Лявон Вольскі вырашыў зьвярнуцца па дапамогу да сяброў і прыхільнікаў, каб запісаць новы альбом, які мае стаць працягам паспяховага дыску "Грамадазнаўства" (2014). Лявон кажа, што канцэпцыя яго новага альбому цалкам гатовая, некаторыя песьні нават запісаныя часткова ў студыі.
"Надыйшоў час гэтага працягу. Ёсьць усё – песьні, задумы, крэатыў, віленская студыя Снорэ Бэргеруда. Няма толькі фінансавага складніку працэсу, кажучы наўпрост – грошай. Вось так здараецца – раней неяк знаходзіліся, а цяпер – ну, ніяк", – заявіў музыка.
Збор сродкаў вырашана зрабіць на афіцыйным сайце сьпевака. Ахвяраваць можна суму ад 5 да 1500 эўра. Імёны ўдзельнікаў талакі абяцаецца пазначыць пры жаданьні на старонцы, на дысках, а таксама запрасіць зьняцца ў кліпе на адну зь песень з будучага альбому. Рэліз пакуль што безназоўнага дыску і яго канцэртная прэзэнтацыя заплянаваныя на 2016 год.
У размове з "Еўрарадыё" музыкант пацвердзіў, што матэрыял для новага альбома ўжо гатовы: "Новы альбом будзе крышачку іншы, чым папярэдні. Ён будзе напалову цяжкі, напалову лёгкі".
Дыск "Грамадазнаўства" летась перамог у намінацыі "Альбом года" на прэміі Rock Profi (па галасах музыкаў), а таксама быў у намінантах прэміі Experty.by (па галасах музычных журналістаў).
Таксама на сайце Вольскага выкладзеная першая частка музычнага фільму "Vilnia.Vola.Volski", які зьняла літоўская рэжысэрка Марыя Мэскавайтэ на прэзэнтацыі "Грамадазнаўства".