О проекте

Леслі "Нож" (Gods Tower): "Тры рэчы назаўжды: паганства, метал і Беларусь"

 

Нязменны вакаліст гурта Gods Tower у інтэрв’ю "Еўрарадыё" распавёў, як выходзіў са шматгадовага запою і чаму не п’е цяпер, што выцягнула гурт з небыцця, якія песні трапяць у канцэртную праграму і чаму, каб падымаць у Гомелі цяжкі метал, трэба быць хаця б грузчыкам.

– Што абудзіла Gods Tower да жыцця пасля 8 гадоў маўчання? Засумавалі па сваёй музыцы, ці проста хочацца аднавіць былую славу?

– Гэта быў націск звонку. Неяк атрымалася, што тая музыка, якую мы рабілі 10 гадоў таму, увогуле не страціла актуальнасці. І нават цэлая генерацыя ўзрасла, якая гэтую музыку не тое, што шануе, а нават грае нешта такога плана. І працягвае гэтую справу.

Ну чыму б і не? Так артымалася, што знайшліся людзі, якія змаглі арганізаваць нас, падтрымаць. А самі па сабе мы не сабраліся і не гралі б увогуле. Адраджэнне Gods Tower – гэта ведаеш, чыя заслуга? Гэта цалкам заслуга інаверы.

"Не разумею людзей, якія абараняюць інтарэсы нябожчыка"

– Гаворка пра ціск абставінаў, а не аднаго канкрэтнага чалавека?

– Натуральна, у інтэрнэце, напрыклад, стварыліся цэлыя суполкі, якім Gods Tower патрэбны, я скажу так. Але я ўвогуле не хацеў брацца за гэтую справу! Па-першае, я ўяўляў GT гітарным гуртом. І гітарыст быў там вельмі важкі. Няма гітарыста – няма Gods Tower. Але зараз мы парэпетавалі, і я ўбачыў, што трохі...

– ...памыляўся?

– Не ў тым справа. За 8 гадоў вырасла пакаленне гітарыстаў, выхаваных на гітары Ўракава. І выявілася раптам, што гітарсыта для Gods Tower можна знайсці без усякіх праблем!

– Чалавека, які падзяляе яго погляды на музыку?

– Погляды, манеру выканання. Уракаў быў сапраўднай асобай. Але мы ўзялі ў склад Gods Tower яго вучня. Ён – не копія. Але вельмі падобны да Ўракава. Ён грае амаль так жа. І амаль так жа сябе паводзіць.

– Ці паспеў ужо адноўлены Gods Tower хаця б раз выйсці на сцэну?

– Не. Канцэрты ў нас пачынаюцца ў наступным месяцы. Але я не ведаю, ці можна ўжо пра іх паведамляць...

– У Мінску ўжо вядома пра ваш хуткі выступ з гуртом Znich. А на старонцы ў "Вікіпедыі" вісіць абвестка пра канцэрт ва Ўкраіне, на фэсце "ПраРок".

– Яшчэ адзін канцэрт будзе 1 ліпеня ў Гомелі. І на наступны дзень – у Маскве.

– Тады пакуль што зарана пытацца пра тое, як прымае новага гітарыста публіка... Але можа ўжо ёсць пэўная рэакцыя ад самых блізкіх прыхільнікаў?

– Гэтае пытанне нам насамрэч па барабане. Як яны адрэагуюць – гэта іх справа. А калі пайшла гаворка пра Ўракава – я не разумею тых, хто так упарта адстойвае нейкія міфічныя інтарэсы нябожчыка. Яны што, намагаюцца, каб Gods Tower увогуле не было? Ці падштурхоўваюць нас да таго, каб мы заняліся вуду, адкапалі яго, ажывілі і паставілі на сцэне, каб граў? Мы на гэтае пытанне не звяртаем увагі, яно па-за бортам.

"Новыя песні ў рэпертуары Gods Tower з’явяцца вельмі няхутка"

– Раскажыце пра мінскі канцэрт са Znich. Ці шмат будзе старых песень?
Што павязеце ва Ўкраіну?

