О проекте

Виктор Семашко: личный топ-10 белорусских альбомов за 2009 год

 

Внештатный эксперт и член "Большого жюри". Автор и ведущий радиопрограмм "Новая зямля" (радио Unistar, с 2005 по 2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", с 2010). С 2001 года – музыкант группы "Князь Мышкин", в 2004-2007 годах также участник группы "Нагуаль". В 2006 году издал книгу собственных стихов "Марыя S.".

Кожны з абраных мной дзесяці альбомаў па-свойму адметны, арыгінальны й аднолькава варты ўвагі. Таму крытэр, якім я карыстаўся разьмяркоўваючы мейсцы, выключна эмацыйны. То бок, у сьпісе зьмешчаныя кружэлкі, якія ўскалыхнулі мае пачуцьці, прымусілі актыўна спачуваць – кожная ў сваёй ступені. Разам з тым, на жаль, не магу сказаць, што які-небудзь з гэтых альбомаў падабаецца мне на 100%. Таксама амаль усіх прадстаўленых творцаў яднае няпэўная пэрспэктыва. Задаесься пытаньнем: "Што будзе далей?" Для кагосьці скончыўся чарговы этап, хтосьці навогул разваліўся, асобным трэба будзе вельмі пастарацца наступным разам, каб не паўтарыцца…

Але ў цэлым першая музычная дэкада 21-га стагодзьдзя ў Беларусі сканчаецца вельмі няблага. Контркультурная беларусізацыя, выпрабаваньне забаронамі й дазволамі, вывучэньне ўласнае музычнае гісторыі, інтэграцыя ў сусьветную прастору, асваеньне новых тэхналёгіяў, формаў, стыляў, тэмаў – усё прайшло не дарма. Зараз сярод нас – безьліч патэнцыйных "супэргерояў", і іх более штодня. Наконт 2010 году ня ведаю, а вось уцэлым наступная дэкада абяцае быць фантастычнай!

Зазначу толькі, што пры іншых умовах галасаваньня ўставіў бы ў сьпіс лепшых альбомаў году шыкоўны беларуска-польскі дыск Аляксандра Ліцьвіноўскага "Jazz Graffiti", нечакана ўразьлівы дэбютнік Аляксандра Рыбака "Fairytales" і запіс праекту "Солнце Цветы" "Inconceivable".

1. Ляпис Трубецкой "Культпросвет"

Зборнік лёзунгаў і праклямацыяў! Ад папярэдніх працаў групы "Культпросвет" адрозьнівае канкрэтнасьць, прамата й вострасьць. Таксама дыск болей шчыльны й цэльны, але не без самапаўтораў. Як заўсёды, песьні маюць падвойнае, а то й патроенае дно, і сьпяваюцца ад імя розных лірычных герояў. Натуральная шчырасьць і прыхаваны сьцёб бягуць навыперадкі. Таксама ў альбоме чамусьці шмат цытатаў, алюзіяў, вэктараў менавіта маскоўскага напрамку. Разам з тым цешыць дакладная вокладка ў стылістыцы віцебскага авангарду.

2. Глюкі "Idyjatyzm"

Пасьмяротны альбом атрымаўся на дзіва вынаходлівым й фантазійным. Песьні адначасова сьмешныя й трагічныя, мэлядычныя й брутальныя. Нават нейкая няўлоўная панк-рамантыка прысутнічае. Палова матэрыялу – відавочныя гіты. Распад "Глюкаў" – яшчэ адзін прыкры прыклад беларускае некамунікабэльнасьці.

3. The Toobes "Hello"

The Toobes – цэльны й мэтанакіраваны арганізм, кожны з трох "мушкецёраў" разумее сваю функцыю й падыходзіць да яе тэхнічна, зь імпэтам і самааддачай. Бітнік з саракапяцігадовым стажам Яўген Канавалаў, пачуўшы першыя акорды дыску ў маёй прысутнасьці, адразу зазначыў: "ФірмА". Здавалася б, хлопцы ня граюць нічога новага – густоўны mix са шматгадовае рок-н-рольнае спадчыны. Але, відаць, гэта менавіта тое, што патрэбна тут і зараз: нястрыманая, але дакладна арганізаваная экспрэсія. Асабліва зачапілі імправізацыі ў "Eight Song". Пры ўсёй зьнешняй нетутэйшасьці "The Toobes" вельмі нашыя, свае хлопцы.

