Пабачыў сьвет альбом "Hobby", складзены з запісаў славутага беларускага блюзмэна Яўгена Канавалава, які пайшоў у іншы сьвет у красавіку 2011 году. Выйшаў дыск дзякуючы калегу і сябру музыканта – Лявону Нарушэвічу.
У альбом "Hobby" увайшлі запісы Яўгена Канавалава, зробленыя пасьля вяртаньня яго на сцэну. У 60-70-х музыка ўдзельнічаў у вядомых менскіх камандах "Альгарытмы", "Эльфы", ансамблі Таржэцкага і лічыўся адным з найлепшых на тыя часы беларускім гітарыстам. Але ў 1978 годзе Яўген вырашыў сыйсьці ў навуку і нават прадаў сваю гітару. Вярнуўся музыкант на сцэну ўжо пры канцы 90-х намаганьнямі Генадзя Старыкава.
"Гена стаў запрашаць нас, лабухаў 60-х, у "Стар Клуб", мой даўні сябра Міхаіл Шэйко падзяліўся музыкай з сваёй калекцыі і ў мяне зьявілася ахвота граць ізноў. Зноў адладзілася і наноў засвоілася гітара, якая стала выдатным сродкам сыходу ў паралельны сусьвет – гобі", – пісаў незадоўга да сваёй сьмерці Яўген Канавалаў. Менавіта такую назву – "Hobby" і вырашана было даць другому яго пасьмяротнаму альбому (першы "The Way" выйшаў улетку 2011).
Канавалаў настолькі натхніўся музыкай, што стаў запісваць свае п’есы на хатняй студыі, але не для агульнага распаўсюду, а для сваякоў і сяброў. З запісам стужак на CD яму па першым часе дапамагалі Ўладзімер Назараў і Лявон Нарушэвіч. Потым ужо запісам і апрацоўкай гуку Канавалаў займаўся самастойна. Якраз тыя п’есы для абраных і ўвайшлі ў "Hobby", які пабачыў сьвет шмат у чым дзякуючы Лявону Нарушэвічу, у якога захоўваліся запісы Канавалава.
"Гэты дыск Коні (так звалі яго сябры – "ТГ") запісаў цалкам сам, толькі ў трэку "Дуэт" гучыць бас Яўгена Адстаўнова. Думаю, што гэта апошні рэліз яго пасьмяротны, бо ў мяне больш нічога не засталося", – кажа Лявон. У будучым, хіба можа пабачыць сьвет яшчэ адрэстаўраваны запіс гурта "Альгарытмы" – герояў першага беларускага біг-біт фэстывалю 1968 году, на якім Канавалаў быў прызнаны найлепшым гітарыстам.
Альбом можна паслухаць і спампаваць тут.
Тэкст: SB, Tuzin.fm
Комментарии
Приятная спокойная музыка.
Приятная спокойная музыка.