На Tuzin.fm адбылася інтэрнэт-прэм’ера альбому "25 АБ-БА Аркестр", у які ўвайшлі гіты апошніх 25 гадоў у выкананьні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава, Юркі Асеньніка ды Хрыстафора Сяськевіча ў суправаджэньні дзіцячага хору з Падляшша.
Беластоцкае аб’яднаньне "АБ-БА" існуе 10 гадоў ды мае на мэце дапамогу дзецям і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама падтрымку бацькоў і настаўнікаў. Менавіта сябры "АБ-БА" сабралі летась разам 25 вучняў беластоцкай пачатковай школы №4, музыкаў пад кіраўніцтвам Паўла Азяблы ды беларускіх сьпевакоў, каб у такой манеры павіншаваць фэстываль музыкі маладой Беларусі "Басовішча" з 25-годзьдзем.
"Многія з нас былі арганізатарамі ў першыя гады існаваньня фэстывалю. Цяпер "Басовішча" робіць пакаленьне нашых дзяцей, сярод якіх і нашыя ўласныя, – кажа каардынатар праекту Бася Пякарская, – Таму мы палічылі вельмі патрэбным такім чынам аб’яднаць пакаленьні".
У альбом "25 АБ-БА АРКЕСТР" увайшлі гіты апошніх 25 гадоў у выкананьні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава і лідэраў культавых беларускамоўных камандаў з Падляшша Юркі Асеньніка (ZERO-85) ды Хрыстафора Сяськевіча (Kardon) у суправаджэньні дзіцячага хору. Запрашэньні да супрацоўніцтва атрымалі таксама Слава Корань, Сяргей Міхалок, Аляксандар Кульлінковіч, Кася Камоцкая ды іншыя, аднак яны з розных прычынаў не змаглі паўдзельнічаць.
Дзеля стварэньня складанкі сабралася цэлая каманда. Музыка і мастак Юрка Асеньнік згенэраваў ідэю, настаўніца беларускай мовы ў пачатковай школе № 4 у Беластоку Аліна Ваўранюк падрыхтавала дзетак да канцэрту, а журналістка Кацярына Жамчужнікава працавала зь дзецьмі падчас запісу. Ролю мастацкага кіраўніка ўзяў на сябе Лявон Вольскі.
"Праца ішла весела ды нязмушана, бо гэта ж дзеці, – кажа Лявон Вольскі. – Я некалькі разоў прыяжджаў у Беласток на рэпэтыцыі цягам году. Спэцыфіка працы гэткая, што трэба за дзьве гадзіны зрабіць усё магчымае, бо потым дзеці стамляюцца і ўжо кепска рэагуюць на бізун і пернік. А наогул, гэта досыць высокі ўзровень мастацтва – калі дзіцячы хор на сцэне пяе разам з харызматычным Хрыстафорам: "Чарнабыль, радыяцыя, памірае наша нацыя", а ты раптам разумееш, што, насуперак прагнозам, за апошнія 25 гадоў нацыя не памерла. Яна жыве таксама ў гэтых беластоцкіх дзетках, якія старанна выводзяць кранальнымі галасамі: "Вось мая зямля пад нагой бяжыць, вось мая зямля ў сьнягох ляжыць…"".
Жывая прэм’ера праекту адбылася на фэсьце "Басовішча-2014", аўдыёвэрсія альбому ў інтэрнэце ўпершыню прэзэнтуецца на Tuzin.fm
Спампаваць альбом можна на сайце Tuzin.fm.
Тэкст: Tuzin.fm
Комментарии
Калi есць такiя дзеткi -
Калi есць такiя дзеткi - пофiг радiяция !!!!
Добра, вельмi добра .
І ў выніку атрымалася цікавая
І ў выніку атрымалася цікавая праграма. Каб жыж яшчэ шырэйшае кола аўтараў-выканаўцаў было...
Хороший сборник получился.
Хороший сборник получился.