Мінскі фолк-мадэрн гурт Unia працуе над новым EP з трох трэкаў. Песню "Ніколі больш" музыкі ўжо цалкам зрабілі, засталося толькі запісаць усім складам. Гэта аўтарская кампазіцыя з урыўкамі народнай мелодыі і тэксту. Яшчэ адна песня плануецца ў выглядзе прыгожага народнага "медляка" ў акустычным варыянце. Ну, а трэці трэк, па словах музыкаў, будзе зусім не падобным не звычайную Unia.
"Як на наш слых, дык яна атрымліваецца ледзь не папсовай, – распавядае Еўрарадыё вакалістка гурта Даша Трубіна. – Але, думаю, інструменты дададуць сваю соль. Плюс – Антон [вакаліст гурта. – Заўв. "Еўрарадыё"] крыху "парыкае" ў патрэбных месцах. Карацей, гэта ўжо не Unia. Гэта такі эксперымент з цалкам аўтарскай і музыкай і тэкстам".
Ні песня, ні сам EP пакуль не маюць нават працоўных назваў. Яго выданне плануецца на канец жніўня – пачатак верасня. Але Unia не хоча нічога абяцаць, бо наперадзе летнія адпачынкі. Адпаведна, і праца над сінглам можа расцягнуцца.
Тэкст: "Еўрарадыё"