О проекте

Re1ikt: "З новым-старым вакалістам і па калена ў сайд-праектах" (+фота)

 

21 жніўня Re1ikt вярнуўся на мінскую сцэну з новым-старым вакалістам. Уладзімір Казлоў уліўся ў склад гурта пасля 8 месяцаў, так бы мовіць, самастойнасці. "Еўрарадыё" запрасіла "рэліктаў" Вову Казлова і Сашу Дземідзенка да сябе ў госці, каб даведацца, як музыкам жылося "ў разводзе", і што цяпер зменіцца ў музыцы гурта.

– Пачнём з таго, Вова, як мы з табой два з паловай гады таму сядзелі ў мяне на кухні і размаўлялі пра Re1ikt. Гурт пасля перамогі на "Бардаўскай восені" за чатыры месяцы не здолеў сабрацца на рэпетыцыю, а ў музыкаў было толькі дзве гітары на траіх. Ці змянілася што-небудзь з тых часоў?

Уладзімір Казлоў: Шмат чаго адбылося. Самае простае – гэта пашырэнне складу удзельнікаў. Я часам думаю, мець для стварэння музыкі калектыў з пяці чалавек – гэта вялікая раскоша. Тады мы толькі пераязджалі ў Мінск, а цяпер мы тут трывала замацаваліся. І шмат чаго разам перажылі.

– А колькасць гітар павялічылася?

Аляксандр Дземідзенка: Павялічылася. Але на ўсіх усё роўна не хапае!

– Саша, чым гурт без гітар і без вакаліста займаўся апошнія восем месяцаў?!

Аляксандр Дземідзенка: Вось ты цяпер зусім як мая былая начальніца: "Аляксандр, чым вы займаецеся на працы?!" У мяне адразу непрыемныя эмоцыі. І хочацца сказаць: "Ды нічым мы не займаліся, проста сядзелі!"

– Мяне гэты адказ ну ніяк не задавальняе!

Аляксандр Дземідзенка: Ну, калі хочаш сур’ёзна, дык на табе… Вы, напэўна, усе ведаеце, што Уладзімір часова сышоў з калектыву. За гэты час мы… Развіваліся духоўна! І запісалі альбом для сайд-праекта Re123+, але ён яшчэ не даведзены да ладу.

– Калі гэтая праца вялася за адсутнасцю вакаліста, значыць, альбом інструментальны?

Аляксандр Дземідзенка: Не! Мы запрашалі вакалістаў, прычым, вельмі і вельмі цікавых! Але што за яны – пакуль што вялікі сакрэт. І яшчэ мы паспелі зрабіць інструментальную праграму для аднаго цікавага праекта.

– Яшчэ адзін сайд-пракет?!

Аляксандр Дземідзенка: Не, гэта культурны праект, у якім бярэ ўдзел Re1ikt. Але і гэта таксама пакуль што сакрэт, вось так мы шмат сакрэтнічаем.

– То бок, вы скарысталіся прастоем, каб дарабіць працу, да якой раней не даходзілі рукі?

Аляксандр Дземідзенка: Прастой – гэта слова з негатыўным адценнем. У нас прастою не было.

Уладзімір Казлоў

– ОК, назавем гэта паўзай.

Аляксандр Дземідзенка: Адпачынак. Гэта пераасэнсаванне дзейнасці гурта, мэты, з якой ён існуе , нашых адносін. Таму, ніяк не прастой.

– Вова, а чым ты займаўся гэтыя 8 месяцаў?

Уладзімір Казлоў: Найперш – я ажаніўся. Знайшоў шчасце і ўнутраны спакой.

– Дзе твой вялікі праваслаўны крыж?

Уладзімір Казлоў: Усё тут, усё пры мне. Ну, і, дарэчы, працягваў пісаць музыку. Рыхтую праграму.


Уладзімір Казлоў

– То бок, тое, што напісаў за 8 месяцаў, цяпер прэзентуеш "рэліктам"?

