Эксперыментальны гурт "Грёзы Пафнутия" (ён жа Pafnutiy's Dreams), пераможца ўзнагарод Experty.by 2014 у трох намінацыях, выдаў новы альбом "Сутра подсолнуха". Гэта канцэптуальная праца пра смерць як сэнс жыцця і яе лёгкія, але нястомныя дотыкі да паўсядзённасці.
– Тэма альбома – смерць, але не змрочнасць, якая традыцыйна звязаная з ёй, а нешта іншае: тое, з чым мы пастаянна жывем, – распавёў лідэр гурта Павел Кузюковіч у інтэрв'ю 34mag.net. – Ува мне страх перад смерцю пасяліўся ў 5-6 гадоў. Тады я зразумеў, што мая мама можа памерці. Я не мог дапусціць да шасці наогул такой думкі. Гэтае адчуванне засталося на ўсё жыццё. Я сталеў, паміралі мае аднагодкі, паміралі сябры, сваякі – з узростам гэты працэс толькі набірае абароты. Я жыву за горадам. Сядзіш сабе ў холадзе адзiн, сувязі з рэальнасцю няма – тады трапляеш на гэтую тэму і разумееш, што паэты таксама яе адчуваюць і перадаюць праз мастацтва, нягледзячы на розныя эпохі, мовы і культуры.
На плытцы голасам выканаўцаў пяюць і гавораць класікі слова Антоніа Мачада, Эдгар Алан По, Тумас Транстромер, Карл Сэндберг, Ален Гінзберг і Луіс Сернуда. Музыка – гэта арганічныя перакрыжаванні футурыстычнай электронікі з авангарднай класікай і басовым, атмасферным дабам. Цэльная праца не толькі каб залагодзіць сваё эстэтычнае вуха, але і зазірнуць углыб сваёй светабудовы.
– Тэксты прыйшлі неяк падчас запісу. У мяне былі вобразы, карцінкі… Палову альбома мы запісалі ўдваіх з ударнікам Ромам Цябутам за тры гадзіны. Ён граў адной рукой на клавішах, другой – на ўстаноўцы. Я стаяў на другім паверсе, чуў яго ў навушніках і чытаў. Мы не ведалі пачатку, канца, развіцця – нічога, лавілі адзін аднаго, адчувалі, а потым нічога не перапісвалі. Калі я пачуў, як атрымалася, узрадаваўся і кажу: "Давай так выпусцім!" Ён: "Ты што, звар'яцеў? Там жа лухта!" Потым Рома мяне пераканаў, што трэба неяк хоць палітру разнастаіць, – кажа Павел Кузюковіч.
Па выніках 2013 года дыск "The Sandman" гурта Pafnutiy's Dreams перамог у намінацыях "Лепшы дэбютны альбом", "Прыз вялікага журы", "Прыз штатных экспертаў". Музыкі плануюць выпуск вінілу з новым дыскам "Сутра подсолнуха" на дзвюх мовах: рускай і мове арыгіналу (ангельскай, шведскай і іспанскай).
Спампаваць альбом на сайце "Пяршак".
Тэкст: Experty.by