О проекте

Kosmodromm: "У нашай музыцы прыхаваны пазітыў высокага ўзроўню" (+фота)

 

Лідар праекту Kosmodromm патлумачыў, чаму сінт-поп зручны для перадачы трагічнай тэмы, адкрыў сакрэты наступнага дыску і пафантазіраваў наконт будучых выступаў. Дэбютны альбом гурта заняў другое месца на ўзнагародах Experty.by па выніках 2011 у намінацыі "Прыз замежных экспертаў".

ПРА МУЗЫЧНУЮ АДУКАЦЫЮ

– Ходзяць чуткі, што вы, Максім, маеце кансерваторскую музычную адукацыю і нават спяваеце ў оперным тэатры…

– Не! Я не ведаю, адкуль узяліся гэтыя чуткі: класічную адукацыю я атрымоўваю толькі зараз – гэта мая другая вышэйшая адукацыя і яна датычыцца менавіта музыкі. Я атрымоўваю яе ў Англіі завочна. Вось так. А ў кансерваторыі я не вучыўся. Мне ўвогуле не вельмі падабаецца наш падыход да вышэйшай адукацыі, асабліва што тычыцца творчых спецыяльнасцяў.

– А што вы вывучаеце ў Англіі?

– Вывучаю менавіта тэорыю і гісторыю музыкі і кампазіцыю. Там падыход да адукацыі ўвогуле іншы, таму што яны не ставяць за мэту зрабіць з цябе спецыяліста, які будзе ў вузкім сэнсе працаваць у нейкай галіне, якая ўжо вызначана. Увогуле ў адукацыі англійскага кшталту няма такога, што ёсць нейкая, напрыклад, спецыяльнасць па дыплому. Закончыўшы гэты курс, можна ўвогуле не звязвацца з музыкай, сказаўшы, што ўсё ўжо напісана да мяне. Розніца менавіта ў гэтым – няма размеркавання.

ПРА ТОЕ, ЧАМУ СІНТ-ПОП, І ПРА БАХА

– У нашай краіне музыкі з адукацыяй у большасці асядаюць у аркестрах, музычных школках ці кавер-бэндах. Вы ж абралі незвычайны шлях – заняліся сінт-попам. Чым вас прывабіла яго эстэтыка?

– Сінт-поп у маёй творчасці будзе датычыцца менавіта першага дыску. "Будет лаковый дождь" зроблены ў сінт-поп стылістыцы адмыслова: гэта ілюстрацыя музыкі 1980-х. Такая была задума – зрабіць стылізацыю. А дыск, які мы робім зараз, адыходзіць ад стылістыкі сінт-попу. Ён таксама будзе электронным, але ў больш сучасным сэнсе… Вядома, што падыход да электроннай музыкі тычыцца не толькі гучання, але і канструявання гэтай музыкі, працы з апрацоўкай гуку… Увогуле падыходы да напісання музыкі могуць быць вельмі рознымі. Ды электронная музыка і з’явілася як канструяванне. Напрыклад, у даваенны і пасляваенны час перад кампазітарамі стаяла задача адмыслова адысці ад традыцый класічнай музыкі. Тагачасныя аўтары аналізавалі тое, што рабілася ў класічнай музыцы, бралі іншыя інструменты і выкарыстоўвалі іншыя падыходы да стварэння музыкі. Пачыналі нават не з партытур, як у варыянце з класічнай музыкай, а адразу ў студыі, нават не ўяўляючы, што атрымаецца ў выніку.

– У такім выпадку пачынальнікам электроннай музыкі быў Бах – яшчэ той канструктар!

– Так! У Баха вельмі шмат менавіта канструявання ў музыцы, такога матэматычнага падыходу. У вельмі цікавага сучаснага філосафа Дагласа Хафштадтэра ёсць кніга "Гёдэль, Эшэр, Бах – гэтая бясконцая гірлянда". Бах – кампазітар, Эшэр – гравёр, які малюе матэматычныя гравюры, а Гёдэль – вядомы сучасны матэматык. І вось Хафштадтэр праводзіць такую паралель, што ўсё, што робяць гэтыя тры творцы, – гэта адно і тое ж, і ўсё, што яны робяць, мае адну структуру.

– Ці дапамагае музычная адукацыя ў стварэнні электронных кампазіцый?

– Натуральна! Таму што музычная адукацыя, на мой погляд, перш за ўсё грунтуецца на сур’ёзным аналізе, то бок, калі ты робіш ужо свядома тое, што рабілі да цябе ў гэтым накірунку. І калі з дапамогай адукацыі ты аналізуеш пэўны досвед, то свае кампазіцыі рабіць прасцей.

– А вы аналізавалі беларускую і сусветную сінт-поп сцэны, калі сталі на шлях першага альбому?

– Прадстаўнікоў сусветнага сінт-попу я слухаў даволі шмат, але, хіба, слухаў крыху збоку. Тут цікава, як нейкія рэчы рабілі да цябе, які быў падыход у свой час да музыкі. Нам быў нават больш цікавы пачатак 1980- х, чым развіты сінт-поп канца 1990-х. Вядома, мы аналізавалі гэтыя кампазіцыі. Вось і Зміцер, з якім мы робім музыку разам у праекце Kosmodromm, ён таксама аналізаваў саўнд і падыход да гуку, які быў у тыя часы, – ён больш адказны за фінальнае гучанне твора.

– А што наконт таго, што "ўвесь шарм сінт-попу ў дылетантызме і спробе яго пераадолення"?

– Мабыць, у нас таксама хапае дылетантызму ў гэтым сэнсе ў музыцы, таму што мы не лезлі ў бок складаных гармоній ці нават складаных падыходаў да аранжыровак, як, напрыклад, у Бенжаміна Брытана, калі песня адначасовы гучыць у дзвюх танальнасцях: калі акампанемент грае нешта сваё, а спявак спявае сваё ў іншай танальнасці. Ну, гэта такая больш кампазітарская, складаная праца. Таму мы ў нейкім сэнсе ўсё рабілі ў дылетанскім парыве.

ПРА АЛЬБОМЫ – БУДУЧЫ І МІНУЛЫ

– Ці застанецца сінт-поп у другім альбоме, які вы зараз актыўна рыхтуеце да выдання? Як увогуле вы вызначаеце свой стыль?

– Ну, хутчэй гэта электронная музыка ў шырокім сэнсе, якая ўключае ў сябе, мабыць, усё, што было зроблена ў гэтым кірунку да нас.

– Сінт-поп – дастаткова халодны стыль, хоць, у прынцыпе і Depeshe Mode, і Camouflage – папулярныя прадстаўнікі стылю – умеюць пісаць вельмі пяшчотныя і цёплыя песні… Чаму ў першым альбоме Kosmodromm вы звярнуліся да нямоднай і недзе забытай чарнобыльскай тэмы?

– Калі гаварыць пра этапы стварэння альбома, усё пачалося не з сінт-попу, а менавіта з тэмы. Тэма была для мяне заўсёды цікавая. Гэты альбом можна назваць пераасэнсаваннем трагедыі. А сінт-поп быў другасным у гэтай працы. Дзякуючы яму мы паспрабавалі перадаць атмасферу тых часоў, калі здарыўся Чарнобыль.

– А што вы хацелі сказаць гэтым альбомам?

– Мабыць, нельга адназначна сказаць, што менавіта. Гэта крыху рэтраспектыўнае бачанне, да якога далучаюцца ўспаміны дзяцінства, музыка тагачасных радыёкропах – менавіта сінт-поп. І з такіх аскепкаў склалася адзінае цэлае. А ўжо кожны чуе ў музыцы нешта сваё. То бок, на пошту нашага праекту часта прыходзяць лісты ад слухачоў. І цікава назіраць за тым, што кожны бачыць у гэтай музыцы – вельмі розныя трактоўкі і версіі зместу дыску. Ён для гэтага і ствараўся, каб пачуць гэтыя версіі.

– А хто ваш слухач? На каго разлічана ваша музыка?

– Часцей за ўсё гэта маладыя людзі, якія любяць чытаць кніжкі рознага кшталту, а таксама тыя, хто цікавіцца сучаснай музыкай.

– Зараз вы рыхтуеце наступную пласцінку, яшчэ больш драматычную па сваёй сутнасці. Што мусіць зразумець яе слухач? Пра што будзе яна?

– Пласцінка будзе пра віртуальную рэальнасць – таксама вельмі цікавая тэма, якая ўзята з фантастычнай літаратуры, утопіяў, дзе людзі жывуць у сканструяваным свеце. У выпадку нашага дыску гэты свет сканструяваны з лічбавых прыстасаванняў. Дыск, як і першы, таксама будзе драматычным… Што мае зразумець слухач? Тут таксама цяжка даць адназначны адказ… Людзі мусяць зразумець, што могуць быць розныя падыходы да аналізу навакольнага свету. А навакольны свет можна трактаваць і з такой пазіцыі, якая будзе прадстаўлена ў нашым другім дыску.

– Прынамсі, ваш першы альбом вызначаецца атмасфернасцю і змрачнаватасцю. Чаму Kosmodromm схіляецца ў бок змрочнасці? Беларусам жа так не хапае пазітыву!

– Насамрэч тут ёсць пазітыў, але ён прыхаваны. І ў першым, і ў другім дысках мы будуем форму, што заўсёды пасля музычнай фінальнай кропкі ўсё роўна ёсць адчуванне, што ўсё будзе добра. Мабыць, гэта пазітыў больш высокага ўзроўню…

– Класічнае святло напрыканцы тунэля…

– Так. Гэта не калі ўсе бегаюць з усмешкамі і крычаць: "Усё будзе добра!" – гэта нейкі страшэнны пазітыў, часам падаецца. У нас пазітыў такога кшталту, калі чалавек разумее, што адбываецца кепскага і што на гэта можна паглядзець з розных бакоў, ён нават узброены гэтымі ведамі, але ў выніку ён ведае, што ўсё будзе добра. Падаецца, гэта больш трывала гучыць, чым проста пазітыў ад няведання таго, што адбываецца насамрэч.

БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ ФАКТУРА…

– Вядома, што наступны альбом будзе беларускамоўным…

– Так. Ячшэ з часоў школы я пісаў вершы на дзвюх мовах – і па-беларуску, і па-руску. І мне гэта было аднолькава цікава. Але цікава яшчэ зрабіць дыск менавіта на беларускай фактуры, мабыць, таму што да нас не рабілі такога дыску менавіта па-беларуску…

– Так, апошнім часам беларусы спалучаюць электроніку з фолькам…

– Я акурат хацеў пра гэта сказаць. Мне вельмі не падабаецца, што беларуская мова ў электроннай музыцы ўжываецца ў фольк-ключы – гэта вельмі вузкая сцяжынка. Таму нам закарцела зрабіць сучасны дыск, які таксама будзе па-беларуску. Гэта цікавы шлях таксама і развіцця мовы, не толькі музыкі.

КНІГА САСНОЎСКАГА І БУДУЧЫЯ ВЫСТУПЫ З "КНЯЗЕМ МЫШКИНЫМ"

– Вы назіраеце за працэсамі, якія адбываюцца ў беларускай музыцы?

– Шчыра кажучы, не вельмі. Канешне, я ведаю найлепшыя альбомы мінулага года і іх аўтараў дзякуючы сайту Experty.by. Гэта збольшага цікавыя калектывы, але я не часта слухаю гэтую музыку – шмат чаго слухаць даводзіцца па вучэбнай праграме, таму нестае часу. Лідар "Старога Ольсы" Зміцер Сасноўскі выдаў дзве кнігі пра класічную беларускую музыку. Адна кранае перыяд з архаікі да XVIII стагоддзя, а другі том, які нядаўна быў прэзентаваны, тычыцца часоў з XVIII стагоддзя да сучаснасці. Мне было цікава пачытаць – я шмат чаго не ведаў. Мабыць, беларуская музыка, хутчэй за ўсё, мяне цікавіць менавіта ў гэтым сэнсе.

– Ці канцэртуе Kosmodromm?

– Зараз – не, таму што мы адразу спазіцыянавалі сябе як студыйны праект. Я пакуль не вельмі ўяўляю, у якім фармаце маглі б праходзіць нашы канцэрты. Магчыма, як адмысловыя нейкія перфомансы – у адным канцэрце, напрыклад, з "Князем Мышкиным". Таму што я не ведаю, як бы мы ўпісаліся ў вечарынкі, прысвечаныя творчасці Depeche Mode, бо граем музыку крыху іншага кшталту. На Depeshe Mode -вечарынкі людзі прыходзяць больш адпачыць і не чакаюць песень гурту перыяду "Music For The Masses" са змрочнымі мелодыямі – мне цікавы гэты перыяд у творчасці гурта. А на вечарынках яны чакаюць "Enjoy The Silence" і астатнія хіты – мне такая трактоўка Depeshe Mode не блізкая.

– А ці будзе цікавай ваша музыка замежнікам?

– Не ведаю. Хаця беларускамоўная фактура – яна цікавая для краін-суседзяў, але як гэта адаб’ецца ў выніку – казаць цяжка. Мы не азіраемся на пэўных слухачоў – каб трапіць у слухача, мы робім тое, што нам цікава, а калі наша музыка знаходзіць слухачоў – гэта добра.

– Ніякай камерцыі!

– Дакладна. Камерцыйных мэтаў пры стварэнні праекту мы не ставілі.

Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё", www.kosmodromm.com

Kosmodromm

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

 
 
Developed by Lynxlab.net