У мінулую суботу менскі R-club падвергнуўся штурму з боку радыкальна-настроеных маладых людзей, частка зь якіх мела ярка-выяўленыя прыкметы панк-руху) А менавіта: рознакаляровыя іракезы на галовах ды касухі на заклёпках. Яшчэ б, у сталіцу завіталі музычныя хуліганы з Берасьця "Дай Дарогу"!
Ці то Юра Стыльскі з хлопцамі ня песьцяць менскую публіку сваім зьяўленьнем, ці то сам горад-герой не адрозьніваецца гасьціннасьцю, аднак перад клюбам у гэты вечар сабралася рэкордная колькасьць народу. Па самых прыблізных ацэнках больш за тысячу. Праход у клюб нагадваў штурм Петраградзкага "Зімовага палацу" ў 1917 годзе. Частка фанатаў прабіраліся бліжэй да ўваходу верхам праз мэталічныя брамы. Ім бы яшчэ цяльняшкі і бесказыркі — дык хоць кіно здымай!)
Пачатак канцэрту абазначаўся ў 19.00, а дзьверы былі ўсё яшчэ зачыненыя. Таму дружны роў "Дай дарогу!" ў сотні глотак прагрымеў даволі сымбалічна і нарэшце абудзіў ахову. Дзьверы клюба пачалі невялікімі партыямі паглынаць наведвальнікаў. На зыходзе 30-й хвіліны супрацьстаяньня зь дзьвярыма я быў літаральна занесены ў памяшканьне. Аднаго погляду ў бок гардэроба хапіла, каб зразумець, што альбо яшчэ паўгадзіны ў безнадзейнай чарзе альбо парыцца ў куртцы. Пайшоў прабівацца ў залю. Народ там акупаваў усе магчымыя і немагчымыя раўнінныя ўчасткі і ўзвышшы. Вольныя месцы засталіся хіба што на столі ды ў грымёрцы.


На разагрэве быў калектыў пад назвай "ЖЗЛ" ("Жизнь замечательных людей"). Хаця куды ж ужо далей грэць і без таго разгарачаную прыгодамі з праходкаю ды іншымі моладзевымі барбітуратамі публіку. У адрозьненьні ад звычайных гуртоў на разагрэве, ЖЗЛ як мінімум слухаць, а галоўнае глядзець было цікава.
Хлопцы граюць разам менш за год, і па іх словах гэта ўсяго пяты ці шосты выступ, аднак выдаюць выдатнае фрык-шоў. Можа быць таму, што "…нам падабаецца і хочацца разам граць…. Нас прэ!" З задавальненьнем як-небудзь пагляджу на чувака у пампэрсе і апантанага фатографа яшчэ раз.


Вось чым мне падабаюцца "Дай Дарогу", дык гэта апэратыўным выхадам на сцэну. Выйшлі, падключыліся, мінімальна наладзіліся і пагналі "Мой рок-н-ролл это не секс, это не порно". Народ зароў ад захапленьня. Дачакаліся. Напаўняльнасьць залі дасягнула сваёй крытычнай адзнакі. Стваралася ўражаньне, што гэта адзін вялікі слэм, заставацца пабочным назіральнікам у якім было даволі цяжка. Ну я дык добра, а вось Юрку Сідуну давялося не салодка. Цяжкая праца фотакора)


Тым часам са сцэны вяшчаў Юра Стыльски: "Я ўпэўнены, што кожны з нас ляжаў у нейкай палаце!" Таго, што для самога Стыльскага нумар гэтай палаты 5, падобна, ня ведалі толькі ахоўнікі і бармэн. Аднак і тыя пры дапамозе ДД і публікі пасьпяхова гэты матэрыял засвоілі, і, падобна, сталі падшукваць сабе месца па суседзтву. Пачалося сапраўднае рок-вар’яцтва. Такога шматлікага гурта ДД я ня бачыў ніколі. Кожны прысутны мог адчуць сябе паўнавартасным удзельнікам калектыву. Бэк-вакал атрымліваўся хвацкі.


Са сцэны гучалі знакамітыя гіты "33 медали, открывайте двери департамент ФБР, по синему…". А тым часам, на руках прысутных туды-сюды праплывалі захопленыя хлопцы і дзяўчаты. "Так, мы не Рамштайн. У нас няма гумовай лодкі. Але, мабыць, хутка давядзецца набыць… ", — панаракаў Стыльскі і "падрыхтаваў фанэру да агляду".


Шчасьлівыя і задаволеныя грамадзяне ўсіх масьцей пакідалі R-club. Усе эмоцыі засталіся там, унутры. Там, у гэтай замкнёнай прасторы, было адчуваньне нейкай свабоды, ракенрольнага сьвята. А звонку… А што звонку? Звонку ўсіх зноў сустракаў "ментобеспредел". Забароны вялікія і маленькія, пачынаючы ад "ніззя слухаць такую музыку" і сканчаючы "а хрэн вам кветкі пакласьці да помніка!" А ў мяне, у сваю чаргу, узмацнілася упэўненасьць, што хутка такіх міні-доз свабоды і сьвята стане недастаткова. І хто ведае, можа жалезныя брамы R-club зьменяцца якімі-небудзь іншымі?
Тэкст: Павал Чэк Калодкін
Фота: Юры Сідун
Generation.by