З нагоды выхаду другога студыйнага альбому "Едзем" ідэоляг гурту Unia Павал Палонскі патлумачыў у інтэрвію Tuzin.fm, навошта яны сьпявалі расейскія народныя песьні, дзе знаходзіліся апошнія чатыры гады і што новага дадалі да песьні "Я скакала".
– Ваш гурт пачынаў з расейскамоўных песень. Чаму?
– Ня ведаем, з чаго вы ўзялі, што мы пачыналі з расейскіх народных песень. Можа быць, мы нешта спрабавалі падобнае зрабіць, але гэта ж быў час нашага станаўленьня, вызначэньня са стылем і зь песьнямі. На нашых двух альбомах няма расейскіх твораў, і калі мы іх і выконвалі, то было гэта вельмі даўно і мімаходзь.
– Наколькі па-твойму беларускія і расейскія народныя творы падобныя між сабой?
– Вядома ў іх ёсьць нейкае падабенства, мы ж усе славяне. Ёсьць падабенства ў мэлёдыцы, у манеры выкананьня. Але ўсё ж такі нашы песьні розныя, бо ў нас розная гісторыя, розныя каштоўнасьці, розныя звычаі, а пра гэта і сьпяваецца ў народных песьнях.
– У Беларусі было і ёсьць проста безьліч калектываў, якія выкарыстоўваюць народныя сьпевы ў сваёй творчасьці. Чым вы адметныя сярод іх?
– Мы згодныя, што фольк-музыкі дастаткова шмат у нашай краіне. Аднак, фольк-гурты рэдка даюць канцэрты, некаторыя не вядуць актыўнай дзейнасьці, некаторыя граюць зусім этнічную музыку, некаторыя падаюць сьпевы ў лёгкай аранжыроўцы, можна сказаць, блізкай да арыгіналу. Мы ж граем дастаткова цяжкую па стылі музыку, бярэм народныя песьні розных часоў і з рознымі тэмамі, і стараемся максымальна папулярызаваць старадаўнія сьпевы сярод беларускай моладзі, якая любіць цяжкую музыку.
– Ці згодныя вы зь сьцьверджаньнем, якое выказаў лідэр "Палацу" Алег Хаменка наконт таго, што на падставе беларускай гісторыі, легендаў і паданьняў варта ствараць аўтарскія тэксты, а не займацца перапяваньнем ранейшых добравядомых тэкстаў?
– Ствараючы нешта новае, ніколі нельга забываць старое. Тым больш нельга забываць наш фальклёр, нашы народныя песьні. Яны жылі, яны ёсьць цяпер і яны будуць. А ўсё, што ёсьць на сёньня аўтарскае, наўрад ці ўвойдзе ў гісторыю і згадаецца праз 50 або 100 гадоў. Але ж мы ў новым альбоме напісалi два аўтарскія тэксты. Цалкам магчыма, што і ў далейшым будзем зьмешваць народнае і аўтарскае.
– Што зь беларускай і сусьветнай музыкі вас саміх па-сапраўднаму ўражвае?
– Зь беларускіх гуртоў не магу нікога канкрэтнага вылучыць. З фольку падабаюцца немцы In Extremo, падабаецца ўкраінскi фольк-гурт "ДримбаДаДзига", а наогул мы ўсе слухаем абсалютна розную музыку, прычым у вялікіх колькасьцях.
– Пасьля выхаду дэбютнага альбому ў 2008 годзе гурт некуды зьнік. Чаму вы вырашылі вярнуцца на сцэну?
– На самай справе група не зьнікала і не распадалася. Проста паўсталі некаторыя праблемы з складам, давялося шукаць адразу некалькі заменаў. А далей паступова пайшла праца над новым матэрыялам, адначасова граліся канцэрты. Перашкоды ўзьнікалі і ў працэсе запісу. Часам, ужо пачаўшы працаваць зь кім-небудзь з гукарэжысэраў, даводзілася шукаць іншага чалавека і пачынаць усё зноўку. А наогул, будзем імкнуцца заняць сваё месца на беларускай фольк-сцэне і максымальна далучыць маладых людзей да фальклёру.
– Што цікавага вы прапануеце ў новым альбоме. Якія яго адметнасьці можаце назваць?
– Гэты альбом стаў своеасаблівым вынікам працы групы за апошнія чатыры гады. Дыск атрымаўся больш цяжкім па гучаньні, чым папярэдні. Адчуваецца больш асэнсаваны падыход да стварэньня аранжыроўкі, за кошт чаго альбом гучыць больш цэласна. У яго ўваходзіць 10 кампазыцыяў. Не абыйшлося без экспэрымэнту і на гэты раз. У дзьвюх песьнях мы злучылі цяжкі фольк з рэпам і напісалі на народныя куплеты аўтарскія тэксты. Адзін зь іх – "Я скакала" мы хочам прадставіць да ўвагі наведнікаў Tuzin.fm. Таксама на альбоме ёсьць і ўкраінская народная песня "Ой, на горi". Мы плянавалі выпусьціць альбом афіцыйна, але нас не задаволілі прапанаваныя ўмовы, і мы вырашылі проста выкласьці для вольнай запампоўкі ў Інтэрнэт.
Спампаваць альбом можна на сайтах Rusfolder и Rutracker.
Тэкст: Іван Бяспалы, Tuzin.fm