На мультылейбле "Пяршак" адбыўся рэліз чацвёртага і апошняга альбома беларускага гурта Earworm, які на працягу 12 гадоў без лішніх словаў насычаў гарадзенскую і постсавецкую сцэну самабытнай сумессю арт-рока, нойза, шугейза і псіхадэліі.
Earworm пра новы альбом "Last Cocktail":
– Наогул фінальнай кропкай у гісторыі нашага гурта павінен быў стаць папярэдні альбом "Amber" (2014) . У ім уся ідэя, якую мы хацелі данесці, як тады падавалася, раскрылася ў поўным аб’ёме. Гэта быў канец доўгага шляху, і нам неабходна было або спыніцца, або прыдумаць нешта новае (не граць жа другі дзясятак гадоў адно і тое ж). І мы сумленна спрабавалі, але не змаглі, некалькі гадоў пошуку не прынеслі жаданага выніку. Таму гурт спыніў сваё існаванне.
Чаму ж мы вырашылі выпусціць апошні альбом? Тут некалькі прычынаў. Па-першае, у нас нарэшце з'явілася прыстойнае месца, дзе мы самі, не прыцягваючы нікога збоку, маглі ад пачатку і да канца ўсё зрабіць. Цяпер усё гэта можна назваць студыяй гуказапісу "Нёман", хутка будуць іншыя рэлізы пад гэтай маркай, наш першы.
Па-другое, калі не хітраваць, то новы матэрыял з нашых пошукаў новага Earworm'а атрымліваўся выдатным і прасіўся быць зафіксаваным. А па-трэцяе, хацелася проста прыгожа развітацца.
Мы вырашылі ўключыць у альбом дзве старыя, але трохі пераасэнсаваныя кампазіцыі. З адной альбом пачынаецца, мабыць, гэта сімвалізуе пераемнасць. А заканчваецца наш апошні альбом кампазіцыяй, з якой, у прынцыпе, пачынаўся наш бэнд.
Атрымліваецца, што мы замкнулі кола. Гэта адная з нашых любімых кампазіцыйных схем. Дзякуй, што былі з намі. Поспехаў у вашых пачынаннях!
Даведка Experty.by: на рахунку гурта дыскі "Serious Ear" (2004, ЕР), "Squirmy" (2008, ЕР), "Amber" (2014, LP). Дыск "Amber" быў намінаваны на "Лепшы дэбютны альбом" і "Лепшы інструментальны альбом" на ўзнагародах Experty.by, а таксама адзначаны экспертамі з Беларусі, Літвы і Латвіі.
Спампаваць альбом на сайце мультылэйбла Пяршак
Тэкст: 34mag.net