтуль не абвешчана ды і жалобы не назіраецца". Са словаў Паўла, музыкі не дасягнулі тых мэтаў, якія ставілі перад сабой. Іх не задавальняў статус "лякальных знакамітасьцяў" і хацелася большага. "Не скажу, што мы ня мелі сілаў, каб дасягнуць сур’ёзных вынікаў. Проста надакучыла ўсё ў пэўны момант і было вырашана гурт гэты пакінуць у спакоі ды засяродзіцца на новым музычным праекце". Імавернасьць аднаўленьня дзейнасьці гурта Rasta заўжды застаецца, адзначае Павал.
ZET
Апошнія згадкі пра адзін з самых яскравых беларускіх рок-праектаў 00-х – гурт Zet – губляюцца ў жніўні 2008 году. Тады каманда апошні раз выступіла ўжывую. Было тое на фэсьце Be Free ў Львове. Сайту ў яе даўно няма, затое ёсьць суполка прыхільнікаў.
Пік актыўнасьці музыкаў, што выступалі заўжды ў масках і хавалі свае ўсім добравядомыя імёны пад мянушкамі, прыпаў на 2000–2003 гады, калі быў запісаны дэбютнік "З новым годам!" ды аснова для другога альбома, выдадзенага празь некалькі гадоў пад назвай "radzima.com". Але цікавасьць да праекту падмацоўвалася і надалей – кліпам на песьню "Калгас", які зь недагляду нават паказалі па БТ; шыкоўнай песьняй "Белакрылы анёл", якой у 2005 годзе доўгі час не было канкурэнтаў на "Тузіне Гітоў" ды рэдкімі, але звышэмацыйнымі выступамі на фэстах.
Zet "Радзіма-свабода" (live 2000)
"Для мяне ў пэўны час ідэя Zet вычарпала сябе, – кажа цяпер голас праекту Лявон Вольскі. – Мы вельмі шмат сказалі сваімі двума альбомамі. Паколькі мы абралі шлях паўпадпольнага гурта, то ня мусілі выходзяць на сцэну нейкіх патасных мерапрыемстваў. І так безь піяру спачылі ў андэграўндзе". Спробы рэанімаваць праект былі. У 2008 годзе паўстаў праект на адзін канцэрт – Zet Family. Ролю вакалістаў там выконвалі Саша Ракавец з IQ48 і Аляксандар Памідораў. "У нас засталося даволі шмат напрацовак. Была ініцыятыва з боку іншых музыкаў аднавіць праект, але ня здолеў на той момант знайсьці ў сябе сілы, каб працягнуць Zet, – прызнаецца Лявон і адзначае, – Але гэты праект працягваюць іншыя гурты. Напрыклад, першы склад Zet грае на апошнім альбоме Pomidor/off". Музыка ня схільны канчаткова хаваць гэты праект: "Калі я ня здольны ім займацца цяпер, гэта ня значыць, што я ніколі ім не займуся. Празь некаторы час такая магчымасьць можа зьявіцца, не выключаю гэтага".