Уладзімір Казлоў: Не, Re1ikt гэта ўвогуле не будзе тычыцца. Зусім іншая музыка. Гэта тычыцца толькі мяне. А што да Re1ikt… Я толькі на першай пасля вяртання рэпетыцыі зразумеў: ага, я ў гурце ўжо сем гадоў… А сем гадоў – гэта той тэрмін, за які чалавек цалкам змяняецца! Змяняецца і светапогляд і ўнутраныя органы. Працягваць супрацоўніцтва з гуртом і заставацца тым жа самым было папросту немагчыма! Таму і адбыўся перапынак. Хаця, лепш назваць гэта разрывам. Якім я, дарэчы, вельмі задаволены. Я за гэты час шмат з пазіцыі гледача глядзеў на Re1ikt…

– Як у анекдоце пра басіста, які перад выступам знік, а пасля прыходзіць і кажа: "Я з залы вас паслухаў, хлопцы, ну і лайно вы граеце без басухі!"

Уладзімір Казлоў: Ну, не зусім так. Але асабіста для сябе я высновы зрабіў, і магу вярнуцца да працы.

– Ну, калі ўжо ты вярнуўся, дык можна крыху распавесці пра тое, як ты сыходзіў. Ці быў скандал, высвятленне адносінаў, пабітыя кубкі?

Аляксандр Дземідзенка: Можам цяпер, пост-фактум, у студыі "Еўрарадыё" асабіста для цябе пару кубкаў разбіць! А ўвогуле, мы ж дарослыя людзі і прыстойныя. Якія скандалы! Усё было чынна.

– А вакаліста, які апошнім часам замяняў Вову, давялося пакрыўдзіць?

Аляксандр Дземідзенка: Ну што ты! З Сержуком адразу была такая дамова, што ён нам часова дапамагае. Таму выганяць нікога не давялося.

– То бок, вы загадзя дамовіліся, што Вова праз нейкі час вернецца?

Аляксандр Дземідзенка: Мы запрасілі Сержука ў гурт, але ён адразу кажа: "Мне з вамі падабаецца, але ў мяне ёсць свае праекты, Vuraj і Fraterz, і яны застануцца асноўнымі". Гэта ўсіх задаволіла.

– А колькі разоў на тыдзень рэпетуеце?

Уладзімір Казлоў: Амаль штодня.

Аляксандр Дземідзенка: Для нас падрыхтоўка музыкі – вельмі адказная справа. Тут рабіць лухты нельга. Якасны прадукт мусіць быць на кожным узроўні.

– Ты ж разумееш, што ўсё роўна вас будуць любіць, нават калі вы нешта і не дагледзіце.

Аляксандр Дземідзенка: Усё складаецца з дробязяў. Калі б мы дробязі не ўлічвалі, вы б, напэўна, не бачылі таго Re1ikt’а, які ёсць. Вось уяві сабе сейф, толькі каб адчыніць яго, трэба дакладна павярнуць не адну, а дзвесце ручак. І калі ты 199 дакладна паставіш, а на апошняй на пару міліметраў прамажаш, сейф не адчыніцца!


Аляксандр Дземідзенка

– Я так разумею, з мінулага кастрычніка, калі выйшаў альбом "Рэкі прабілі лёд", вы новых песень так і не рыхтавалі. Дык што, новы альбом пачынаецца з нуля?

Аляксандр Дземідзенка: Ва ўсіх музыкаў ёсць ідэі. Мы заўжды абмяркоўваем, што будзем далей рабіць. Ну і, да таго ж, рэпетыцыі праходзяць, мы робім напрацоўкі, спрабуем, эксперыментуем. І робім маркеры.

– Але песні-та ўсё роўна давядзецца пісаць з нуля! Значыць, новы альбом будзе не хутка.

