Пазаштатны эксперт і сябра "вялікага журы". Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". У выніку на працяглы час затрымалася на "Першым канале" беларускага радыё. У мінулым аўтар перадач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд", а таксама праграмы "Тры акорды", прысвечанай беларускай рок-музыцы.
!–break–>
Мінулы беларускі музычны год, можа, і не парадаваў колькасцю шэдэўраў, але прыемна здзівіў разнастайнасцю стыляў і амплітудай, так бы мовіць, інтарэсаў беларускіх музыкантаў. Было нямала альбомаў, якія на вельмі неблагім узроўні дэманстравалі, што нашы могуць і так, і гэтак. Могуць удала скапіраваць, могуць здзівіць абсалютна арыгінальным. Могуць ісці за модай, а могуць на яе не зважаць. І ў гэтым сэнсе леташнюю карціну я лічу радаснай і перспектыўнай.
Праўда, у нас па-ранейшаму полны правал у жанры эстрады, у нас па-ранейшаму не прыжываецца рэп. Затое шмат таго, што не назавеш нейкім адным словам кшталту рок, поп ці джаз. Нават фальклор у нас выступае ў абсалютна арыгінальных абліччах. Ацаніўшы свой выбар дзесяці, заўважыла, што аддала перавагу нечаму больш традыцыйнаму, больш бясспрэчнаму для ўсіх, і, можа, больш блізкаму славянскаму слыху (што тычыцца мовы). Быў ухіл у мяне больш высока падымаць у ацэнках тыя альбомы, дзе ёсць не толькі адзін складнік – музыка, але і тэкст, змест, чалавечая асоба з яе эмоцыямі і думкамі. Падобная творчасць мне здаецца ўсё ж больш складанай і больш каштоўнай.
Для крытыка, перад якім стаіць задача выбраць лепшых, добры год, калі ў справаздачны перыяд выходзілі альбомы "Ляпіс Трубецкого" і "Троіцы". Няма патрэбы тлуміць сабе галаву цяжкім выбарам першых дзвюх месцаў. Сёлета "Ляпіс" у мяне без ваганняў на першым месцы, таму што са мной тут супала ўсё. Нейкі новы чалавечы голас ва ўсіх сэнсах адкрыўся ў Міхалка, плюс цалкам хітовыя мелодыі, і песня, якую я проста палюбіла – "Я верю". Не магла ж я ісці насуперак сваім эмоцыям! Таму першае месца.
Несумненна – гэта чараўніцтва гука, і ў сваім ідэалістычным падыходзе да канцэпцыі нешта блізкае да шэдэўра. Аднак мне суб’ектыўна чагосьці не хапіла, не хапіла эмоцый . У такіх выпадках кажуць, што ў імкненні да дасканаласці формы трохі згубіўся змест. Той эмацыянальны змест, які я ўжо прызвычаілася атрымліваць ад "Троіцы". А гэтая пласцінка падалася трохі халаднаватай, адпаведна назве.
Так атрымалася, што гадоў 10-15 таму мяне не накрыла хваля фанацкага захаплення "Gods tower". Магчыма, занадта шмат яшчэ ў тыя часы было хэві-метала, і гэта здавалася шараговай з’явай, хоць і вельмі сімпатычнай. Аднак вось зараз у 2011-м мне гэта легла бальзамам на душу. Можа, стамілася вуха ад вычварэнстваў, захацелася чагосьці простага і смачнага. Олдскульнае гучанне, моцная энергетыка, драйв, трохі фальшывы мядзвежы вакал – цёплая музыка.
Вельмі гарманічная праца, дзе для складанай для спеваў паэзіі знойдзена дакладная форма. Мой орган эстэцтва атрымаў асалоду. Мінімалістычная, з густам зробленая і з налётам містыцызма музыка магла б нават існаваць і сама па сабе. Вакал – як адзін з інструментаў.
Доўгачаканым альбомам "Серебряная свадьба" здзівіла паклоннікаў, не выдаўшы зборнік сваіх хітоў. Але мела на гэта права. Лірычная праграма з агульнай канцэпцыяй, можа, і больш складаная рэч. Адсутнасць асаблівага бляску кампенсіруецца крыштальна чыстым голасам Святланы Бень, нечаканымі паэтычнымі вобразамі і суперпрафесійным ансамблем. Гэтым альбомам можна карыстацца як камертонам чысціні гучання – не толькі ў літаральным сэнсе.
Што каштоўна ў гэтай працы – асаблівасць творчай інтанацыі. Гэта тычыцца і тэкстаў, і музыкі, і гучання. Пры не поўнай дасканаласці запісу і выканання ўдалося стварыць даволі яркі, экспрэсіўны і зразумелы вобраз, які сваёй брутальнасцю і падкрэсленай непрыгажосцю радуе, як салёны гурок пасля торта.
7. А.Шадзько і У.Ткачэнка "Только бы не было холодно" – слухаць
Моцная, упэўненая ў сабе праца, упэўнены ў сабе на гэты раз аўтар, усё якасна і прафесійна. Запамінальныя мелодыі, адпаведныя яскравыя аранжыроўкі. Хто за ўсё жыццё не змірыўся з тым, што не разумее сэнсу спеваў Аляксея Шадзько, можа і не ацаніць пласцінку. Але я парадавалася новаму бадзёраму настрою Аляксея, і больш уцямнай, камерцыйнай форме. Пры гэтым Шадзько застаўся сам сабою.
Альбом слухаецца з задавальненнем, толькі што ў мяне з задавальненнем слухаюцца асобна вакальныя кавалкі, асобна інструментальныя. Магчыма, для якога заходняга слухача, які ніколі не чуў такіх спеваў, гэты спарынг паміж беларускім фолкам і еўрапейскім джазам набывае іншыя фарбы, але асабіста мне больш хацелася б не спарынга, а сумеснага танца.
Альбом, несумненна, можна было паставіць і на першыя пазіцыі – з такімі спевамі, музыкай, выканаўцамі, творчай ідэяй. Калі б не адзін факт – усё гэта трохі пацярпела ў выніку запісу. І справа не толькі ў тэхнічных параметрах гуку, а ў знікненні настрою, атмасферы, нерва, чароўнасці. Відавочна, што пісалася даволі хутка, і ў запісу не было кіраўніка, саундпрадзюсара. Гэта маё шкадаванне, што не на ўсе сто працэнтаў удалося рэалізаваць бліскучую праграму.
10. Некоторое отсутствие пуговиц "Кошкино время" – слухаць
Добрыя чалавечыя песні з аўтарскім тварам, прыцягальным голасам, правільным словам, драматычным напружаннем, якасным гучаннем. Па мне дык гэта заўсёды модна.