Партал Tuzin.fm прадставіў рэйтынг 100 найвялікшых беларускіх песень, складзены на падставе апытаньня 90 беларускіх экспэртаў. "Мы ня знаем сваёй музыкі. Гэта неаспрэчны мэдычны факт... Гэты рэйтынг – спроба хоць крыху запоўніць прагалы ў веданьні сваёй музыкі", – тлумачыць кіраўнік праекта, галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін.
Рэйтынг складзены на падставе апытаньня 90 экспэртаў розных пакаленьняў. Тых пэрсонаў, якія зрабілі свой унёсак у разьвіцьцё сучаснай беларускай музычнай культуры – непасрэдна саміх музыкаў, знаўцаў і дасьледчыкаў, культуролягаў, прадусараў, кліпмэйкераў, рэжысэраў, паэтаў-песеньнікаў, гукарэжысэраў, прадстаўнікоў прэсы, радыё і тэлевізіі.
У рэйтынг увайшлі 100 песень. Месца кампазыцыі вызначаецца колькасьцю яе згадак у анкетах апытаных экспэртаў. У выпадках, калі названая песьня існуе ў розных варыянтах выкананьня ў дужках пасьля назвы пералічваюцца тыя, хто яе сьпяваў (але толькі тыя, хто быў названы ў анкетах).
Рэйтынг не прэтэндуе на ўсеахопнасьць, але можа даць уяўленьне пра найлепшыя здабыткі беларускай музыкі. І мы спадзяемся, што з дапамогай яго слухач адкрые для сябе практычна нязьведаны яшчэ беларускі музычны космас.
Топ-10
1. Песняры "Александрына"
2. N.R.M. "Тры чарапахі"
3. Верасы "Завіруха"
4. Песняры "Касіў Ясь канюшыну"
5. N.R.M. "Павветраны шар"
6. Сябры "Шуміце бярозы"
7. Крама "Бяжы, хлопец"
8. Я нарадзіўся тут "Я нарадзіўся тут"
9. Ulis "Радыё Свабода"
10. Песняры "Беловежская пуща"
Цалкам рэйтынг з аўдыё і відэаматэрыяламі змешчаны на сайце Tuzin.fm
Тэкст: прэс-рэліз