Аляксандр Дземідзенка: Слухай, песні – гэта не праблема. Ёсць такі выраз: "Гаршчэчак, вары!" Дык вось, гэта пра мяне і, увогуле, пра ўсіх нас, як пра творчых адзінак. Калі я кажу сабе, што трэба пісаць песні, я сядаю і пішу. Але мы пішам толькі тады, калі адчуваем патрэбу. Пэўную музычную справу зрабілі – час пачынаць новую! Бо добра ведаем, што калі песень будзе зашмат, частка згубіцца. І іх будзе шкада.

– Вова, што ў цябе змянілася апошнім часам, калі казаць менавіта пра песні, пра падыход да тэкстаў?

Уладзімір Казлоў: Найперш, досведу прыбавілася. Я добра цяпер разумею канцэпцыю гурта Re1ikt: мы граем тое, што з сябе прадстаўляем! І я добра прадстаўляю сябе сабе. Мы з жонкай збіраемся будаваць дом у вёсцы. Ну, і крышачку прачыню дзверы: Re1ikt будзе рухацца ў напрамку існасці, адзінства з прыродай. Для мяне песні – рэтрансляцыя пажаданняў, жыццёвых намераў, энергіі ў музыку. Для мяне ўсё проста.

– Калісьці пра гурт Radiohead была такая показка. Фанаты спрабавалі здагадацца, на якую песню з альбома "OK Computer" будзе падобны альбом "Kid A". У выніку, ён быццам бы апынуўся падобны на "Fitter Happier" – дзвюххвілінную мяшанку з гукаў. І я так разумею твой адказ, што наступны альбом Re1ikt будзе падобны на "Ой рана на Івана".

Уладзімір Казлоў: Думаю, што не. Трэк "Ой рана на Івана" – гэта наша першая спроба, першае знаёмства з беларускім фолкавым матэрыялам. "Ой рана на Івана" – гэта надта проста.

Аляксандр Дземідзенка: Шмат хто нават кажа, што мы зрабілі кавер на "Песняроў".

Уладзімір Казлоў: А хочацца глыбей капнуць. І, з іншага боку, не хочацца звязваць сябе з прыстаўкай "фолк". Ні ў якім разе мы ў гэтай стылістыцы не апынёмся. Будзем шукаць, будзем рухацца. Працягваць падарожжа.

– Значыць, больш падабаюцца рок-балады на дзесяць хвілін?

Уладзімір Казлоў: Не, працягваць развіццё ў рэчышчы рок-балад – таксама не варыянт. Мы паважаем лаканічнасць. А вось гэтыя нашы кампазіцыі [з альбома "Рэкі прабілі лёд". – Еўрарадыё] я зацягнутымі не лічу. Гэта падарожжа. Праехалі праз гушчар, выехалі на прастор…

– Не шкадуеш, што Re1ikt цалкам перайшоў на беларускую мову? Я ведаю, што ты беларускую вельмі паважаеш, але пісаць на рускай, відаць, было б прасцей?

Уладзімір Казлоў: Усе мы ведаем, дзе жывем. Амаль усе навокал, за выняткам нешматлікіх людзей, размаўляюць па-руску. І мне прасцей думаць і рабіць сумленна, размаўляючы па-руску. Але, ведаеш, беларуская мова – гэта глыбей, напрыклад, за тое, што сфарміравалася ў Савецкім Саюзе. Гэта мова вёскі Шацілкі Светлагорскага раёна.

Аляксандр Дземідзенка: Таемная зброя дзядоў!

Уладзімір Казлоў: Хачу, каб была беларуская мова ў гурце Re1ikt. Дарэчы, гэта не цяжка, гэта цікава. Як развіваць у сабе новыя якасці.

Аляксандр Дземідзенка: Рускую мову ёсць каму развіваць. А беларускую… Ну хто, калі не мы? Мы ўжо ў тым узросце, калі тое, што адбываецца навокал, залежыць таксама і ад нас. Нашая генерацыя, мы уплываем на тое, што адбываецца, і адказваем за гэта. Гэта ўсё ўжо і на нашым сумленні таксама.

Тэкст: Павел Свярдлоў, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё"

Re1ikt

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net