8-га снежня, на наступны дзень пасля гадавіны смерці спявачкі ды журналісткі Вольгі Самусік, яе сябры і прыхільнікі сабраліся ў сталічным "Loft Cafe". Яшчэ па дарозе ў клуб панавалі незразумелыя пачуцці. З аднаго боку, ідзеш на рок-канцэрт, дзе будуць граць нядрэнныя калектывы, а з іншага, гэтыя калектывы будуць выконваць песні ў памяць пра Вольгу.
Як высветлілася, такое непаразуменне ў пачуццях было ў большасці наведвальнікаў, але яно дастаткова хутка знікала, у асноўным, дзякуючы выступоўцам. Музыкі паставіліся да канцэрта памяці Вольгі ў першую чаргу, як да рок-канцэрта, але гэта і было запланавана.


"Хацелася зрабіць не тое каб вясёлы, але звычайны канцэрт. Куды прыйдуць музыкі, скажуць: "Так, мы яе памятаем, мы яе любім, мы яе паважаем". Збяруцца яе прыхільнікі, – распавядае пра першапачатковую задуму адна з арганізатараў канцэрту, а таксама блізкая сяброўка Вольгі ды вакалістка гурта ZM99 Зоя Сахончык. – Шчыра кажучы, я чакала, што збярэцца больш людзей. І ўвогуле, калі я ўпершыню думала пра гэта, то планавала зрабіць вялікі канцэрт у "Рэактары", на гадзіны чатыры. Запрасіць туды ўсіх музыкаў, з якімі яна супрацоўнічала. Але ў нас такая лухта ў краіне з гэтымі ўсімі справамі, што вельмі складана сабраць усіх разам".


Так яно і стала, канцэрт атрымаўся звычайным. Тое, што ён прысвечаны Волі было зразумела толькі па словах, што гучалі паміж песнямі выступоўцаў, а таксама дзякуючы няспыннай трансляцыі канцэртнага відэа гурта "Тарпач", дзе Вольга спявала з 2005 па 2009 год. Дарэчы, "Тарпач" ужо даўно плануюць выдаць дыск, прысвечаны Вользе, але выйдзе ён, відаць, ужо толькі ў наступным годзе. На канцэрце ў "Тарпачы" спяваў гітарыст, часам запрашаючы Зою Сахончык.


"Інструменты ўсе запісаныя, запісаная ўся праграма, якую выконвала Воля. Проста сутыкнуліся з такой сітуацыяй, што зараз у нас пачаў спяваць Зміцер – гітарыст, а да гэтага не было каму спяваць, – тлумачыць затрымку ў выданні дыска басіст гурта Павел Дармель. – Мы паразмаўлялі з усімі: з Памідоравым, з Neuro Dubel, IQ48, з Настай Шпакоўскай, з Русяй. Калі ўсе разбяруць па песні, то ўся праграма будзе запісаная. Хутчэй за ўсё, ужо вясной, бо зараз Новы год, святы... ва ўсіх жа свае праекты".


Першапачаткова апроч "Тарпача" на канцэрце памяці Вольгі Самусік былі заяўленыя толькі ZM99, Pomidor/OFF ды IQ48. Але ў выніку з невялічкімі сэтамі адыгралі яшчэ і "Князь Мышкин", Naka, Алег Хаменка ды Кулінковіч разам з сябрамі. Апошнія сталі сапраўднай нечаканасцю, бо за дзень да канцэрта з'явілася інфармацыя, што лідару Neuro Dubel забаранілі нават прыходзіць у клуб. Але Аляксандр выйшаў на сцэну і выканаў адну са сваіх старых, ужо нават падзабытых песень "Гуси-лебеди". А пасля сказаў, што не збіраецца больш сумаваць і далей будзе толькі весяліцца. Так яно і здарылася, хлопцы адыгралі сэт з "Гузікам", "Детьми Галактики" ды "Манту".


"Першае, што ўзгадвае чалавек – вясёлыя моманты, - тлумачыць Аляксандр Кулінковіч. – Вось пытаюцца ў чалавека: "Што ў цябе ў жыцці было?" Усялякая фігня не ўзгадваецца ж! Узгадваюцца светлыя моманты, самыя добрыя. Я пра Волю Самусік нічога дрэннага ўзгадаць не магу, толькі самае вясёлае ды самае разгуляйскае. І соплі ліць я не збіраюся! Не збіраюся з-за павагі да Волі. Я перакананы, што яна б хацела, каб усё было весялухай".
Нагадаем, спявачкі, журналісткі ды проста жыццярадаснай дзяўчыны Вольгі Самусік не стала 7 снежня 2010 года, пасля месяца ў бальніцы і дзвюх складаных аперацый. Ёй было толькі 25 гадоў.
Тэкст: Ілля Маліноўскі, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё"