Беларускі гурт Re1ikt папоўніў сваю дыскаграфію новым рэлізам – live-DVD пад назвай "Kryhachod". Асновай для відэа стаў канцэрт-презентацыя альбома Re1ikt "Рэкі прабілі лёд", які прайшоў у мінскім клубе Re:Public 30 кастрычніка 2011 года.
Над стварэннем DVD працавалі бубнач і лідар гурта Аляксандр Дземідзенка і відэадызайнер Al Medwedsky (Санкт-Пецярбург). У якасці бонуса на дыску змяшчаюцца ўсе відэакліпы Re1ikt.
Аляксандр Дземідзенка аб DVD "Крыгаход": "Мы шмат працавалі над гэтым DVD, прыклалі максімум намаганняў для яго стварэння. Таксама вырашылі выкарыстаць дастаткова арыгінальнае для нашых шырот афармленне дыска. Вокладкі былі надрукаваныя на пакавальнай паперы, мы іх выразалі, седзячы на кухні. Поўны D.I.Y. Робім тое, што нам падабаецца".
Re1ikt "Прыкметы" (DVD "Kryhachod)"
Гэты рэліз быў упершыню прадстаўлены публіцы на польскім опэн-эйры Halfway Festival. Там жа адбыўся першы выступ гурта з новым вакалістам Сяргеем Долгушавым і новым гучаннем – у музычнай палітры калектыва з'явіліся народныя духавыя інструменты (акарына, шалмей, сапілка, флейты), партыі якіх склаў і выконвае сам Сяргей.
Аляксандр Дземідзенка: "Мы вырашылі, што трэба нешта змяніць у нашай музыцы, дадаць чагосьці новага і свежага. Калі мы хочам нешта памяняць, то цяпер – самы час. На адной з першых рэпетыцый Сяргей прапанаваў паспрабаваць выкарыстаць народныя духавыя інструменты – і гэта было проста неверагодна, мы ўсе былі ў шоку, так нам гэта спадабалася. Самае цікавае, што яго партыі добра ўліліся ў нашу музыку. Мы хочам выкарыстоўваць гэтыя інструменты не толькі на акустычных канцэртах, але і ў "электрычнай" праграме. У шматлікіх замежных рэцэнзіях на наш альбом "Рэкі прабілі лёд" крытыкі адзначалі фолк-складнік у нашай музыцы, вось мы і паспрабуем развіць гэты кірунак".
Re1ikt "3 Хвіліны" (live @ Halfway Festival)
Наконт набыцця DVD можна звяртацца па наступных кантактах: +37529-2701115, +37544-4551714; e-mail:re1ikt.music@gmail.com, barvisal26@gmail.com; skype: re1ikt_drummer, barvisal26