Праект Life On Marx, лідарам і адзіным удзельнікам якога з'яўляецца былы гітарыст рок-гуртоў Clover Club і Zombie Zoo Дзмітрый Кацяшоў, выдаў дэбютны альбом "Hypnos". Гэтым разам музыка спрабуе свае сілы зусім у іншым кірунку: альтэрнатыўны поп, індзітроніка, электроніка, электра-поп.
Першым адметным гуртом Дзмітрыя Кацяшова быў Zombie Zoo. Потым настала чарга Clover Club, які дзякуючы яскраваму альбому "Random Mood Jukebox" (2012) атрымаў узнагароды Experty.by ("Лепшы дэбютны альбом"), Rock Profi ("Дэбют года"), Ultra-Music ("Выбар рэдакцыі"). Але моцнага працягу не атрымалася і музыкі вырашылі зачыніць праект.
Сёлета музыка "свядома пайшоў у даўншыфтынг, каб прысвяціць сябе музыцы". Дэбютны альбом life on marx ствараўся ў хатняй студыі і, часцей за ўсё, па начах. "Пакуль астатнія спяць, я нешта раблю. Таму і сустракаюся з богам сну", – тлумачыць музыка назву альбома – "Hypnos".
За ўсю музыку і звядзенне ён адказваў сам. Адзіным special guest на альбоме Дзіма называе Менск: хлопец хадзіў па горадзе і запісваў яго на дыктафон. Атрымаўся, кажа аўтар, "вельмі менскі альбом". Дзіма шмат натхняўся жыццём горада і знаходзіў у ім сюжэты, якія адлюстраваліся ў песнях.
"Гэты альбом не проста мая першая сольная праца, для мяне гэта быў сеанс саматэрапіі, – распавядае Кацяшоў. – Барон Мюнхгаўзен за валасы выцягнуў сябе з твані. Я выцягнуў сябе гэтым альбомам. Ён дапамог мне выйсці з вельмі змрочнага стану: тады не было нічога, а зараз я з галавой сышоў у музыку. Я нібы паляцеў у космас, прайшоў вялізны шлях за паўгода. Зараз я шчаслівы".
Спампаваць альбом можна на сайце лэйбла "Пяршак".
Тэкст: Experty.by паводле інфармацыі 34mag
Комментарии
Всё, конечно, современно, но
Всё, конечно, современно, но выполнено вяло и плоско. Существует множество подобных проектов с более интересной музыкой