– Вось у гэты перыяд, які плануецца, 90% будзе класічных рэчаў Gods Tower. Тыя, па якіх усе 8 гадоў публіка сумуе. І яшчэ 10% – гэта рэчы, створаныя, але не рэалізаваныя падчас існавання гурта. Бо ў нас незапісаным застаўся цэлы альбом! Ён толькі на відэазапісах захаваўся, на бутлегах. Я на старажытных нейкіх аўдыёкасетах знаходзіў жудасныя запісы...

– Ну і, натуральна, гэтыя песні захаваліся ў галавах і ў пальцах музыкаў.

– Вось з гэтага мы і будзем пачынаць. А ўвосень зробім яшчэ вялікую частку працы і паедзем у тур, падчас якога будзем граць ужо большую частку спадчыны Gods Tower. Адразу скажу, што новыя рэчы ў рэпертуары Gods Tower з’явяцца няхутка. Бо сваёй галоўнай задачай мы цяпер лічым узнавіць і запісаць тое, што неўзабаве можа быць страчана...

– Падчас працы над кніжкай "Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола" я атрымаў ад вас ліст, у якім вы распавядалі пра працу ў новым гурце "The Regent". І яшчэ вы пісалі, што вас вабіць "класічны heavy metal у духу Ozzy, Saxon ды "Motorhead". Што здарылася з тым праектам?

– Нічога асабліва не змянілася! Для мяне гэты стыль і цяпер цікавы. Але што тычыцца The Regent... Гэты праект закансерваваны. Ён сыйшоў у цень. Праўда, тое, што ён не працуе і нічога не запісвае, не азначае, што гурт знік. Рукі дойдуць – будзе і ён працаваць. Але цяпер ёсць Gods Tower, ёсць Distortion, ёсць яшчэ адна каманда ва Ўкраіне, якая зараз толькі пачынае... Так што працы мне хапае.

А The Regent фактычна быў клубам па інтарэсах. Туды ўваходзілі людзі, якія цалкам аддавалі сябе 80-му музлу. Але зараз разыйшліся, ды і часу няма. Але, паўтаруся, гурт афіцыйна не распаўся. Ён існуе, але не актыўны.

"Алкаголь павінен абавязкова прысутнічаць у жыцці металюгі"

– Не толькі вы пасля распаду Gods Tower працягнулі музычную кар’еру ў іншых гуртах. Дастаткова прыгадаць гурт "Rasta"...

– Зараз я дзейнасць гурта Rasta разглядаю як лагічную падрыхтоўку да ўзнаўлення Gods Tower. Яна запаўняла вакуум, што ўтварыўся пасля таго, як мы разышліся. І яе галоўная заслуга ў тым, што металёвы рух на Гомельшчыне не памёр. Rasta рухала ўсё. Так што ёсць хлопцам, за што дзякуй сказаць.

– Якім вы ўяўляеце новы матэрыял Gods Tower? Хто піша новыя песні?

– Думкі ёсць, але пакуль што ўсё ляжыць у скрыні. І хай ляжыць. Давайце восені пачакаем, калі будзе пра што казаць. А зараз трэба зрабіць тое старое.

– Якія змены з тых часоў, калі распаліся Gods Tower, адбыліся ў вашым жыцці? Кажуць, што вы кінулі піць...

– Алкаголь павінен абавязкова прысутнічаць у жыцці металюгі. Хаця б у якасці дэкарацыі. Галоўнае – гэта ажыятаж! А я не п’ю таму, што ў мяне двое дзетак. І зграбная жонка! Дык навошта мне піць?

– Гэтыя шчаслівыя падзеі – вяселле, нараджэнні дзетак – адбыліся ў той прамежак часу, калі гурта Gods Tower не існавала?

– Так. У 2005 годзе нарадзілася першае дзіцё. Пасля – вяселле. А пасля і яшчэ адзін дзіцёнак нарадзіўся. Так што цяпер я family-мэн, сямейны чалавек. Але ў мяне жонка творчая, і сам я творчы. Метал ніколі не кіну. І не хачу, каб дзець пасля казалі, што бацька быў... проста бацька. Будзе тое, што ёсць.

"Леслі "Нажом" я застануся да самай дамавіны"

– А жонка любіць Gods Tower?

– Натуральна, любіць. Але больш паважае класічны рок. Яе улюбёная каманда – Queen, а выканаўца, натуральна, Фрэдзі Мэрк’юры.