4. Apple Tea "V"

На мой погляд, ня толькі адно зь лепшых выданьняў году, але й лепшы альбом у дыскаграфіі знанага джаз-ансамблю. Плытка вельмі маляўнічая, сьветлая й сьвежая, нават паветраная, з гумарам. Як я ўжо раней зазначаў, альбом варта паслухаць хаця б для таго, каб насыціцца рэдкім у нашых краёх адчуваньнем свабоды й радасьці жыцьця. Быццам, усё самае дрэннае мінула назаўжды й можна, нарэшце, уздыхнуць з палёгкай. Разам з тым, гурт захоўвае прыхільнасьць да джазавага мэйнстрыму, а вельмі хацелася б сьмелых экспэрымэнтаў накшталт зьдзейсьненых калісьці з французам Стэфанам Бісьерам. Таксама Павал Аракелян даўно сасьпеў да сольнага дыску.

5. Камоцкі Алесь "9"

Яшчэ адзін рэліз зь імем-нумарам. Алесь Камоцкі з бэндам "Край" запісаў кружэлку на галаву вышэйшую за ўсе папярэднія. Хаця б таму што тут болей музыкі як такой. Шмат густоўных пройгрышаў, маляўнічых сола й працяглых, задушэўных імправізацыяў на розных інструмэнтах. Філязофская лірыка пад рытм bossa nova ў выпадку з Камоцкім гучыць надзвычай арганічна.

6. Port Mone "Dip"

Падчас наведваньня Масквы прыемна было пабачыць плытку Port Mone ў краме на адной палічцы з разнастайным "савецкім" і "постсавецкім" фры-джазам. Там жа адразу і набыў. Успамінаю, што некалькі год таму музычны эрудыт і тэарэтык Андрэй Гарохаў параіў электроншчыкам працягнуць свае ідэі з акустычнымі інструмэнтамі ў рукох. Акром Port Mone, іншых прыкладаў і прывесьці не магу. Прычым, па сваёй прыродзе сьвет, які апісвае Port Mone, вельмі беларускі. Хоць самі музыкі, напэўна, са мной не пагодзяцца. Такая музыка магла нарадзіцца толькі ў краіне азёраў ды рэк.

7. WZ-Orkiestra & салісты "Мой сябра анёлак"

На дзіцячае й сакральнае ў Беларусі дэфіцыт. Сапраўды, альбом нагадвае кардонную кніжку-раскладушку, дзе на кожнае старонцы новая гісторыя – простая й кранальная. Больш зразумеў сэнс гэтае працы пабачыўшы яе візуальнае вырашэньне (падчас амаль авангардовага пэрформансу-прэзэнтацыі), а таксама ўчытаўшыся ў тэксты (даволі традыцыйныя па форме). У большасьці песень словы бягуць надта шпарка для майго вуха. Атмасфэра тэксту й яго выкананьня ў песьні часам вельмі розьняцца. З салістаў жаночая палова атрымалася на галаву вышэйшая за мужчынскую. А найпрыгажэйшы момант у альбоме – партыя духавых у песьні "Просьба".

8. Вольскі Лявон і інш. "Такога няма нідзе"

Саўндтрэк да сьціплага й густоўнага каляднага праекту. Адчуваецца, што творчасьць для спадара Лявона як дзіцячая гульня са сваімі плюсамі й мінусамі. Назваць такую гульню можна яго ж словамі "Прыдумай сабе свой сьвет". Тут свае сюрэалістычныя правілы, пэрсанажы, гісторыі – зьмястоўныя й не зусім. Зноў жа сярод удзельнікаў значна больш уразілі кабеты. А фінальны твор "Дай мне знак" – адна зь лепшых песень аўтара.

9. Band_A "Пазытывы"

Такіх песень не хапала з часоў раньняга Ulis. Глыбока, вытрымана, інтэлігентна. Даўно чакаў, калі ўжо хто скарыстае вобраз "Мора Герадота" (так старажытнагрэцкі вучоны назваў нашае Палесьсе). Некаторыя выразы нават выклікалі духоўны экстаз. "З кожным крокам цябе ўсё меней застаецца ў гэтым сьвеце".

10. Стары Ольса "Дрыгула"

Першы альбом "Старога Ольсы" бяз словаў. Пераход ад песьняў да чыстае музыкі мною заўсёды ўспрымаецца як прагрэс. Акром таго, музыкі паказалі свой асабісты погляд на "Полацкі сшытак", знайшлі выдатны кампраміс між даўніной і сучаснасьцю. Як і ў "ляпісаў" уразіла вокладка, што адпавядае зьместу: біскуп і князь танчаць поруч са сьмерцю.


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net