О проекте

Зміцер Вайцюшкевіч: "Калі хочаш быць шчаслівым і багатым, то аддавай усё лепшае" (+фота)

 

Змітра Вайцюшкевіча за спіной клічуць чалавекам-паштоўкай, бо амаль што на кожнае свята ў яго гатовы альбом. Цяпер, вось, калядны. Пра тое, як рыхтаваўся альбом, што адбылося паміж Змітром і Ганнай Хітрык, чаму музыка перадумаў спяваць з Шаркуновай і іншыя рэчы ён распавёў "Еўрарадыё".

Разам з Арцёмам Кавалеўскім, выкладчыкам БДУ, аўтарам вершаў, Зміцер выдаў святочны альбом кароценькіх песень, куды ўвайшлі дзіцячыя песні, калыханкі і музычныя, кранальныя замалёўкі, якія спадабаюцца і дарослым і дзецям.

Праект называецца "Анёлкі" і з'яўляецца сумеснай працай Змітра Вайцюшкевіча і розных беларускіх вакалістаў. Больш дэталёва пра пласцінку глядзіце ў перадачы-аглядачы, а пакуль што пагутарым з Вайцюшкевічам пра сам праект "Анёлкі", пра яго удзельнікаў і пра тое, чаму калядны падарунак Зміцер не рызыкнуў зрабіць асобна, без запрошаных салістаў.

Зміцер Вайцюшкевіч: "Я падумаў, што ні адзін дзіцёнак ці дарослы не вытрымае праслухаць увесь праект, калі я буду спяваць яго сам. Я хацеў спачатку сабраць кантраверсійны склад выканаўцаў. Аню Шаркунову запрасіць… Пецю Паўлава… Справа ў тым, што за апошнія некалькі гадоў склалася пэўнае кола людзей, якім я сымпатызую, таму я пачаў іх пакрысе запрашаць.

Напрыклад, Алесь Зайцаў (гурт "Босае Сонца") з’явіўся ў маім праекце таму, што ён мае цудоўны тэмбр голасу. Голас ў яго сапраўды незвычайны.

Наста Някрасава таксама выдатная вакалістка. Спявае фольк, але я паставіў перад ёй трохі іншую задачу. Я папрасіў яе драматычна заспяваць.

Ці, вось, Беня! У нас проста добрыя адносіны ўжо не першы год. Напрыклад, калі мне трэба было, яны прыйшлі сыграць на маім канцэрце ў дзень народзінаў бясплатна. Беня не стала ў позу, кшталту, я зорка, давай мне грошы і каньяк!

Янка Маўзер быў кантраверсійнай маёй задумай. І спачатку я хацеў яго паставіць разам з Шаркуновай.

Еўрарадыё: Чаму ў выніку ў такі вялікі сумесны праект не трапіла Ганна Шаркунова, з якой табе так карцела спець, Зміцер?

З.В.: "Гэта здарэнне цяпер ужо стала нават моднай гісторыяй! Справа была такая: у жніўні я патэлефанаваў прадзюсеру Ані Шаркуновай, Ўладзіміру Кубышкіну, каб дамовіцца наконт праекту. Паўгадзіны мы размаўлялі па тэлефоне, я расказваў яму што "Анёлкі", гэта такі цікавы праект, так і так.

Ён мне адказаў, маўляў: "Да, конечно! Нам нужны песни по-белорусски. Телевидение просит иногда". Ну, акей, адказаў я. Здаецца, мы дамовіліся. Але напрыканцы размовы, за якую я плаціў (смяецца), Кубышкін у мяне спытаў нешта кшталту: "Извини, старичек, а че такое "анёлки"? І… як бы так… на гэтым мы і спыніліся.

Я ўжо пачаў працаваць, запісваў пакуль што іншых людзей і неяк патрэба ў Шаркуновай адпала сама па сабе. Я вельмі добра да яе стаўлюся! Яны прыгожая жанчына"!

Еўрарадыё: Спадзяюся, ты патлумачыў Кубышкіну, што такое "анёлкі"?

З.В.:"Так. Сказаў яму, што "это ангелочки по-вашему". (смяецца).

Еўрарадыё: Шкада, што ў цябе не атрымалася перацягнуць Шаркунову на бок беларускамоўных выканаўцаў, але ты запісаў выдатны трэк з бадай што найлепшай джазавай спявачкай Беларусі Жэняй Лятун! Як табе з ёй працавалася?

