Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).
Мая "дзесятка" ня ў поўнай меры дэманструе здабыткі 2014 году, бо яна складалася згодна са сьпісам альбомаў, разгледжаных штатнымі экспэртамі. Таму, як і летась, я дадаткова складу свой "альтэрнатыўны TOP-10", які будзе апублікаваны пазьней.
1. Port Mone "Thou" – слухаць
У першай й другой пазыцыях свайго рэйтынгу я перакананы на 100%. Але Port Mone ўзьняў на самую гару за кошт таго, што яны выпрацавалі ўласны інструмэнтальны стыль, які цяжка параўнаць з кімсьці яшчэ, і значна пашырылі свае магчымасьці як кампазытары. Калі пасьля дэбютнага рэлізу цяжка было ўявіць, куды пойдзе гурт далей, то пасьля другога адчуваецца бясконцасьць. Пазытыўная рэакцыя крытыкаў на гэты альбом пацьвярджае, што даўно прыйшоў час для папулярызацыі новых формаў музыкі. Хопіць тупых ваганьняў між сынт-фанэрай і гітарным чосам! Прывяду самацытату: "Такой музыкай, як у Port Mone можна, як бінтам, перавязваць сьмяротныя раны. У ёй няма ні сьцёбу, ні гумару, ні зьдзеку, ні позы, ні амбіцыяў, ні павучальнасьці, ні цяжару… Яна папросту насычаная спачуваньнем. Музыка сапраўды зьзяе, быццам Сонца скрозь ваду".
2. Tonqiхod "Прадмова" – слухаць
Рок-н-рол іздох, жыве рок-н-рол! Ранейшыя рок-героі адышлі ў нябыт. Таму ня ведаю, хто яшчэ ў Беларусі мае такі склад і піша песьні такога ўзроўню. На мой погляд, менавіта сваеасаблівы лад Лянкевічавае паэзіі абумоўлівае арт- і прог-рокавую форму музыкі з элемэнтамі псыхадэліі ды імправізацыі. Шлях ад сольных выступаў Уладзя да "Прадмовы" пройдзены калясальны. У нараджэньні зьявы пад імем TonqiXod можна прасачыць ня толькі кранальную й нават сакральную сувязь зь "Песьнярамі", але й тое, што менавіта TonqiXod стаўся якасным вынікам мінулай хвалі rock revival на нашай сцэне. Трыё паўстае абсалютна сьпелай, важкай, дасканалай і самадастатковай зьявай. Надзвычай удала складзены трэкліст альбома захоўвае дынаміку, няспынны рух і зьмены. Тут нават, калі акорд паўтараецца, то гучыць неяк інакш. Музыка хоць і адсылае да ўзораў 1970-ых гг., але гучыць абсалютна сьвежа й энэргічна. Таму "Прадмовай" альбом названы з-за празьмернай сьціпласьці музыкаў, насамрэч – гэта "Том I" зь іх сюр-рыцарскага раману. Мне падаецца, што TonqiXod упрыгожыў бы любы эўрапейскі прог-рок-фэст, бо іх музыка адначасова глыбока нацыянальная й у той жа час касмапалітычная. А ў Беларусі менавіта Tonqixod мог бы заняць мейсца NRM ці "Ляпісаў". Шкада толькі, што публіка яшчэ не сасьпела.
3. Ляпис Трубецкой "Матрёшка" – слухаць
Бывае, што сапраўдным мастацтвам становяцца не эфэмерныя сьпевы пра вечнае й абстрактнае, а суворы стыль, які расповедамі пра самае надзённае й балючае становіцца прарочым. Не сакрэт, што адна зь песень – "Воины света" – увогуле стала украінскай народнай, гімнам Эўрамайдану й антырасейскага супраціву. Альбом вельмі кантэкстуальны, як супрэматызм Малевіча. "Ляпіс" ускрывае таямніцы "загадкавае рускае душы" й зьвяртаецца да аб’екту дасьледаваньня ягонай жа мовай. Як кажуць, калі хочаш зьнішчыць дэмана, убач яго й назаві імя. У гэтым альбоме амаль кожны радок празорлівы. Застаецца толькі пачакаць пакуль згаданы ў апошнім трэку злы карлік Румпельштільцхен разарве сябе напалам, а "Ляпіс Трубяцкі" наадварот узьяднаецца паводле верагоднае піяр-дамовы.
4. Vuraj "Rajok" – слухаць
У 2014 годзе выйшлі ўсяго два поўнавартасныя альбомы, зробленыя на падставе беларускага этнічнага матэрыялу – ад гуртоў Vuraj і Guda. Зразумела, што Vuraj адрасаваны да больш шырокай аўдыторыі, бо ён не рэканструюе, а пераўсьведамляе. У асобных песьнях Vuraj набліжаецца да гучаньня "Тройцы" Івана Кірчука, у іншых – блізкі па духу да alter ego – праекту Fratrez. Vuraj выкарыстоўвае даволі шырокі дыяпазон сродкаў – ад акустычнага хард-року й рэгей да амаль акадэмічнага авангарду. У вакале Сяргея Долгушава адчуваецца кансэрваторска-філярманічны сьлед. У цэлым сьпелы, сьмелы й вельмі своечасовы рэліз.
