Магілёўскі гурт "Калачиком Рядом" на выходных прадставіў у мінскім клубе "Графіці" свой новы альбом "Холода". Выступ праходзіў у межах вечарыны сайта Ultra-music.com, якая ўшаноўвала пераможцаў галасавання за лепшую песню месяца.
Па выніках галасавання, пераможцай травеньскага чарта стала песня "Обязанность" магілёўскага гурта "Калачиком рядом", другі альбом якога – "Холода" выклікаў шквал пазітыўнай крытыкі і цікавасць мінскіх меламанаў. На думку фронтмэна гурта Мікіты Емяльянава, новы склад каманды і яе музыку мінская публіка ўпадабала.
Мікіта Емяльянаў: "Усё прайшло дастаткова паспяхова. Гэты склад граў другі раз. Першы раз вельмі хваляваліся. Другі раз хваляваліся меней. То бок, больш далі, адпаведна больш атрымалі. Калі мы спадабаемся, а я спадзяюся, што мы спадабаліся, калі будуць зваць і запрашаць, мы з задавальненнем будзем ездзіць".
Каманда "Калачиком рядом", якую сур’ёзныя эксперты ахрысцілі лепшай у плыні рускага року за апошнія некалькі гадоў, у Графіці паўстала ў выглядзе сучаснага камернага аркестра.
Мікіта Емяльянаў: "Мяне цікавіць класічнае гучанне ў перамешку з электронікай і электрагітарай там, дзе яна патрэбна. То бок, мяне цікавіць гітара як элемент аркестра, мяне цікавяць бубны не як бубны, а як набор перкусійных інструментаў, і выкарыстоўванне ў патрэбны момант і патрэбнай плыні электроннага гучання".
Мікіта Емяльянаў – матэматык па прафесіі, хоча выхоўваць публіку і сваёй музыкай нагадваць ёй пра класікаў Мусаргскага, Шапэна і іншых. Дарэчы, рускі мелас у песнях "Калачиком рядом" і ёсць вынікам любові музыкаў гурта да рускіх кампазітараў.
Мікіта Емяльянаў: "Я абажаю Мусаргскага, і яго паслядоўніка Андрэя Місіна – ёсць такі рускі кампазітар. Рыта – піяністка, з якой мы займаемся напісаннем партый, таксама любіць менавіта гэтых кампазітараў. Таму атрымоўваецца рускі напеў. Ну і я вырас у вёсцы. Чаму там яшчэ гучаць, як не народным песням?"
Падчас сэта "Калачиком рядом" "Еўрарадыё" падалося, што калі б гурт загучаў без флейты, альта і саксафона, то атрымаўся б сапраўдны Doors, тым больш і знешне і па духу Мікіта Емяльянаў нагадвае Джыма Морысана. Хочацца пажадаць маладой камандзе часцей выбірацца далёка за межы Магілёва, а парталу Ultra-Music знаёміць публіку з цікавымі гуртамі, і, вядома, здзейсніць задуму з фестывалем з удзелам сусветна вядомых гуртоў.
Тэкставы і фотарэпартаж цалкам – тут.
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё"