Берасцейскія рокеры Sciana дадуць вялікі сольны канцэрт у Мінску праз перапынак у год. 21 сакавіка ў клубе "Піраты" музыкі прадставяць ужывую свой новы альбом у межах акцыі "Жывы Тузін".
Альбом "Мы застаемся" гурт Sciana прэзентаваў пры канцы 2013 году. Музыкі называюць сваю працу "энэргічнай, зьмястоўнай ды сэнсава завершанай". У гэтым маглі пераканацца наведнікі прэміі "Даём рады", дзе Sciana намінавалася на "Альбом году".
– Пасля таго выступу ў нас яўна дадалося прыхільнікаў. Людзі падыходзілі да нас пасля казалі ды пісалі ў сеціве, што адкрылі для сябе новую каманду. Гэта вельмі натхняе на далейшую працу! – кажа дырэктар гурта Зміцер Назараў.
Мінскім слухачам Sciana сапраўды можа быць малазнаёмая, бо выступае тут гады ў рады. Апошні сольнік у сталіцы берасцейцы мелі ажно год таму.
– Канцэрт 21 сакавіка для нас будзе надзвычай адказным і мы пакажам усё, на што мы толькі здольныя. Сыграем песні, якія ад нас чакаюць, але будуць і сюрпрызы, – дадае вакаліст каманды Павел Прохараў.
Sciana выканае свае галоўныя хіты, а фактычна загалоўны нумар новага альбому "Апошняя песня" (з рэфрэнам "Мы застаемся") прагучыць у арыгінальным выглядзе – дуэтам з Прохаравым яе сьпявае Кася Леванюк, вакалістка гурта Terrakod, які выступіць у якасці госця прэзентацыі. Таксама ў канцэрце возьме ўдзел Федзя Жывалеўскі з гурта "Голая манашка".
Тэкст: Ultra-Music
Фота: Віталь Кліндзюк