– Вы застаецеся ў творчым асяродку Леслі "Нажом", ці цяпер ператворыцеся ў Славу Наважылава?

– Як бы табе патлумачыць... "Нож" – гэта тытул. Гэта не проста мянушка. Каб стаць "Нажом", трэба дарасці. Так што Леслі "Нажом" я застануся да самай дамавіны. Тут аніякіх зменаў не прадбачыцца.

– Ці былі думкі наконт таго, каб змяніць назву? "Пани Хида" (была такая група ў Беларусі пры канцы 1990-х, нават рок-кароны выйгравала) змяніла назву на больш сучасную і аптымістычную Cola-Manola...

– А які сэнс нам мяняць назву? З музычнага гледзішча магчыма будуць змены. Можа трошкі зменіцца лагатып. Але назву і стыль мяняць я ўвогуле сэнсу не бачу.

– Падчас запісу альбома "The Eerie" у вас была незвычайная для музыкі прафесія – пекар...

– ...затое цяпер прафесія самая звычайная для музыкі – грузчык! Я працую там, дзе ў нас грошы даюць, разумееш? Будзе іншае месца працы – перайду туды, але... Ты ж улічвай, што я проста бухаў гады чатыры. Быў у чорным запоі. Не разумеў, што адбываецца навокал. Але ў той жа час у мяне было 5 праектаў. І я нападпітку лётаў з адной рэпетыцыі на іншую, і нідзе, нідзе не працаваў! А пасля – дзе ўладкаваўся, там і працую.

– Значыць, і з "фізухай" зараз усё добра?

– Натуральна! Я ж не маленькі, не кволы!

"Тры рэчы для мяне застануцца назаўжды: паганства, метал і Беларусь".

– Па некаторых звестках, за апошнія 8 гадоў вы істотна паглыбіліся ў тую субкультуру, да якой належала творчасць Gods Tower?

– Ты маеш на ўвазе паганства? Ну так я паганцам быў і паганцам застануся! Але цяпер больш талерантны. Жонка мая праваслаўная, і мяне гэта не засмучае. Я лічу, што гэта нармальна. Паганства – ад пачатку вельмі талерантная рэч.

Тры рэчы, якія для мяне застануцца назаўжды: паганства, метал і Беларусь.

– Для мяне, дарэчы, было вялікай неспадзяванкай тое, што вы будзеце адказваць па-беларуску.

– Насамрэч, я нацыяналіст. Але Гомель – гэта настолькі рускамоўны горад, што беларуская мова – гэта клубная рэч. Тут не разгарнешся... Але для мяне тры мовы: беларуская, руская і англійская – складаюць пэўную раўнавагу.

Дарэчы, я калі ў Кіеў езджу (а я там бываю часцяком), я размаўляю па-беларуску. А кіеўляне са мной гавораць на ўкраінскай мове, і мы добра адно аднаго разумеем. Там з гэтым пытаннем прасцей.

Уладзіслаў Наважылаў, таксама вядомы як Леслі "Нож" (Lesley Knife) – гомельскі музыка, вялікі прыхільнік цяжкай музыкі. У 1992 годзе разам з гітарыстам Аляксандрам "Музыкам" Уракавым заснаваў гурт Gods Tower – першапраходцу паганскага руху ў Беларусі і не толькі. Пасля распаду GT у 2002 годзе жыве ў Гомелі. Працуе грузчыкам. Жанаты. У яго двое дзяцей.

Тэкст: Павел Свярдлоў, "Еўрарадыё"
Фота: афіцыйны сайт Gods Tower

Gods Tower

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

Комментарии

Беларускі метал

+1
0
-1

Gods tower ізноў з намі! Файная навіна!

Ээх, а напрыканцы 90-х беларускія музычныя крытыкі ўжо чакалі выхаду беларускіх метал-гуртоў на сусветны ўзровень... У Мінску быў такі фестываль Extremum, на які з'язджаліся металхэды з усяго СНД. Але абставіны не склаліся. Недарэчная культурная палітыка+беларускі кансерватызм. Самае большае дасягненне--выступ Gods Tower у Венгрыі.
Ну, будзем спадзявацца, яшчэ ўсё наперадзе!

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net