5. Earworm "Amber" – слухаць
"Бурштынавы" альбом Earworm у маім "топе" перадусім сымбалізуе сур’ёзную й плённую актывізацыю рэгіёнаў у мінулым годзе. Як і ў сталіцы, правінцыйныя музыканты са стажам пасьля працяглых паўзаў селі за самафіксацыю. За Earworm я назіраю зь 2006 г. Гурт дадаў у свой фірмовы саўнд трохі этнікі, віялянчэль узбагацілася дыгітальнымі эфэктамі. У цэлым жа прынцып пабудовы кампазыцыяў не зьмяніўся. Ізноў самацытата: "Калі музыку Earworm нешта й абмяжоўвае, то заквадрачаная акордава-тэмпавая рок-аснова. Альбом выглядае цэльна, але аднастайна, моцна, але недастаткова экспрэсіўна. Бо самі кампазыцыі таго патрабуюць". Тым ня менш, выніковая палітра году была б менш яскравай і радаснай бяз гэтага рэлізу.
6. Navi "Сонцам сагрэтыя" – слухаць
Гэты альбом я б разглядаў сукупна з дэбютным рэлізам "Лови". У дэбютніку не хапае ў такой колькасьці беларускае мовы, а другому альбому не стае такіх аранжыровак, як на першым. Хаця цяпер галасы Арцёма й Ксеніі неяк скарацілі дыстанцыю між сабой. Хлапчуковы вакал стаў гучаць больш выразна, а дзявочы ўзбагаціўся сьвежымі фарбамі. Захаваўся адметны мэлядызм Navi, а тэматыка песень ад звыклае любоўнае лірыкі сягае амаль да рэлігійнага сьветаўспрыйманьня. Гэта насамрэч новая беларуская пап-музыка альбо, калі хочаце, музыка ўяўнае буржуазнае Беларусі 1980-х, дзе напраўду ёсьць шчырасьць і няма відавочнага жаданьня зарабіць на слухачах. Густоўная, творчая, інтэлігентная антытэза карпаратыўнаму дзярж-попу.
7. Лявон Вольскі "Грамадазнаўства" – слухаць
Дзёньнік трапных назіраньняў за беларускім соцыюмам. Песьні-канспэкты. Праўда, я ня надта зразумеў гук гэтага альбома і ролю наймітаў-варагаў у ім. Пэўна, у падачы N.R.M. альбом Zet гэтыя творы гучалі б больш арганічна й пераканаўча. Але час мінуў.
8. Groosha "Out Of Place" – слухаць
Альбом хоць і доўжыцца 20 хвілінаў, але выглядае цалкам завершаным. Акром усіх відавочных плюсаў, Груша – той рэдкі выпадак, калі акцэнт і лёгкія дысанансы толькі ўпрыгожваюць карціну, дадаюць натуральнасьці й блізкасьці. Шкада толькі, што фартэпіяна электроннае.
9. Розныя артысты "Re:Песняры" – слухаць
Вялізны шэраг рэлізаў, канцэртаў, акцыяў, праектаў і скандалаў мінулага году зьвязаны з адным імем – Сяргей Будкін. Няглядзечы на ўзьняты пляст нэгатыву, другі трыб’ют "Песьнярам" атрымаўся на галаву вышэйшым за першы ("Песьнярок", 1997 г.) і па якасьці запісу, і па крэатыўнасьці ў падыходах. Трыб’ют сьведчыць, што выканальніцкі й мысьленчы ўзровень айчынных музыкаў значна прасунуўся. У поўным, нецэнзураваным варыянце – 14 трэкаў. Дык вось, 11 зь іх можна слухаць шматкроць. У тым ліку, "Малітву" ў вэрсіі Naka. Увогуле, сувязь між пакаленьнямі – вельмі значная рэч, такія сувязі мацуюць нацыю, даюць ёй разьвівацца, а не пачынаць штораз з пачатку.
10. Розныя артысты "Апошні золак" – слухаць
Яшчэ адзін удалы праект спадара Будкіна. Надзвычай цяжкая тэма сьмяротнага пакараньня набыла ў меру далікатнае, тонкае вырашэньне. А тэрмін "супольны праект" наблізіўся да свайго першаснага "народна-альбомаўскага" значэньня. У тым сэнсе, што чальцы дзеі тут не існуюць паасобку. Гучыць шмат прэм’ер. Песьні розных аўтараў складаюць цэльную карціну. У тым ліку дзякуючы прадуманым аранжыроўкам са струннай і духавой сэкцыямі.
Experty.by