Гарадзенскі гурт "Кальян" пасля 6-гадовага перапынку запісаў новы альбом "Антыпазітыў". Больш жорсткае хардкоравае выкананне, вострыя тэксты на сацыяльную і палітычную тэматыку. Размова з Алесем Дзянісавым закранула розныя тэмы жыцця.
– Альбом стаў больш жорсткім у выказваннях і ў тэкстах. З чым гэта звязана?
– Рок-музыка – гэта лакмусавая паперка, якая рэагуе на тое, што адбываецца вакол цябе. Гэта звычайная рэфлексія. У мяне ёсць права і магчымасць спяваць пра тое, што я адчуваю! Калісьці Махатма Гандзі сказаў, што не можа быць шчаслівым, пакуль навокал столькі няшчасных людзей. У нейкім сэнсе, на мой погляд, і рок у нашай краіне павінен больш увагі аддаваць сацыяльна-палітычным праблемам грамадства і простага чалавека. Няхай прыдворныя "рокеры" кшталту Дяди Вані і "Да Вінчи" спяваюць пра ўсялякую лабуду. З аднаго боку, я ніколі не быў у складзе нейкай там палітычнай партыі ці руху. З другога боку, я ніколі не быў апалітычным. Слова "апалітычны" ў мяне мае жорсткую афарбоўку кшталту "мая хата з краю, і мне на ўсё насраць". Дык вось, асабіста мне – не нас*аць! Апалітычнасць – гэта такі хітрык, магчымасць адседзецца ў хмызах. А насамрэч гэта ціхае падтрыманне Сістэмы.
Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў мы прачнуліся ва ўмовах віртуальнай грамадзянскай вайны. Можна звязаць нашыю радыкалізацыю з гэтым, але большасць тэкстаў былі напісаныя ў 2007 – 2008 гадах. Першыя рэпетыцыі мы пачалі ў 2009 годзе. Таму гэтыя падзеі больш паўплываюць на будучую творчасць.
– Алесь, як бы ты акрэсліў сітуацыю на сучаснай гарадзенскай сцэне?
– Я не музычны крытык. Мне цяжка тут штосьці сказаць. Можна звярнуць увагу на некаторыя моманты, якія кідаюцца ў вочы. Па-першае, рок загналі ў падвалы і гаражы. У нас няма свайго клуба, але на сённяшні момант ягоная наяўнасць не вырашыла б пытання.
Па-другое, у Гародні вельмі шмат гуртоў. Не магу сказаць, што мне ўсе цікавыя, але гэта справа густу.
– Гарадзенскія гурты запісваюць новыя альбомы, возьмем да прыкладу вас і "Некоторое отсутствие пуговиц", аднак у залах ці ў клубах іх не чуваць. Як ты лічыш, чаму?
– Гэта пытанне да клубаў і залаў. Справа, здаецца, у тым, пра што сказаў Сяргей Міхалок, – культурным генацыдзе. Цяпер час шансону і папсы. Яны правяць балам. Сітуацыю адлюстроўвае "Радыё Рокс", якое – з такой назвай – круціць на сваіх хвалях тухлую гопніцкую пашляціну.
І калі нашая творчасць, напрыклад, больш спецыфічная, то тое, што Ваня Пачывалаў не мае канцэртаў, – гэта для мяне нонсэнс.
– Што змянілася ў тваім светапоглядзе за апошнія 6 гадоў, пасля выпуску мінулага альбома?
– Гурт быў у стане паўраспаду 5 гадоў. Мы некамерцыйны гурт, таму нам неабавязкова ўвесь час клапаціцца пра канцэрты і лавэ, якое нам за іх адшпіляць, пра колькасць альбомаў і іх продаж, і г.д. Нам не трэба хадзіць да ідэолагаў, каб нашыя канцэрты не забаранялі, бо іх і так негалосна забаранілі вельмі даўно. Сітуацыя мне нагадвае 80-я гады мінулага стагоддзя. Цяпер, канечне, не "поколение дворников и сторожей", але па ментальнай сутнасці – адно да аднаго. Падлеткам я выхоўваўся на рознай музыцы, у тым ліку і на так званым савецкім року. Мы гралі на гітарах "Кино", перапісвалі на бабіны "ДДТ" жахлівай якасці… Яны сядзелі ў глыбокім андэграўндзе і не скавыталі. І вось і мы цяпер, сціскаючы зубы, не займаемся калабарацыянізмам. З гэтага пункту гледжання нічога не змянілася. Не змянілася стаўленне да тых рэчаў, якія заўсёды былі "слупамі" майго светапогляду. Пачынаючы ад агульначалавечых каштоўнасцяў і заканчваючы такімі рэчамі, як нонкарфамізм у дачыненні да сённяшняй сістэмы РБ ці антыфашызм. Гэта было і засталося. Ну а ўвогуле, канечне, чалавек змяняецца. Мне цяжка адказаць, як гэта паўплывала на творчасць. Гэта няхай музкрытыкі і слухачы кажуць.
Альбом можна спампаваць са старонкі гурта.
Тэкст: Андрэй Мялешка, Budzma.org