Вядомыя рок-музыкі аб’ядналіся для таго, каб падтрымаць першы вялікі сольны канцэрт маладога мінскага рок-гурта Tonqixod, уладальніка тытула "Найлепшы рок-альбом 2014" на ўзнагародах Experty.by. У роліку таксама зняўся Сяргей Філімонаў, аўтар і вядучы праграмы "Відзьмо-невідзьмо".
Канцэрт з’яўляецца прызам ад грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі" за перамогу ў намінацыі "Найлепшы беларускамоўны альбом" на ўзнагародах Experty.by. Мерапрыемства адбудзецца ў межах акцыі "Жывы тузін", якую ладзіць партал Tuzin.fm.
"Не хачу перахваліць, але гэта надзея нашай музычнай сцэны… Бо гук свежы, вынаходлівы, мудрагелісты і ўсё гэта робяць маладыя хлопцы. Малайцы", – заўважыў ў прома-роліку Сяргей Філімонаў.
"Гэта сапраўдны беларускі музычны брэнд. Усім раім паслухаць. Пачніце з мегахіта "Насыплем горы"", – сказалі ўдзельнікі Tequilajazzz Яўген Фёдараў і Аляксандр "Дусер" Воранаў.
Лявон Вольскі праанансаваў будучы канцэрт з дапамогай асабіста намаляваных тытраў.
Першы вялікі сольны канцэрт Tonqixod адбудзецца ў гэты панядзелак – 20 красавіка. Гурт складаюць Уладзь Лянкевіч (вакал, гітара), Максім Субач (другі вакал, клавішныя, бас) і Андрэй Аляксеенка (бубны). На рахунку калектыва перамога ў намінацыі "Дэбют года" на прэміі "Даём рады" (2014), а таксама чатыры ўзнагароды на прэміі Experty.by (2015) за дыск "Прадмова", выдадзены ў снежні 2014.
Гурт TONQIXOD з прэзентацыяй альбома "Прадмова"
20 красавіка – Мінск, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (Крапоткіна 44) – 19.00
Квіткі: ад 80 да 120 тыс. руб. Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Bileti.by, Bycard.by, а таксама ў касе тэатра. Інфалінія: (029) 687 20 93. Каса тэатра: (017) 385 97 51, (029) 154 04 44.