Паэтка, мастачка і спявачка Кацярына Ваданосава выдала першы музычны альбом пад назвай "Міфатворчасць". Гэта на першы погляд несумяшчальны сінтэз беларускай народнай культуры, еўрапейскай музыкі эпохі Сярэднявечча, Рэнесанса ды Барока, рокавых рыфаў і рытмаў.
Дыск змяшчае адзінаццаць трэкаў, дзе кожная песня – кароткая казачная гісторыя. Альбом азагалоўлены па назве першага паэтычнага зборніка Кацярыны ("Міфатворчасць", 2015). Такія супадзенні невыпадковыя: большасць тэкстаў песень былі прадстаўленыя ў зборніку ў выглядзе вершаў.
У стварэнні аранжыровак была задзейнічаная вялікая колькасць інструментаў – ад віаланчэлі ды бас-гітары да цымбалаў ды беларускай дуды. Сама Кацярына таксама выступіла ў некалькіх ролях: спявачкі, аўтара тэкстаў ды музыкі, а таксама мультыінструменталісткі.
"Я расказала гісторыю, якую сама хацела б пачуць; я стварыла ўласную міфалогію, якая арганічна ўпісваецца ў светаўспрыманне беларусаў і, як ні дзіўна, здольная гарманічна існаваць у нашай паўсядзённай рэчаіснасці", – кажа Кацярына пра агульную ідэю альбома.
Прэзентацыя альбома і адначасова новага, больш "цяжкага" электрычнага ансамбля спявачкі адбудзецца 2 снежня а 19 гадзіне ў кафэ "Грай" (вул. Інтэрнацыянальная, 33, уваход вольны). У прэзентацыі таксама прымуць удзел Яўген Барышнікаў, Зміцер Кацечаў і іншыя музыкі, што абралі ўдзел у запісы "Міфатворчасці".
Тэкст: Experty.by паводле прэс-рэліза
Комментарии
Не понравилось. Чем-то
Не понравилось. Чем-то напомнило слабый вариант Тэм и Йовин с вкроплениями бардовской музыки.