О проекте

Культавы беларускі гурт Rouble Zone уз’яднаецца і сыграе канцэрт у Мінску (+відэа)

 

8 сакавіка ў мінскім клубе "Coyote" адбудзецца ўз'яднальны канцэрт культавага беларускага гурта Rouble Zone. Гэта будзе першы выступ калектыву на Радзіме за апошнія 14 гадоў. Гурт збярэцца амаль у "залатым" складзе. Толькі бубнача заменіць малады музыка Павал Бонга. Як распавёў "Еўрарадыё" лідар гурта Алег Мінакоў, вядомы па мянушцы Джагер, гэты канцэрт стане першым крокам да запісу новага падвойнага альбома.

Алег Мінакоў: "У мяне ёсць план выдаць падвойны альбом, і ў "вініле" таксама, каб была адна пласцінка электрычная, а друга акустычная. Адну зрабіць у стылі "раблзонаўскім" толькі больш мадэрнова, а другую бліжэй да джаза. Я жадаю адраджэння Rouble Zone, бо тыя думкі, якія я б хацеў ажыццявіць на наступным дыску, я, як музыка, сам проста не здолею "злабаць".

Алег дадаў, што зараз і з беларускага, і з бельгійскага боку ёсць людзі, зацікаўленыя ў выданні альбома. І калі мінскі выступ пакажа, што Rouble Zone рэальна здольны сабрацца і працаваць, то на гэта будуць і грошы. Тым больш, што планы на запіс у "Джагера" унашальныя.

Алег Мінакоў: "У мяне такая звычка, калі што-небудзь выпускаць, то гэта мусіць быць моцна, падзея нейкая мусіць быць. Няма жадання рабіць абы як, з малым бюджэтам. Увогуле ў мяне план такі: кіламетраў сто ад месца, дзе я жыву (у Бельгіі – ЕРБ), знаходзіцца студыя Abbey Road. Я хачу гэты альбом пісаць там. Таму, калі гэты рэюніян пройдзе добра, то, магчыма, будуць выдаткаваныя грошы на ажыццяўленне гэтай ідэі".


Першае з'яўленне RoubleZone на БТ.

На канцэрце ў Мінску, магчыма, будуць выступаць сябры музыкі, гурт "Жнюв", але гэта пакуль недакладна. Алег прызнаўся, што з задавальненнем запрасіў бы на рэюніян усіх "генералаў айчыннага року", з якімі калісьці сябраваў Rouble Zone, але на дадзены момант ён нават не ўяўляе, чым жыве Беларусь і тым больш музыкі. Нагадаем, што 14 гадоў таму Алег Мінакоў з'ехаў жыць у Бельгію, дзе шмат канцэртуе сольна і піша песні для іншых выканаўцаў. Дарэчы, у Мінск Алег вяртацца не збіраецца, і нават не задумваўся пра гэта.

Алег Мінакоў: "У мяне ў Бельгіі столькі праектаў і столькі спраў, што гэта зусім іншае жыццё. Калі параўноўваць шоў-бізнэс у Беларусі і тут, то тут ён у мяне вельмі дакладны, ён вельмі добра працуе. Я тут не магу спыніць нічога. У мяне ёсць кантракты, якія мяне звязваюць, а таму нават думкі такой ніколі не было".

Цікава, што апошні канцэрт Rouble Zone адбыўся таксама 8 сакавіка, толькі ў 1997 годзе, у хуткім часе пасля чаго Алег "Джагер" з'ехаў за мяжу.

Алег Мінакоў: "Апошні канцэрт быў. Так! 8-га сакавіка быў нейкі карпаратыўны канцэрт у нейкім клубе. Там была ўся бізнэс-тусоўка, усялякія людзі з тэлебачання, памятаю быў Ягор Хрусталёў. Я з'ехаў з Беларусі 18-га сакавіка, праз 10 дзён пасля гэтага канцэрта. Я яго добра памятаю, было неяк вельмі сумна і няўтульна".

Нагадаем, што гурт Rouble Zone з'явіўся ў сярэдзіне 90-х гадоў і меў сур'ёзны поспех на беларускай рок-сцэне. Алег Мінакоў ніколі не здымаў капялюш і цёмныя акуляры, спяваў выключна на англійскай мове голасам падобным на Джо Кокера, а жэстыкуляваў як Мік Джагер. Rouble Zone бясконца круцілі па БТ. У 1996 годзе гурт атрымаў на "Рок-каранацыі" тры "Рок-кароны", у тым ліку і галоўную. Да гэтага часу песні Rouble Zone, запісаныя яшчэ 14 гадоў таму, рэгулярна гучаць у эфірах беларускіх радыёстанцый.

Тэкст: Ілля Маліноўскі, "Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

 
 
Developed by Lynxlab.net