Гурт Unia прэзентаваў на "Еўрарадыё" новы EP "Usled za Taboj", на якім музыкі працягваюць эксперыментаваць з аўтарскім матэрыялам. "Гэты рэліз – такая спроба крыху змяніць фармат, – каментуе адна з вакалістак гурта Дар’я Трубіна. – Бо раней мы бралі беларускую народную песню і неяк музычна яе афармлялі. А тут мы вырашылі яшчэ раз паспрабаваць міксануць народныя песні са сваім тэкстам".
– Будзе цікава пачуць меркаванне слухачоў, бо пакуль для гурта гэта такі перавалачны пункт. Можа, далей пойдзе нешта сваё, а можа, сваё не пойдзе… Карацей, пакуль у нас тут стаіць пытальнік, – дадае яна.
Рэліз складаецца з трох трэкаў, два з якіх – "Rana na Jvana" ды "Nikoli Bolṡ" – з’яўляюцца міксамі. Музыкі гурта адзначаюць, што тэкставы эксперымент не адзіны на гэтым ЕР – "стылістычна гурт загучаў больш лёгка, калі не сказаць папсова".
"Напэўна, гэта ужо мы пасталелі проста, – тлумачыць змены Дар’я. – Сталі слухаць іншую музыку. Мы размаўляем, абменьваемся нейкімі запісамі паміж сабой і, калі параўнаць іх з тымі запісамі ды выканаўцамі, якімі мы абменьваліся гады 3-5 таму, то розніца істотная. Напэўна, ужо хочацца чаго-небудзь менш напружнага і брутальнага".
Пасля запісу ЕР "Usled za Taboj" з гурта сышоў вакаліст Антон Казельскі і было прынятае рашэнне замену яму не шукаць. Таму і канцэртная прэзентацыя новага міні-альбома пакуль пад пытаннем – без мужчынскіх партый незразумела, як выконваць новыя песні.
"Далей увогуле будзе цікава, – працягвае Даша. – Цяпер мы будзем змагацца удваіх з Шуняй (другая вакалістка гурта Аляксандра Галкоўская, –Еўрарадыё), а таму цалкам верагодна, што з’явяцца ўвогуле лёгенькія-лёгенькія трэкі. Карацей, у нас цяпер вельмі пераломны перыяд".
Паслухаць EP "Usled za Taboj" гурта Unia на жыва можна будзе на шэрагу летніх байкерскіх і музычных фэстаў.
Тэкст: Ілля Маліноўскі "Еўрарадыё"