О проекте

Спявачка Руся загаварыла на мове хіпстэраў (+прэм'ера)

 

Учора першым трэкам у Інтэрнэце стартаваў новы музыны праект Shuma, завадатарам якога стала спявачка Руся, апошнім часам найбольш вядомая па ўдзеле ў этна-гурце Akana і электронных эксперыментах у складзе CherryVata. Мэта новага праекта якраз у спалучэнні народных спеваў і сучасных клубных матываў. Першыя падрабязнасці Руся распавяла ў інтэрв'ю "Еўрарадыё".

– Руся, ты абвясціла пра старт свайго новага праекту, які атрымаў назву Shuma. Распавядзі пра яго больш падрабязна, калі ласка.

– Shuma – гэта такая спроба, насамрэч, рызыкоўная, распавесці хіпстэрам і людзям вельмі ўцягнутым у клубную культуру, на зразумелай ім мове пра нашу культурную спеўную спадчыну, пра архаічныя спевы. Я цвяроза ўсведамляю, што гэта сур’ёзны крок, бо з такім стылем ніхто яшчэ раней не працаваў, я маю на ўвазе міксаванне архаічных спеваў з электроннымі эксперыментальнымі рэчамі, кшталту глітч, хіп-хоп, трып-хоп, моднымі цяпер у клубнай электроннай культуры музычнымі трэндамі.

На жаль, архаічныя гурты, як GUDA, і іншыя, што займаюцца аўтэнтычнымі спевамі, маюць даволі вузкую спецыялізацыю, спецыфікацыю. І тыя людзі, якія ходзяць на вечарыны ў бар Малако, ці ў нейкія клубы, ніколі не пачуюць такіх гуртоў. Таму я вырашыла зрабіць такое адлюстраванне, прапанаваць клубнай аўдыторыі замест GUDA вось такую Shuma, нешта больш лагоднае па выкананні, але тое, што сыходзіць ад каранёў і распавядаецца на мове клубнай культуры.

– А чаму табе не даюць спакою аўтэнтычныя спевы? Спачатку ты іх з джазам міксавала, цяпер з электронікай.

– Таму што я шмат вандрую па свеце, і мне заўсёды вельмі прыкра адчуваць, як іншыя нацыі маюць вельмі моцную самаідэнтыфікацыю. У нас, на жаль, з гэтым вельмі вялікая праблема. Беларусь зараз знаходзіцца ў такім становішчы, калі нагод для гонару не так шмат. А беларуская народная культура, этніка, фольк – гэта тыя карані, якімі заўсёды можна смела ганарыцца, якія даюць нагоду для таго, каб павярнуцца тварам да сваёй культуры.

І таму я паспрабавала спяваць крышачку джаз і рок-н-рол, і нейкія іншыя рэчы, і дакладную электроніку. Але нішто не кранула мяне так моцна і так моцна не ўсхвалявала, як этнічныя спевы. Мне гэта так падабаецца, што нават мая сям’я, дзякуючы майму захапленню аўтэнтыкай, стала беларускамоўнай.

– Можа і іншыя сем’і, пачуўшы твой новы альбом стануць беларускамоўнымі?

– Мы плануем з "Шумай" увогуле праехацца па школах, грамадзянскіх ініцыятывах, якія працуюць з дзецьмі, з падлеткамі, з фолькам. Напрыклад, пры кожнай дзяржаўнай ВНУ абавязкова ёсць хор, які займаецца фальклорам. Але што яны там вывучаюць, я не ведаю. З майго невялікага досведу гэта песні кшталту "Цячэ вада ў ярок", якая зусім не народная і не наша, калі шчыра казаць.

Мы хочам з Shuma ўзяць бітбоксераў, дыджэеў, праехацца па школах, папрацаваць на днях адчыненых дзвярэй, паказаць, як можна прыгожа і актуальна працаваць з беларускай мовай і музычнай спадчынай. Я спадзяюся, што калі студэнты раптоўна апынуцца на такім дні адчыненых дзвярэй, яны захопяцца і з большай цікаўнасцю будуць падаваць дакументы на вывучэнне беларускай мовы, культуры і этнамузыкалогіі.

– Адкуль ты брала песні для кампазіцый, якія ўвойдуць у альбом? Ты ездзіла ў экспедыцыі?

– Я сама езджу ў экспедыцыі і нешта новенькае шукаю. Але скажу шчыра, што знаходзіць новыя песці ўсё цяжэй, бо, на жаль, культура гэтая ўжо памірае, бабулек таксама ўсё менш і пакрысе архаіка забываецца. Таму я звяртаюся да бібліятэк, да адкрытых музычных фондаў. Таксама я ведаю, што ў дзядзі Вані Кірчука ёсць вялікая калекцыя архаікі, якая запісаная на бабінах. І зараз мы ўсе разам шукаем грошы каб гэтыя бабіны адлічбаваць і выкласці таксама ў публічную прастору дзе-небудзь у сеціве, каб атрымаць новы музычны пласт.

