Мінскі мадэрн-фолк гурт Unia нарэшце выдае новы альбом. Паслядоўнік дэбютнага "Dolam" мусіў выйсці яшчэ два гады таму, калі і быў запісаны ўвесь матэрыял. Але пастаянныя праблемы з гукарэжысёрамі, якія браліся за звядзенне ды майстарынг кружэлкі, увесь час адцягвалі дату рэлізу.
Паводле словаў дырэктаркі калектыву Ларысы Палонскай, у параўнанні з дэбютным новы альбом стаў больш цяжкім па гучанні, а ў двух яго трэках з'явіліся аўтарскія тэксты, якія ўплятаюцца ў беларускую народную песню.
Альбом, які атрымаў назву "Едзем", хутка можна будзе свабодна скачаць у інтэрнэце, а набыць дыск можна будзе ўжо напярэдадні канцэртнай прэзентацыі. Адбудзецца яна 7 лістапада ў клубе "Гудвін". За два гады падрыхтоўкі кружэлкі склад гурта амаль цалкам змяняўся некалькі разоў, але зараз Unia зноў выступае ў, так бы мовіць, "залатым складзе", у якім альбом і запісваўся. Менавіта гэта, на думку Ларысы Палонскай, і стане асноўнай фішкай канцэрта.
"Падчас канцэртаў будзе шмат сюрпрызаў. У ім, напрыклад, возьмуць удзел музыкі, якія гралі ў Unia ў розныя часы. Будуць розныя конкурсы, гульні, але я не хачу раскрываць сакрэты – карацей, шмат чаго будзе. Будзе песня, якая ніколі яшчэ не гучала, гэта таксама сюрпрыз".
Зараз музыкі Unia шукаюць гурт, які выступіць у іх на разагрэве. Дарэчы, Ларыса па сакрэце прызналася, што назва "Едзем" – гэта своеасаблівая мантра для музыкаў. Маўляў, Unia вельмі любіць падарожнічаць і спадзяецца, што такая назва прыцягне тыя самыя падарожжы...
Тэкст: Ілля Маліноўскі, "Еўрарадыё"