О проекте

У Мінску прэзентавалі адроджаную "Песню пра долю" Песняроў (+фота)

 

Пасля амаль 40-гадовага перапынку на сцэне сталічнай філармоніі зноў загучала песняроўская "Песня пра долю". Рок-опера, якая была напісаная Уладзімірам Мулявіным на вершы Янкі Купалы, набыла новае, аркестравае гучанне. Аднак для аднаўлення забытага шэдэўра спатрэбіліся добрыя вушы і не адзін месяц працы.

"Па-першае, нот не было. Захаваўся запіс кепскай якасці з нейкага канцэрту, дзе чуваць і тупат па сцэне, і як высокая нота ў Кашапарава гучыць ці апладысменты, дык не чуваць увогуле таго, што граецца, – распавядае гісторыю рэінкарнацыі твора музыка і аранжыроўшчык народнага аркестра імя Жыновіча Аляксандр Крамко. – І гэта ўсё трэба было расшыфраваць. Адразу мне давялося ўсё гэта зняць, а потым ужо я рабіў партытуру, захоўваючы задумы Уладзіміра Мулявіна – але гэта ж аркестр! – і дадаючы сваё. Але я намагаўся пакінуць дух таго часу".


Аляксандр Крамко


Ян Жанчак

Галоўныя героі "Песні пра долю" – беларускі мужык і ягоны цяжкі шлях ад нараджэння да смерці. У арыгінальнай версіі ролю Сына і Мужыка выконвалі Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў. У адноўленай – вобразы былі аб’яднаныя і шыкоўна пададзеныя спеваком Янам Жанчаком.

"Сапраўды, роля – цэласная. І тое, што яе гралі ў арыгінальнай "Песні пра долю" два чалавекі, мне здаецца, тады яна была разбітая. А зараз я сабраў гэтую ролю ў адно ўвасабленне, і мне падабаецца так нашмат больш. Так што, мне падабаецца і роля Сына, і роля Мужыка, і проста роля гэтая, і сам твор таксама", – дзеліцца ўражаннямі ад працы над роляй Ян Жанчак.


Кацярына Дзегцярова


Пётр Ялфімаў

У вобразе Маці-Жонкі на сцэне з’явілася артыстка тэатра музычнай камедыі Кацярына Дзегцярова. Ролю Янкі Купалы, якую Уладзімір Мулявін напісаў для сябе, у новым варыянце "Песні пра долю" выканаў Пётр Ялфімаў. Перад спеваком стаяла няпростая задача – паказаць сутнасць і прызванне Паэта, быць тым прарочым голасам, які жыве ў вяках.

"Калі шчыра, мне хацелася б сыграць гэтую ролю яшчэ, яшчэ, яшчэ і яшчэ, – кажа Пётр Ялфімаў. – Таму што тут галоўнае не вакальныя дадзеныя, а менавіта акцёрскае майстэрства, якое трэба кожны божы дзень удасканальваць. Наколькі я паспеў, наколькі я прасякнуўся гэтым творам? Я паспрабаваў данесці. Мне хацелася б думаць, што ўсё атрымалася. Але заўсёды можна лепш і глыбей".

Ідэя ўваскрэсення "Песні пра долю", яе рэінкарнацыя і пастаноўка належаць мастацкаму кіраўніку і дырыжору народнага аркестра імя Жыновіча, прафесару Міхаілу Казінцу і артысту аркестра Аляксандру Крамко. У выкананні аркестра твор Мулявіна набыў цікавую, падкрэслена фолькавую інтэрпрэтацыю дзякуючы цымбалам. Рэжысёрам праекта выступіла Ларыса Сімаковіч, адсюль – глыбіня, сімвалічнасць і яскравасць вобразаў. Але галоўнае, цяпер "Песня пра долю" можа быць выкананая кім заўгодна: ёсць жа ноты!

"Я думаю, што гэта музыка не з’яўляецца сучаснай ці несучаснай. Гэта музыка, якая ёсць музыкай. Яе можна перакласці для любога інструменту і нават у хэві-метал – у нешта больш цяжкое – і ўсё роўна "Песня пра долю" будзе вельмі добрым, вельмі цікавым, па-філасофску насычаным музычным творам", – мяркуе Ян Жанчак.

Аўтары і музыкі праекта спадзяюцца, што "Песня пра долю" патрапіць у сталы рэпертуар філармоніі і будзе ні раз паказаная беларускай публіцы. А Аляксандр Крамко абяцае, што працягне свае "археалагічныя раскопкі" песняроўскай спадчыны.

"Так цікава было! Усё роўна як гісторыкі ці археолагі залазяць у зямлю , адкопваюць нешта – таксама і я ў нейкім сэнсе падобнае зрабіў, узнавіў, – смяецца Аляксандр Крамко. – І дай Божа, ужо застануцца ноты, і няважна, хто будзе граць, у якім складзе – аркестр ці ансамбль – але будзе ўжо ад чаго адштурхнуцца".

Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net