Насамрэч, матэрыялу шмат, трэба проста яго аднаўляць і адлічбоўваць, бо, напрыклад, кірчукоўскія бабіны ўжо сыплюцца і праз два гады будзе проста немагчыма нешта ўратаваць. Так што я звяртаюся да тых людзей, якія рабілі экспедыцыі. Але каб больш разумець гэтую культуру, я маю кантакты і з жывымі носьбітамі культуры, езджу ў экспедыцыі, жыву з бабулямі, размаўляю з імі, запісваю невялічкія інтэрв’ю.

– А па якіх рэгіёнах Беларусі ты ездзіш? Адкуль будуць песні ў альбоме?

– З Гродзенскай вобласці і з Палесся, з Гомельскай. Мы паглядзелі на спіс песень, з якімі пачалі працаваць, і збольшага гэта Палессе, мая дарагая радзіма, краіна багнаў і лясоў.

– Як ты лічыш, пад гэтыя кампазіцыі будуць таньчыць на дыскатэках?

– Вядома, ужо ўвесь фэйсбук таньчыць. Раніцай мы выпулілі гэты трэк у інтэрнэт, і ўсё, ужо людзі пішуць, што пабралі ў машыны, сцягнулі ў плэеры і ходзяць па горадзе, тэлефануюць мне, віншуюць, што класная музычка, што нарэшце з’явіўся нейкі этнічны праект, які не спявае пра смутак і боль беларускага народу. Нешта такое лёгкае і пазітыўнае атрымалася. Хаця, насамрэч, гісторыя ў песні вельмі сумная. Там жанчына жыве адна з маці і шукае каго-небудзь, хто б яе палюбіў, бо яна самотная і ёй цяжка. Але ў нас атрымалася гісторыя гэтага жаночага болю перадаць неяк светла і нават узрушана-пазітыўна. Таму я ўпэўненая, што таньчыць будуць.

– А калі выйдзе альбом?

– Альбом выйдзе толькі ў сакавіку-красавіку. Мы плануем зрабіць так, каб у лютым ужо быў гатовы майстар-дыск. Але, як хутка нам удасца яго памножыць, я не ведаю. Так што буду пакрысе выкладаць у сеціве кавалачкі песень, хачу зрабіць сайт, каб увесь працэс стварэння праекту быў празрысты і публічны, каб людзі маглі зайсці на старонку і паглядзець, што цяпер адбываецца, на якім этапе праект, хто зараз з дыджэеў працуе, хто ў студыі сядзіць. Хачу выкладаць фоткі, відэаролікі невялікія. Хачу, каб гэта было блізка ўсім беларусам, зрабіць не проста такі ўласны сольны праект, а зрабіць галосную грамадскую музычную справу.

– А чаму праект называецца Shuma?

– Гэта маё дачыненне да палескага слова "шамярэць", што азначае шумець. І ўвогуле, электронныя гукі заўсёды ўспрымаюцца, як нейкі камп’ютарны шум. Да таго ж, шум – гэта тое, што нас штодзённа сустракае на вуліцы, у транспарце, дома, заўсёды жыццё навокал шуміць. Вось і мы вырашылі пашумець, аперуючы і жыццём, і гукавымі дзённікамі. Я вяду такія аўдыёдзённікі, запісваю розныя гукі, з розных краін свету. У нашым першым трэку гучыць Севастопальскі парк. Я на днях раніцай бегала ў Севастопальскі парк, запісаць ранішніх птушак, тралейбусы, машыны, матацыклы.

Shuma "Ой, еду я" – спампаваць

Тэкст: Вольга Міцкевіч, "Еўрарадыё"
Фота: Юры Маціюн

Akana, CherryVata, Shuma, Руся

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

Комментарии

У першым альбоме KRIWI была

+1
0
-1

У першым альбоме KRIWI была кампазыцыя Куралес- як раз такое мікшаваньне

 

а ведь это работает!

+1
0
-1

да, Руся не совсем здесь у нас первая - например В.Круглова вместе с DJane Delta записывали песню Svjakrou в таком же (ну почти таком же) стиле еще в 2000 г. но тогда это почему-то не имело продолжения (или может имело, но я не слышал??)

однако Shuma - это кажется и правда удачное направление. не такое, как здесь делали раньше - это уже чуть ближе к ПитерГэбриеловскому видению world music - всё осовременено на пределе допустимого, но идея очень и очень рабочая...

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net