Супольны калядны канцэрт "Мой сябра анёлак" у канцэртнай залі "Мінск" 7 студзеня нагадваў ранішнік у дзіцячым садку. Дарма, што пачаўся ён а 7-й вечара. Зала і сцэна цягам усёй праграмы поўнілася дзіцячым смехам.
Аматары творчасці Змітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra ўжо прызвычаіліся да традыцыйных калядных канцэртаў 7 студзеня ў КЗ "Мінск". Сёлета іх чакалі сюрпрызы: гэтым разам Вайцюшкевіч падрыхтаваў супольную з іншымі музыкамі праграму "Мой сябра анёлак", напісаўшы музыку на словы Арцёма Кавалеўскага; сам канцэрт прайшоў не ў Малой, а ў Вялікай залі.

"Трохі нязвыкла пець не аднаму і не ў малым памяшканні. Сёння вас чакае канцэрт-цягнік – цягнік артыстаў, цягнік зорак", – падрыхтаваў публіку музыка перад пачаткам канцэрту.

Аўтар тэкстаў Арцём Кавалеўскі расказаў пра тое, як ягоная сястра натхніла напісаць нізку вершыкаў пра анёлкаў і як гэтая ідэя ўвасобілася ў супольную праграму. Са сцэны ліліся спевы пра анёлкаў-ахоўнікаў, разважлівых анёлкаў, пра іх мары і просьбы. Ксенія Мінчанка, скрыпачка WZ-orkiestra, Алесь Зайцаў з "Босага сонца", Янка Маўзер, Наста Някрасава з Rock Folk, Галіна Казіміроўская з Concordia Chor, Мікола Прылуцкі з Купалаўскага тэатра ды іншыя музыкі, большасць у белых строях, а хтосьці і з белымі крылцамі за спіной, спявалі па чарзе гісторыі пра анёлкаў. Ганна Хітрык з гурта "Дзеці дзяцей" дапамагала Вайцюшкевічу весці вечар.

Па сцэне блукалі цені са знічкамі, кароўка з вялікімі блакітнымі вачыма. Дарослым анёлам-музыкам падпявалі чацьвёра дзяцей-анёлкаў. У вольны ад спеваў час яны весяліліся на сцэне, скакалі і бегалі між дарослых, раздавалі гледачам з "будзьмаўскіх" торбачак цукеркі.

Не менш весела было ў залі на праходах: на канцэрт прыйшло шмат бацькоў з малымі дзецьмі, і большасці з іх было цяжка ўседзець на месцы. "Ой будуць спаць сёння дзеці – набегаліся!", – заўважыў Вайцюшкевіч, робячы паўзу ў адной з песень, праспяваных па-за праграмай.

"Цяпер па вёсках ужо не ходзяць калядоўшчыкі, таму не пачуеш ужо такіх песень. Толькі ў двух вёсках – Крывічах ды Васілевічах", – справакаваў гледачоў спявак. З залі загучалі назвы: Шабаны, Наваградак.
"Ага, Малінаўка, Чыжоўка, там хораша жывуць! Дразды?" – жартаваў Вайцюшкевіч.

Недзіцячыя жарты ўпляталіся і ў анёльскую тэму. Разважаючы пра начальнікаў і анёлаў, Зміцер запытаў у Ганны Хітрык – няўжо і сярод начальнікаў ёсць трохі вышэйшыя за анёлкаў? Пасля песьні Ганны пра анёлка, які згубіў акуляры – ці не самай пранізьлівай і шчымлівай гісторыі ў праграме – грымнула бадзёрая і жыццесцвярджальная "Хто з анёлкам пасябруе?" Вайцюшкевіч паклікаў на сцэну ўсіх дзяцей і канцэрт канчаткова перарос у дзіцячае свята.
На развітанне музыка запрасіў усіх прыходзіць на канцэрты "Я нарадзіўся тут" у лютым і сакавіку. Сачыце за афішамі!
Глядзі яшчэ:
Тут можна спампаваць песьні з альбому "Мой сябра анёлак"
Тэкст і фота: Сямён Печанко, "Наша Ніва"