Гурту IQ48 у гэтым годзе споўнілася 15 год. 29 верасня музыкі выдалі ў свет новы альбом пад назвай "Трымай свой час". Гэта ўжо чацьвёрты нумарны альбом гурта, у запісе якога браў сталы бубнач гурта Антон Мацулевіч – першы ў гісторыі беларускі намінант на прэмію "Грэмі" .
11 песень – 11 лічбаў на цыферблаце музычнае плыткі. У лепшых традыцыях IQ48: "партызанская" сумесь цяжкага фанку, рэпа і року. Альбом гучны, канцэптуальны і сацыяльны. Надзённыя песнi пра "мі-мі-мі" і інтэрнэт-блогера, вясёлага валютчыка з Міхалова ды амаль міфічнага героя, які ў мінулым жыцці быў чалавекам, але зараз яго даканалі, і ён – зубастая "акула".
"Усё ж такi час – cамае дарагое, што ў нас ёсць. Пакуль ёсць. Бо яго не купіць, не прадаць, яму не паставіць "лайк", не залiць у гаджэт, яго не прыпынiць, не зафiксаваць на месцы. У кожнага ён свой, персанальны і абсалютна рэальны. I ён зьбягае. Праляціць – не вернеш. Таму мы ўпэўненыя, што трэба сапраўды карыстацца сваiм часам, "трымаць" яго, пакуль ён з намі, дакладней, пакуль мы зь ім", – кажуць музыкі гурта пра назву альбома.
Гурт любiць эксперыменты, таму і ў новым альбоме бяз іх таксама не абышлося. Так, у песні "Арлы" ўзяў удзел спявак, вядомы журналіст і шоумэн Ілля Маліноўскі, а ў песні "Трымай свой час", аднайменнай альбому, партыю флейты выканаў Арцём Семянюк.
У сувязі з тым, што бубнач гурта Антон Мацулевіч (ён жа вядомы TonyFadd) зараз працуе на ніве шоубізу ў ЗША, канцэрт-прэзентацыя альбома IQ48 "Трымай свой час" запланаваны толькі на снежань-студзень. Канкрэтную дату і месца імпрэзы музыкi пакуль трымаюць у сакрэце.
Тэкст: Experty.by паводле прэс-рэліза