З.В.: "Жэня Лятун, якая ў сваім жыцці яшчэ ні слова не спела па-беларуску, заспявала ў мяне. Яна і гаварыць на мове не ўмее толкам. З Жэняй нам трэба было папрацаваць з вымаўленнем. І атрымалася някепска"!

Еўрарадыё: Часта здараецца так, што, калі ў артыста, пісьменніка, мастака нараджаецца дзіця, то гэтае прыемнае здарэнне закранае і творчасці. То казкі пішуць, то чароўныя карціны малююць. Ты, вось, зрабіў "складанку" дзіцячых песенек. Гэта для сына?

З.В.: "Мне вельмі хацелася зрабіць калядны падарунак і свайму сыну, і Беларусам. Бо, апошнім часам калегі пачынаюць "выпендрывацца", кожны марыць коўдру нацягнуць на сябе, а пра традыцыйныя падарункі, пра святы забываюцца! Таму я вырашыў сам зрабіць падарунак.

Тэма мне падалася цікавай, я ўжо нават і на наступны год прыдумаў праект.

Еўрарадыё: Сярод салістаў, якія працавалі над праектам, усе ж такі больш жанчын. Гэта зразумела, бо ты не адзін год трымаўся ў намінацыі "секс-сімвал беларускай музыкі". Давай жа пра жанчын пагутарым! Вось,ты кажаш у інтэрв’ю, што пасля сумеснай працы па новаму ўбачыў на Ганну Хітрык, вакалістку гурта "ДзеціДзяцей". Што паміж вамі адбылося?

З.В.: "У апошні момант я запрасіў Аню Хітрык, якую я не хацеў спачатку запрашаць, бо не хацеў працаваць з тымі, каго і так ўжо зацягалі па праектах. Але высветлілася, што Хітрык цудоўна справілася з песняй, што называецца "Страта". Карацей, там дзе трэба крычаць і трагедыя, гэта Хітрык!

Я вельмі рады, што пасля праекту нашы адносіны пацяплелі. Дзякуючы анёлкам, мы сталі больш блізкімі.

Кагосьці я забыўся… А! Сябе, сваю жонку і сына! Галя Казміроўская, мая жонка, спявала некалькі песень. Хутка будзе прэм’ера на "Тузіне Гітоў". Мой сын Язэп нешта там пракрычаў па-свойму. Я спеў. Але ўсе лепшыя песні я аддаў іншым.

Прыехаўшы з Амерыкі я вырашыў, што, калі хочаш быць шчаслівым і багатым, то трэба аддаваць ўсё лепшае іншым".

Еўрарадыё: Праца ў вялікімі праекце заўсёды раскрывае людзей нанова, а якімі ты ўбачыў сваіх калег падчас запісу "Анёлкаў"? Ці былі сярод іх "псіхаватыя зоркі", напрыклад, ці складаныя па характары людзі?

З.В.: "Не сакрэт, што ў кожнага ёсць свае парфесійныя недахопы. Гэта можна пачуць па песнях. Напрыклад, Жэні Лятун было цяжка вымаўляць мяккія гукі. Бенька па-руску вымаўляе слова "дзеці".

Хітрык, тая ўвогуле – фантан! Ёй хочацца і так зрабіць, і гэтак! Прыходзілася яе стрымліваць. Я быў нібыта злы Карабас! Я ставіў перад салістамі пэўную мэтў і ўсе стараліся яе выканаць.

Мне было цікава пабыць рэжысёрам і я ўзяў на сябе адказнасць за ўсё. Мне здаецца, што калядны альбом не павінен быць мудрагелістым, ён мусіць быць простым, лагодным, каб музыка не замінала ўпрыгожваць елачку і лёгка пелася дзеткамі.

Еўрарадыё: Сярод мужчын-удзельнікаў ў праекце апынуўся вядомы рок выканаўца Янка Маўзер (гурт "Таварыш Маўзер"). Янка амаль што з першых канцэртаў узяў дзявочыя сэрцы ў палон і сёння мае рэпутацыю моднага рокера. Ці не было паміж вамі саперніцтва? Абодва ж прыгожыя, вядомыя мужчыны.

З.В.: "Я паставіўся да гэтага факту спакойна, бо, колькі ўжо можна трымаць за сабой пазіцыі музычнага мача! Ды і увогуле, старому секс-сімвалу перад малым няма чаго губляць! (смяецца).

