Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. З 2016 года з'яўляецца рэдактарам VK-суполкі "Беларуская музыка". У 2014 годзе скончыла музычны каледж па спецыяльнасці "Музыказнаўства", зараз студэнтка Універсітэту культуры па спецыяльнасці "Музейная справа". Акрамя гэтага грала на клавішах у некалькіх гуртах.
Насычаны музычны год атрымаўся. Асабліва парадавалі дэбютныя альбомы: The Glitchhh "Cordyceps", Ulyanica "Вясна". Таксама хочацца адзначыць файныя працы гуртоў Zero-85 і Nizkiz, якім проста не хапіла месца ў маім топе. Важнай падзеяй у 2017 быў і фолькавы праект "Песні матчыны з Вушаччыны". Шчыры дзякуй музыкантам за іх працу. Спадзяюся на плённы наступны год і новыя музычныя адкрыцці.
1. Ulyanica "Вясна" – слухаць
З першых жа хвілін альбом зачапіў сваім прыемным, мяккім гучаннем. Спалучэнне фольку і джазу атрымалася з вялікім густам і адчуваннем меры. Так добра вядомыя нам песні загучалі па-іншаму. Варта казаць аб сапраўды якасным падыходзе да інтэрпрэтацый песен, аб павазе да арыгіналу.
2. Стары Ольса "Вада, хмель і солад" – слухаць
Чарговы доказ мастэрскага ўзроўню гурта. Гэты альбом нельга назваць асаблівым, але гэта не перашкаджае яму заняць месца ў сэрцах фанатаў гурта ці сярэднявечнай музыкі. Альбом музычна цэласны, таму вельмі добра ўспрымаецца. Думаю, што шмат каму ён будзе даспадобы.
3. Yegor Zabelov Trio "The Rose Festival" – слухаць
Вельмі якасны, прафесійны альбом. Адразу ж адчуваецца высокі ўзровень майстэрства музыкантаў і іх адкрытасці да музычных эксперыментаў. Цяжка вызначыць стылістычны напрамак гэтый музыкі. Кампазіцыі спалучаюць у сабе высокую тэхнічнасць, дынамічнасць формы, што не дае магчымасці слухачу прадсказаць наступныя крокі ў развіцці музычнага твора. Таксама мае месца імправізацыйны пачатак і свабода ў аранжыроўцы, якая дадае гэтаму альбому сваю разынку.
4. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць
Каб "злавіць хвалю" гэтага альбома, трэба паслухаць яго не аднойчы. І кожным разам ён зацікавіць яшчэ больш. Вельмі творчая, вольная праца з цудоўнымі тэкстамі і інструментальнай часткай, але асабліва ўражвае маштабнасць кампазіцый.
5. Irdorath "Wild" – слухаць
Годная праца гурта. Разнабаковыя трэкі, шматхарактарнасць і неверагодная энергія – усё гэта спалучаецца ў альбоме "Wild". Падаецца, з кожным новым рэлізам гурт набывае ўпэўненасць і знаходзіць сябе. Дарэчы, трэкі на беларускай спадабаліся і запомніліся больш, а інструментальныя ўразілі сваёй атмасфернасцю.
6. Shaman Jungle "Amazing" – слухаць
Не хочацца параўноўваць гэты альбом з папярэднім, ці параўноўваць трэкі альбома між сабой. Хочацца толькі атрымліваць асалоду ад праслухоўвання ды акунацца ў атмасферу, што ствараецца гэтай музыкай. Таксама не магу не ўзгадаць выдатнае відэа на трэк "Nagavor", канешне.
7. The Glitchhh "Cordyceps" – слухаць
Альбом стаў вынікам доўгай працы і пошуку сябе. Магчыма не кожны слухач дасягне фінальнай кампазіцыі з-за таго, што альбом вылучаецца ад астатніх сваёй маштабнасцю. Але падаецца, што гэта было не дарэмна. У выніку атрымалася вельмі добрая калабарацыя з вакалістамі іншых беларускіх гуртоў ды складаныя цікавыя інструментальныя творы.
8. Bez.not "Акривия" – слухаць
Цяжка назваць гэты альбом арыгінальным, наватарскім ці высокамастацкім. Але агулам "Акривия" зачапіла сваёй лёгкасцю і шчырасцю. Простыя тэксты, бясконцая мілагучнасць і даволі нядрэнная празрыстая аранжыроўка – усё гэта затрымалася ў памяці пасля першага ж праслухоўвання.
9. Naka Piano "Игра в правду" – слухаць
Альбом успрымаецца як адзіны твор. У ім – адзінства настрою ды скразное развіццё (на жаль, паэтычныя нумары перашкаджалі гэтаму). Асобна хочацца казаць аб неверагодным фартэпіяным акампанеменце, які становіцца больш значным, чым проста суправаджэнне. Часам ён набывае такую ж вагу, што і голас. У сваю чаргу ўдарныя дадалі дынамікі ў некаторыя нумары. У выніку альбом атрымаўся эмацыйна напружаным і складаным.
10. Розная артысты "(Не)расстраляная паэзія" – слухаць
Гэты альбом не мог мяне не крануць, таму ён тут. Калі разглядаць яго выключна з боку музычнага, напэўна, месца ў гэтым топе яму б не хапіла (хоць некаторыя кампазіцыя вельмі ўдалыя). Аднак немагчыма не ўлічваць культурную значнасць гэтага альбома.
Experty.by