Янка атрымаў ад мяне прапанову, задачу, трэкі і вось мы, нарэшце, сустрэліся ў студыі… Ён прыйшоў такі увесь дзіўны, клёвы! Песня пра анёлкаў, а наш Янка з іракезам, у татухах, на цішотцы чарапы і косці,джынсы на каленях, трусы тырчаць… модны магілёўскі мача, адным словам!

У гэтым праекце Янка Маўзер сапраўды секс-сімвал! Я папрасіў яго паказаць нізкі голас, мы яшчэ падкруцілі яго, як мае быць. Спадзяюся, што дзяўчатам і маладым мамам будзе прыемна яго слухаць. Янка маладзец"!

Еўрарадыё: Скажы, якія вынікі ты атрымаў ад працы над "Анёлкамі"? Кажуць, што твая праца з джазавай спявачкай Жэняй Лятун, гэта кропка адліку вакальнага беларускага джазу. Што яшчэ?

З.В.: "Я лічу, што ў нас атрымаўся адзін з найлепшых вакальных джазавых беларускамоўных твораў за апошнія дзесяць год. А можа гэта і самы першы, бо ўжо даўні ніхто так не спяваў. Сумна, што Жэню так цяжка выцягнуць на што-небудзь новае. Яна жанчына, якая гуляе сама па сабе, вельмі прыгожая, з нізкім голасам, цікавым вобразам, крыху разбэшчаная і я вельмі рады, што мы своечасова яе "ўхапілі" і запісалі такую цудоўную песню.

У нас палепшыліся адносіны з Ганнай Хітрык. Неяк яна прызналася мне, што лічыць мяне нахабным. Зараз паміж намі ўсё нармальна і цёпла. Я вельмі рады, што Жэня Лятун заспавяла па-беларуску. Што Янка Маўзер паўстаў ў новым вакальным вобразе.

Ксенія Мінчанка заспявала ў гэтым праекце і гэта класна, таму што я перад ёй вінаваты. Яна мае цудоўны голас і на канцэртах спявае адну-дзве песні, а людзі патрабуюць больш. Я ўвогуле мушу зрабіць з ёй асобны праект, калі Ксенія мне гэта дазволіць.

Еўрарадыё: А што цябе асабліва ўразіла?

З.В.:
"Супрацоўніцтва з Сашам Шувалавым мяне вельмі ўразіла. Тая ж песня "Страта" гэта проста баян і голас Хітрык, але гэта так прыгожа, што я нават думаю зрабіць гэта асобнай праграмай.

Мне прыемна, што мая Галя спела, бо ў яе такі прыгожы нізкі голас, што Язэп нават нешта заспяваў. Я называю яго "халяўшчыкам", бо ён ўжо пабываў ў трох краінах, чатыры разы лятаў на самалётах, а яму толькі паўгода! А тут яшчэ стаў героем дыску"!

Еўрарадыё: Зміцер , ты вельмі пладавіты і таленавіты музыка, ты штогод выпускаеш дыскі, робіш розныя праекты, сумесныя, сольныя, незвычайныя... Больш руплівага і працаздольнага беларускага музыку наўрад ці зараз можна прыгадаць. Гэта варта павагі! Прызнайся, колькі грошай ты патраціў на "Анёлкаў"?

З.В.: "Так, у параўнанні з праектамі, якія я раблю асбона, "Анёлкі" гэта дарагое задавальненне, але мне было цікава пагуляцца. Дадам яшчэ, што дыск "Анёлкі" выйшаў асобным тыражом пад патранажам кампаніі "VDS", якая зрабіла вельмі дарагое выданне для падарункаў усім алігархам свету. "VDS" зараз будуюць запраўкі па ўсім свеце і хутка ўсе самыя багатыя людзі свету будуць слухаць "Анёлкаў".

Еўрарадыё: Гэта радасная навіна! Віншуем і жадаем, каб усе твае мары спраўдзіліся, Зміцер!

З.В.: "І вам усяго найлепшага! Здароўя, шчасця, каб вашы кішэні да канца не сталі пустымі ў часы крызісу, каб над вамі ўвесь час быў анёл-ахоўнік, каб ў складаныя часы свайго жыцця вы адчувалі яго падтрымку"!

Тэкст: "Еўрарадыё"
Фота: Тарантіна, Ганна Трубачова, Валянцін Хасяневіч


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net